Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 сакавіка 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Экс-прэм'ер Беларусі Міхаіл Чыгір назваў кампанію вяртаньня крэдытаў, абвешчаную прэзыдэнтам Лукашэнкам, вынікам суцяльнага правалу ў эканоміцы. На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі Міхаіл Чыгір заявіў таксама, што пагрозы і рэпрэсіі ўладаў супраць актывістаў ягонага выбарчага штабу ня спыняць іхнай дзейнасьці.

Міхаіл Чыгір пачаў сваю чарговую прэсавую канфэрэнцыю з таго, што нагадаў пра некаторыя лічбы, які сьведчаць пра крызыс у эканоміцы. Паводле ягоных словаў, у 1996 годзе валютныя рэзэрвы Нацыянальнага Банку Беларусі складалі каля 200 мільёнаў даляраў. Цяпер гэтых рэзэрваў няма. Акрамя таго Беларусь завінавацілася Літве й Расеі больш за 500 мільёнаў даляраў за энэрганосьбіты і электраэнэргію. З прычыны інфляцыі насельніцтва ў цэлым страціла ў заробку і пэнсіях таксама мільёны даляраў. Вось чаму, на думку Чыгіра, прэзыдэнт апошнімі днямі раскручвае кампанію, сэнс якой — спроба атрымаць хоць нейкую валюту за кошт вяртаньня крэдытаў, выдадзеных яшчэ пры Кебічы. Пры гэтым фармуецца аблічча ворага з тых дзеячоў апазыцыі, якія раней займалі высокія пасады і мелі хоць бы ўяўнае дачыненьне да фінансава-крэдытнай дзейнасьці.

Так, не пасьпеў яшчэ Міхаіл Чыгір на пачатку гэтага году паведаміць пра сваё рашэньне балятавацца на пасаду прэзыдэнта, як у Аграпрамбанку, які ён узначальваў у 1991-1994 гадох, пачалася праверка дзейнасьці менавіта за той пэрыяд. 1 сакавіка вынікі праверкі былі пададзеныя Глухоўскаму — старшыні прэзыдэнцкай камісіі ў справе праверкі вяртаньня крэдытаў рознымі суб'ектамі гаспадараньня, а празь яго — прэзыдэнту. Копію гэтага дакумэнту, дарэчы, дэманстраваў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі Чыгір.

Між іншым, гэта ўжо трэцяя гэткая праверка, скіраваная супраць Міхаіла Чыгіра. Упершыню вынікі праверкі фінансавай дзейнасьці Аграпрамбанку фігуравалі яшчэ ў славутым антыкарупцыйным дакладзе Лукашэнкі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Потым дзейнасьць Аграпрамбанку правяралася пасьля адстаўкі Чыгіра з пасады прэм'ера. І вось цяпер зноў — у сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі.

Старшыня Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі Станіслаў Багданкевіч, які таксама прымаў удзел у сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі, падкрэсьліў, што апошнія заявы ўладаў аб нібыта «незаконна атрыманых або нявернутых крэдытах» робяцца выключна з мэтай дыскрэдытацыі апазыцыі. Былы старшыня НацБанку нагадаў аб колішніх так званых «15-ці абвінавачаньнях прэзыдэнта» на ягоны адрас, якія разглядаліся пракуратурай, але ніколі не былі пацьверджаныя. У сувязі з гэтым Багданкевіч зноў паўтарыў: «Ніводзін з маіх сыноў — ні малодшы, ні сярэдні, ні старэйшы — ніводнага даляра і ніводнай капейкі крэдыту ў банках Беларусі не атрымваў».

Што датычыць наагул праблемы крэдытаў, атрыманых кім бы там ні было ў сярэдзіне 90-х гадоў — дык яны за гэты час, падкрэсьліў Багданкевіч, абясцэніліся мінімум у 35 разоў.

Адказваючы на пытаньні аб дзейнасьці перадвыбарчага штабу Міхаіла Чыгіра, ён зазначыў, што кампанія ўладаў, скіраваная спачатку на замоўчваньне тэмы прэзыдэнцкіх выбараў, а потым — на запалохваньне ды на непасрэдныя рэпрэсіі супраць Цэнтральнай Выбарчай Камісіі на чале з Ганчаром, дала некаторыя адмоўныя вынікі. У задачы групы падтрымкі кандыдатуры Чыгіра прыйшлося ўносіць пэўныя карэктывы. Паводле ягоных словаў, аднак, збор неабходных 50 альбо нават 100 тысячаў подпісаў не ўяўляе праблемы. А што да спосабаў ціску ўладаў на актывістаў групы падтрымкі і на яго асабіста, дык яны, сказаў Чыгір, носяць самы разнастайны характар.

(Чыгір:) «Некаторыя нашыя актывісты атрымваюць павесткі ў пракуратуру, і ў пракуратуры іх папярэджваюць, што могуць быць распачатыя крымінальныя справы за спробу захопу ўлады — недзе ў Бярозаўскім ці нейкім яшчэ раёне. Запрашаюць таксама ў міліцыю і выпісваюць папярэджаньні за несанкцыянаванае пашырэньне розных улётак. Я думаю, што сур'ёзных «наездаў» пакуль няма і людзі, якія атрымалі папярэджаньне, працягваюць сваю працу.

Мяне папярэджваюць вельмі часта — пра тое, што за мной прыедуць. Учора мне патэлефанавалі і сказалі: сёньня засядае Рада Бясьпекі і па табе будзе прынятае рашэньне. Я кажу, ну, як ужо няма ніякіх законаў, дык будзе прымаць рашэньне Рада Бясьпекі, і як няма пракуратуры, няма законаў, няма канстытуцыі — ну дык хай прымае Рада Бясьпекі, паглядзім, чым гэта скончыцца».

Гісторыя, на думку Міхаіла Чыгіра, усё расставіць па сваіх месцах, і тады ўсе ўбачаць, на якіх старонках гісторыі будзе, прыкладам, Віктар Ганчар, і на якіх — тыя, хто яго «ламаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG