Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 сакавіка 1999 г.


Найбольш аўтарытэтны ў сьвеце эканамічны часопіс "Эконаміст" кожныя тры месяцы публікуе адмысловыя выпускі, прысьвечаныя аналізу і прагнозу эканамічнай сытуацыі ў 180 краінах сьвету.

Справаздачу рыхтуе спэцыяльная структура часопісу, якую можна перакласьці як "Аналітычны адзьдзел Эконаміста". Як сказана ва ўступе, гэтыя даклады забясьпечаваюць інфармацыю, якая патрэбная бізнэсовым, урадавым і міжнародным арганізацыяім ў іхніх дачыненьнях з асобнымі краінамі.

Даклад падзелены на дзьве часткі — агляд эканамічных паказчыкаў мінулага году і прагноз тэндэнцыяў эканамічнай палітыкі на бліжэйшыя два гады. Безумоўна, нас найбольш цікавіць прагнозная частка, аднак спачатку адзначым некаторыя заўвагі брытанскіх аналітыкаў наконт сытуацыі ў Беларусі ў 1998 годзе.

Беларускі прэзыдэнт ставіць задачу дасягнуць да 2001 году ўзроўню эканамічнага разьвіцьця, які Беларусь мела ў канцы савецкага перыяду, у 1990 годзе. Хаця Расея застаецца галоўным партнэрам Беларусі, экспарт у Расею ўпаў вельмі істотна. Таксама зьнізіўся экспарт у краіны далёкага замежа, што ўзмацніла небясьпечныя тэндэнцыі нарастаньня гандлёвага дэфіцыту з гэтымі дзяржавамі. Інфляцыя выбухнула ад жніўня, зьявіўся дэфіцыт прадуктаў. Безразважная крэдытная эмісія усё яшчэ прэзэнтуецца як пазытыўная палітыка, абмежаваньні па валютным абмене застаюцца ў сіле.

У выніку ўпершыню за апошнія гады лічбы росту валавага сукупнага прадукта пачалі зьмяньшацца. Паводле "Эконаміста", у 1998 годзе гэты рост у Беларусі склаў толькі 7 адсоткаў, што трошкі меньш за афіцыйны паказчык. Нагадаем, што прэзідэнт Лукашэнка паставіў задачу забясьпечыць сёлета прырост сукупнага ўнутранага прадукту на 3-4 працэнты. Але брытанскія аналітыкі сьцвярджаюць, што ў 99-ым годзе у Беларусі ня будзе прыросту гэтага паказчыка.

Тут мы пераходзім да іншай часткі справаздачы, якая зьмяшчае разгорнуты прагноз на бліжэйшыя два гады. Эканамічны крызіс пацягне некаторыя зьмены, і нават кароткачасовае вяртаньне МВФ, сцвяржае "Эконаміст". Рэжым будзе вымушаны пайсьці на пэўны зрух у сваёй пазыцыі. Беларусь хацела б атрымаць кампэнсацыйны крэдыт у памеры ста мільёнаў даляраў паводле праграмы, якая дазваляе некаторым краінам пераадольваць незалежныя ад іх абставіны. Выглядае, Беларусь мае невялікі выбар, акрамя таго, як пайсьці гэтай дарогаю, асабліва зважаючы на няздольнасьць Расеі матэрыяльна падтрымліваць свайго саюзьніка і нарастаньне пагрозы гіперінфляцыі.

Каб прыняць гэтую дапамогу, Беларусь павінна паказаць жаданьне узмацніць свой занадта мяккі крэдытны рэжым, лібералізаваць цэны і аднавіць эканамічную рэструктурызацыю. Але Лукашэнку няпроста будзе пайсьці на такія крокі, паколькі гэта зьяўляецца фундамантальнымі элементамі ягонай палітыкі. Аднак, калі узровень інфляцыі альбо гандлёвы дэфіцыт пагоршацца кардынальна, да такой ступені, што зьявіцца рызыка страціць кантроль над эканомікай, мы лічым вельмі верагодным — піша "Эконаміст" — што Беларусь зробіць больш жорсткай фінансавую палітыку і пойдзе ў пэўнай ступені на эканамічную лібералізацыю. Хаця гэтага можа быць дастаткова, каб спыніць гіпэрінфляцыю, гэта наўрад ці прывядзе да прыязных дачыненьняў з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі. Таму Лукашэнка далей спыніць спробы рэформаў, і адновіць асноўныя элементы сваёй старой палітыкі. У выніку, падобна, адноўленыя адновіны з МВФ зноў разваляцца.

Некаторыя далейшыя прагнозы "Эконаміста" праілюструем толькі тэзісна. Рэжым не адкіне сваю палітыку ўмяшальніцтва дзяржавы ў справы бізнесу і эканомікі. Кантроль над цэнамі, абмежаваны продаж некаторых спажывецкіх тавараў і штучныя курсы замежнай валюты прывядуць да росквіту чорнага рынку. Прыярытэтам зьнешняга гандлю Беларусі застаецца Расея, але гэты накірунак моцна пацерпіць з-за эканамічнага спаду ў Расеі. З-за таго, што Расея выбраная прыярытэтам, а таксама з прычыны невысокай якасьці тавараў, экпарцёрам будзе вельмі цяжка падключыцца да заходніх рынкаў — ім застаецца невялікі выбар: альбо скарачаць выпуск прадукцыі альбо запаўняць сховішчы. Сярод іншых прагнозаў варта адзначыць наступныя: інфляцыя будзе расьці, але гіперінфляцыя, відаць, будзе пазьбегнутая. "Эконаміст" прадказвае каля 90 адсоткаў інфляцыі сёлета. Улічваючы, што ў студзені інфляцыя склала 20 адсоткаў, а ў лютым 8, гэтыя лічбы не выглядаюць завышанымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG