Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 сакавіка 1999 г.


Казімір Яноўскі, Гомля

У Гомлі, папярэдзіўшы актывістых усіх буйных апазыцыйных партыяў з нагоды перадвыбарчай кампаніі ў справе выбараў прэзыдэнта, тамтэйшыя пракуроры ўзяліся рабіць гэта і ў дачыненьні да Свабоднага прафсаюзу і розных грамадзкіх арганізацыяў.

Ад імя абласнога пракурора Уладзімера Гаўрыльчыка вынесенае папярэджаньне старшыні свабоднага прафсаюзу Гомельскай вобласьці Віктару Яўхімаву. Праўда, робячы гэта, пракурор агульнага аддзелу Ірына Хіжанок сама патрапіла ў даволі дэлікатную сытуацыю. Паколькі ў папярэджаньні было запісана, што выбары па Канстытуцыі 1996 году сёлета не прадугледжаныя, то спадар Яўхімаў запытаўся: як будзе выглядаць пракуратура, калі прэзыдэнт надумае усё ж правесьці выбары ў гэтым годзе? Пытаньне было новым і нечаканым, таму пракурор толькі паціснула плячыма. Тым ня менш, запушчаны мэханізм працаваў усе бягучыя дні.

Пасьля Яўхімава спагнаньне пракуратуры атрымаў ягоны намесьнік Сяргей Краўцоў, які гэтаксама ставіў подпісы пад пратаколамі вылучэньня прадстаўнікоў прафсаюзу ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Выклікалі ў пракуратуру і маладых гамельчукоў Паўла Клімовіча і Руслана Беланава. У мінулым месяцы іх арыштавалі на трое сутак толькі за тое, што позна ўвечары яны па вуліцы Савецкай несьлі на плячох сьцягі Свабоднага прафсаюзу. Зараз пракуратура папярэдзіла спадароў Клімовіча і Бяланава за вылучэньне ад імя маладзёвага фонду "Прыярытэт" прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі. У пракуратуры ім недвухсэнсоўна далі зразумець, што наступным разам паход за краты можа быць даволі працяглым, паколькі адміністрацыйны арышт ужо прымяняўся.

Учора пракурор агульнага аддзелу Ірына Хіжанок разам са сваім начальнікам Віктарам Марозавым і гарадзкім пракурорам Леванідам Кірмялем папярэджвалі Галіну Арцёменку, адну з кіраўнікоў суполкі абароны правоў чалавека і Саюзу беспрацоўных. Гэтыя арганізацыі таксама накіравалі ў тэрытарыяльныя камісіі па выбарах прэзыдэнта сваіх людзей. Пракуроры, усьлед за міліцыяй, дапытваліся ў Галіны Арцёменкі, дзе знаходзіцца яе муж, Яўген Мурашка, каардынатар абласной камісіі ў справе выбараў прэўыдэнта. Пачуўшы адказ, што ў раз'ездах, усё ж выпісалі яму позву і аддалі жонцы. А другой палове дня спадарыню Арцёменка пачала турбаваць управа юстыцыі аблвыканкаму, якая запатрабавала прадставіць устаноўчыя дакумэнты на суполкі "Саюз абароны правоў чалавека" і "Саюз беспрацоўных". Хутчэй за ўсё, будуць шукаць якую-небудзь фармальную падставу для закрыцьця згаданых арганізацыяў.

Падзеі працягваліся вечарам. Ля пад'езду дому, дзе жывуць Арцёменка і Мурашка, дзяжурылі міоіцыянты з Навабеліцкага РАУСу. Сёньня раніцай, калі спадарыня Арцёменка адпраўлялася на працу, двое міліцыянтаў у цывільным знаходзіліся ў пад'езьдзе, а яшчэ двое, з рацыяй, у "рафіку" на вуліцы. Калі Галіна Арцёменка вярнулася да кватэры, адзін з міліцыянтаў корпаўся ў дзьвярным замку ў яе кватэры, і патлумачыў гэта тым, што ведае: Яўен Мурашка знаходзіцца дома, і яму трэба ўручыць позву ў пракуратуру. "Позву мужу прынесла я сама" - патлумачыла незнаёмцу Галіна Арцёменка. І толькі пасьля гэтага міліцыянт сышоў з пад'езду. Але ўжо праз гадзіну з таго ж Навабеліцкага райаддзелу Галіне Арцёменка патэлефанаваў на працу адзін з упрацоўнікаў. Прозьвішча не назваў, але папярэдзіў, што калі яна ня прыйдзе дамоў, міліцыя ўзламае дзьверы і дастане Яўгена Мурашку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG