Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 сакавіка 1999 г.


Старшыня ЦэнтарВыбарКаму Беларусі Віктар Ганчар, які ўчора быў вызвалены пасьля 10 сутак арышту з спэцразьмеркавальніку на Акрэсьціна, адказаў на пытаньні нашага карэспандэнта.

(Карманаў:) Сп. Ганчар, збольшага ўжо вядомыя абставіны Вашай 10-дзённай галадоўкі, а таксама абставіны Вашага «вызваленьня». Ваша жонка Зінаіда заявіла журналістам, што ў дачыненьні да Вас былі, магчыма, ужытыя псыхатропныя сродкі падчас суботняга вываду з галадоўкі, а таксама супраць Вас былі выкарыстаныя катаваньні. Скажыце, Віктар Іосіфавіч, у чым гэта выяўлялася?

(Ганчар:) «У суботу, пасьля 5-дзённай сухой галадоўкі пад грымучую музыку, якую ўключылі ў спэцразьмеркавальніку, уварваліся людзі ў чорных масках і зрабілі тое, што ў міліцыянтаў завецца «ластаўкай». Гэта значыць, яны закруцілі мне рукі і ногі ўгару і так званы «мэдык» (хоць у мяне не хапае ніякіх словаў цыніка зваць мэдыкам) запрапанаваў «альтэрнатыву» — я буду табе ўліваць глюкозу праз тое, куды няможна ўліваць, ці ты, як ён сказаў, дазволіш уліць у рот... Вось такім чынам яны выводзілі мяне з галадоўкі і, улічваючы, што гэта ўсё адбывалася на працягу каля 45 хвілінаў, зразумела, што мне стала пасьля такой «хуткай мэдыцынскай дапамогі» вельмі дрэнна».

(Карманаў:) Вядома, што ў мінулую суботу сп-ня Ганчар зьвярнулася ў Маскоўскую пракуратуру Менску з просьбай распачаць крымінальную справу паводле фактаў зьдзеку над Вамі. Ці зьбіраецеся Вы даваць гэтай крымінальнай справе хаду?

(Ганчар:) «Як можна зьвяртацца да ката з просьбай аб нейкай дапамозе? Зразумела, што для мяне пастаноўка пытаньня аб нейкіх зьвяртаньні да гэтых людзей здаецца проста дзіўнай. Гэта проста ніжэй за мой гонар, таму, зразумела, я ўпэўнены, што ўсё, што тычыцца адказнасьці гэтых людзей — гэтыя пытаньні павінны ставіцца пасьля таго, як у нашай краіне будзе ўсталяваная канстытуцыйная законнасьць. Я думаю, што кожнаму будзе дадзеная ацэнка, але ніякіх перасьледаў ня будзе і мы, у адрозьненьне ад гэтых цынікаў, будзем выяўляць гуманізм».

(Карманаў:) Пасьля таго, што з Вамі — старшынём Цэнтральнай Выбарчай Камісіі — здарылася, стала ў дэталях зразумелая і пазыцыя Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненьні да травеньскіх прэзыдэнцкіх выбараў. Скажыце, якая будзе Вашая пазыцыя?

(Ганчар:) «Што да прэзыдэнцкіх выбараў, дык яны адбудуцца пры любых умовах, нават тады, калі садызм станецца агульнай атмасфэрай дзейнасьці ўсіх ворганаў, ня толькі праваахоўчых. Я кажу гэта ня ў якасьці фразы, а з поўнай упэўненасьцю, таму што апошнія падзеі толькі згуртавалі ўсіх сяброў ЦэнтарВыбарКаму і тэрытарыяльных камісіяў. Сёньня мяне пераканалі і запэўнілі ўсе сябры ЦэнтарВыбарКаму і ўсе кіраўнікі абласных камісіяў, што ўсё ідзе бездакорна ў адпаведнасьці з графікам. Я нават уражаны тым, колькі гэтыя людзі зрабілі ў маю адсутнасьць. Усё будзе ісьці ў адпаведнасьці з працэдурамі, прадугледжанымі Законам аб выбарах прэзыдэнта, і выбары 16 траўня адбудуцца пры любым надвор'і».

(Карманаў:) Віктар Іосіфавіч, 11 сакавіка Вас наведаў прадстаўнік місіі АБСЭ ў Менску, але старшыня гэтай місіі Ганс-Георг Вік на працягу Вашай галадоўкі займаў даволі дзіўную пазыцыю. Як Вы думаеце, ці будзе мяняцца стаўленьне заходніх структураў да прэзыдэнцкае кампаніі?

(Ганчар:) «Я не хацеў бы абмяркоўваць пытаньне аб асабістай пазыцыі сп. Віка. Што да пазыцыяў эўраструктураў і заходніх краінаў, дык я ўпэўнены, што ўжо цяпер паўстане канкрэтнае пытаньне аб тым, як ставіцца да прызначаных на 16 траўня прэзыдэнцкіх выбараў. Я ўпэўнены, што дзейнічаючы ў адпаведнасьці з прынцыпамі, якіх прытрымваецца эўрапейская супольнасьць, будуць падтрыманыя ўсе мерапрыемствы падрыхтоўкі да выбараў. Таму, напрыклад, калі Лукашэнка пойдзе пад ціскам эўраструктураў на перамовы, дык гэта будзе адзін сцэнар, калі ён пойдзе на гвалтоўныя дзеяньні — гэта будзе другі сцэнар. Але ў любым выпадку выбары адбудуцца і ўжо сёлета Беларусь будзе з новым прэзыдэнтам і з новымі палітычнымі і канстытуцыйнымі рэаліямі. Я ў гэтым перакананы на сто працэнтаў».

(Карманаў:) Напрыканцы, Віктар Іосіфавіч, хачу задаць Вам пытаньне, якое можа падацца Вам дзіўным. Як Вы думаеце, Аляксандар Лукашэнка асабіста аддаваў загады падчас Вашага знаходжаньня ў камэры спэцразьмеркавальніку? Вядома, што калісьці вы былі сябрамі...

(Ганчар:) «Рэч у тым, што для мяне гэтае пытаньне не здаецца дзіўным, яно для мяне абсалютна відавочнае: само сабой зразумела, што Аляксандар Лукашэнка аддаваў усе распараджэньні асабіста».

XS
SM
MD
LG