Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 сакавіка 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Барысаў

Сёньня барысаўская партарганізацыя БСДП «Народная Грамада» прыняла адмысловую заяву адносна ўчорашняга затрыманьня мясцовай міліцыяй сябра ініцыятыўнай групы збору подпісаў грамадзянаў дзеля вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты Міхаіла Чыгіра 26-гадовага сацыял-дэмакрата Зьміцера Абрамовіча.

Учора два барысаўскія сацыял-дэмакраты --кіраўнік філіі БСДП «Народная Грамада» Аляксандар Абрамовіч і ягоны брат Зьміцер ад раніцы зьбіралі подпісы сваіх землякоў дзеля вылучэньня Міхаіла Чыгіра кандыдатам у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь. Празь некаторы час Аляксандар спыніў гэтую працу і зь нейкіх прычынаў пакінуў свайго брата аднаго, а Зьміцер завітаў у шматпавярховы дом нумар 28, што на вуліцы Заводзкай, дзе яго чакалі амаль дэтэктыўныя прыгоды.

Расказвае Зьміцер Абрамовіч:

(Абрамовіч:) «У доме нумар 28 на вуліцы Заводзкай я быў затрыманы ў хаце самога падпалкоўніка міліцыі Дораша Аляксандра Дзьмітрыевіча».

(Мікалайчанка:) А Вы ня ведалі, што менавіта ў гэтай хаце знаходзіцца падпалкоўнік міліцыі?

(Абрамовіч:) «Іх вельмі многа разьвялося апошнім часам, і вельмі шмат у кожным раёне і маёраў і падпалкоўнікаў».

(Мікалайчанка:) Ён быў фізычна мацнейшы за Вас і Вы ня здолелі вырвацца?

(Абрамовіч:) «Я яго, ведаеце, мог на горкі яблык зьбіць у гэтым пад'езьдзе, ня ў тым праблема. Рэч у тым,. што я не хачу быць прыцягнутым да адказнасьці за супраціўленьне міліцыі, бо гэта ўжо была б крымінальная справа. Пакуль я зьбіраў подпіс ад ягонай суседкі, ён надзеў форму падпалкоўніка міліцыі, і я ўжо быў пастаўлены перад фактам».

Як паведаміў Зьміцер Абрамовіч, яму тым ня менш давялося ў сьценах барысаўскага гараддзелу ўнутраных справаў заявіць міліцыянтам, што падпісныя лісты ды іншыя дакумэнты выбарчай кампаніі, якія ёсьць пры ім, ён будзе абараняць фізычна, калі некаму тут уздумаецца іх забраць.

Да бойкі справа не дайшла. Міліцыянты склалі пратакол затрыманьня, паведамілі Зьміцеру Абрамовічу пра непазьбежны неўзабаве суд над ім паводле артыкулу 167 часткі 3 адміністрацыйна-працэсуальнага кодэксу і адпусьцілі дамоў. Так што абшукаць затрыманага ахоўнікі правапарадку не наважыліся.

Учора ўвечары на маё пытаньне — чаму Зьміцер быў гатовы да апошняга бараніць падпісныя лісты, суразмоўца адказаў, што ў доме нумар 23 на вуліцы Заводзкай ён сабраў багата галасоў на карысьць Міхаіла Чыгіра. Вельмі было шкада сваёй працы.

Сёньня барысаўская філія БСДП «Народная Грамада» па факце затрыманьня Зьміцера Абрамовіча прыняла адмысловую заяву, у якой выказала пратэст супраць новай хвалі рэпрэсіяў, арганізаваных мясцовымі ўладамі ў дачыненьні да актывістаў кампаніі выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Паводле мясцовых юрыстаў, Зьміцеру Абрамовічу пагражае або штраф на 30 мільёнаў рублёў, або 10-дзённы тэрмін за кратамі міліцэйскага ізалятара, адкуль дарэчы нядаўна выйшаў ягоны старэйшы брат Аляксандар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG