Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 сакавіка 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Беларусы канстатуюць, што іхні жыцьцёвы ўзровень пагаршаецца. Яны вельмі неадназначна ставяцца да пэрспэктывы аб'яднаньня з Расеяй ў адзіную дзяржаву, але прэзыдэнт Лукашэнка, як і раней, карыстаецца значнай падтрымкай. Да такіх высноваў прыводзяць дадзеныя агульна-нацыянальнага апытаньня, якое ў канцы студзеня-пачатку лютага правяла сацыялягічная лабараторыя "Новак".

Вынікі апытаньня пракамэнтаваў у інтэрвью нашаму радыё кіраўнік лабараторыі прафэсар Андрэй Вардамацкі.

Зьмяненьне эканамічнага становішча беларусы ацэньваюць вельмі нэгатыўна. 78 адсоткаў апытаных адзначылі, што ў студзені эканамічны стан Беларусі пагоршыўся, 3/4 адказалі, што пагоршылася эканамічнае становішча іхняй сям'і. Але, як адзначыў прафэсар Вардамацкі, назіраецца пэўная стабілізацыя эканамічнага самаадчуваньня. Зь лета мінулага году імкліва расла частка апытаных, якія ацэньвалі эканамічныя варункі краіны і сваёй сям'і як дрэнныя ці вельмі дрэнныя. У верасньні мінулага году гэтак адказвалі 57 адсоткаў, у сьнежні - 68, але ў лютым - 66.

Іншымі словамі, нарастаньне нэгатыўных тэндэнцыяў спынілася.

На думку прафэсара Вардамацкага, гэта можа мець дзьве прычыны. Ці падзеньне эканамічнага ўзроўню сапраўды загамавала, ці людзі проста прызвычаіліся да больш нізкага ўзроўню жыцьця.

У канцы мінулага году Лукашэнка і Ельцын падпісалі дэклярацыю аб аб'яднаньні дзвух краінаў. А як да гэіай пэрспэктывы ставяцца беларусы? Паводле дадзеных апытаньня, гэтая праблема падзяляе беларускае грамадзтва амаль пароўну. 43 адсоткі ў той ці іншай ступені падтрымліваюць аб'яднаньне, 44 - выказваюцца супраць.

(Вардамацкі:) "Калі казаць пра дынаміку настрояў адносна аб'яднаньня Беларусі і Расеі ў адну дзяржаву, і рабіць параўнаньне са сьнежням, дык сытуацыя такая, што дынамікі гэтай няма".

На пытаньне, чаму чарговая інтэграцыйная кампанія не паўплывала на дынаміку меркаваньняў, быў дадзены наступны адказ:

(Вардамацкі:) "Працэсы ў грамадзкай думцы не ідуць у адпаведнасьці зь нейкімі палітычнымі актуаліямі. Гэта - больш павольны працэс".

Людзі канстатуюць падзеньне ўзроўню свайго жыцьця, па-рознаму ставяцца да міжнародных ініцыятываў улады, але падтрымка Лукашэнкі застаецца па-ранейшаму высокай. У лютым на пытаньне, за каго б яны прагаласавалі на прэзыдэнцкіх выбарах, калі б яны адбыліся заўтра, 39 адсоткаў апытаных назвалі Лукашэнку. У параўнаньні са сьнежаньскім апытаньнем гэтая лічба амаль не зьмянілася. Ягоны рэйтынг зьнізіўся на 10 адсоткаў увосень мінулага года, але з таго часу застаецца нязьменным.

У той жа час рэйтынгі патэнцыйных канкурэнтаў Лукашэнкі складаюць мізэрныя лічбы. Ступень падтрымкі кожнага зь іх не перавышае 3 адсоткаў.

Часьцяком выказваецца меркаваньне, што такія апытаньні ня вартыя даверу, бо людзі запалоханыя, баяцца выказаць стаўленьне да ўладаў, і таму слынны высокі рэйтынг Лукашэнкі ёсьць на самой справе не рэйтынг папулярнасьці, а рэйтынг страху. Я спытаў прафэсара Вардамацкага, ці згодны ён з такім меркаваньнем.

(Вардамацкі:) "Гэта - рэйтынг крысталізацыі. Адбылася крысталізацыя электарату, які будзе галасаваць за Лукашэнку. Гэта - не рэйтынг страху. Мы правялі адмысловыя дасьледваньні, каб даказаць гэта. Паралельна са звычайным апытаньнем па кватэрах, мы правялі апытаньне на менскіх вуліцах пра стаўленьне да прэзыдэнта. А потым параўналі дадзеныя. У параўнаньні з дадзенымі па Менску, атрыманымі звычайным чынам, рэйтынг прэзыдэнта зьнізіўся на 2-3 адсоткі. Мы таксама праводзілі паглыбленныя інтэрвью з тымі людзьмі, якія падчас апытаньня выказвалі падтрымку Лукашэнку. Высьветлілася, што яны выказваюцца шчыра. Больш моцнай матывацыяй, чымсьці страх, з'яўляецца, так бы мовіць, "абшчыннае" меркаваньне: "ёсьць бацька - і гэта добра". Спрацоўвае матывацыя далучэньня да большасьці. Адбылася крысталізацыя электарату, які будзе галасаваць за Лукашэнку як за аасобу, незалежна ад таго, што будзе адбывацца ў эканоміцы".

XS
SM
MD
LG