Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 09 сакавіка 1999 г.


Сёньня сябры Цэнтральнай Камісіі ў справе выбараў прэзыдэнта зьвярнуліся да дзейнага Старшыні АБСЭ Кнута Воллебэка. Аўтары звароту выказваюць недавер кіраўніку кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску Гансу Георгу Віку. У мінулым тыдні шэраг дэпутатаў Вярхоўнага Савету і лідараў дэмакратычных партыяў Беларусі ўжо накіравалі ліст кірауніцтву АБСЭ, дзе скрытыкавалі дзейнасьць кансультацыйна-назіральнай групы.

Прадстаўнікі беларускай апазыцыі ўжо неааднаразова выказвалі незадавальненьне дзейнасьцю кансультацыйна- назіральнай групы АБСЭ, упікаючы яе ў пасыўнасьці ды патураньні ўладам. Асабліва абвастрылася гэтая крытыка цяпер, калі разгортваецца кампанія па выбарах прэзыдэнта, а сябры Цэнтравыбаркаму трапляюць у турму.

На мінулым тыдні дэпутаты Вярхоўнага Савету і лідары партыяў выказалі сваё стаўленьне да дзейнасьці місіі АБСЭ ў лісьце кіраўніцтву гэтай арганізацыі. Пра зьмест ліста я папрасіў распавесьці аднаго зь ягоных аўтараў, дэпутата Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча.

(Шушкевіч:) "Ну, сытуацыя была такой. Мы доўга сочым за тым, як дзейнічае тут група АБСЭ.Яна імкнецца рабіць дабро, імкнецца як бы наладзіць кантакт паміж двума бакамі - афіцыёзам і апазыцыяй. Але вось бяда ў чым: за ўвесь час знаходжаньня тут місіі АБСЭ з боку афіцыйных уладаў, з боку нашага дыктатарскага рэжыму ня зроблена ніводнага кроку ў накірунку да дэмакратыі, да забесьпячэньня правоў чалавека. І калі рэжымам быў зроблены чарговы напад на мірныя акцыі - я падкрэсльіваю, мірныя, ня зьвязаныя ні з парушэньнем грамадзкага парадку, ні з парушэньнем нават нейкага дэкрэту альбо ўказу, і калі людзі былі зусім незаконна кінутыя ў турму, - мы, зразумела, зьвярнулі свой погляд у бок АБСЭ. А нам яны даюць паведамленьне для прэсы, дзе гаворыцца, што рэжым у нас сапраўды нядобры, але разам з тым нагадваюць апазыцыі, што яна павінна прытрымлівацца канструктыўнага падыходу.

Я асабіста лічу гэта абразаю для апазыцыі. Гэта перапоўніла межы нашага цярпеньня, і мы неадкладна накіравалі ліст кіраўнікам АБСЭ і ў шмат якія іншыя адрасы. Гэта бяззубая місія паводзіць сябе ня так, як трэба, бо калі блытаецца той, каго топчуць, з тым, каго топчуць, — прабачце, гэта ня місія. Былі выказаныя пажаданьні, каб яна дзейнічала належным чынам. У мяне такое ўражаньне, што гэта неяк уздзельнічала. Таму што імі цяпер накіраваны ліст да кіраўніцтва Беларусі, дзе няма ніякіх закідаў у бок апазыцыі, бо і ня можа іх быць, апазыцыя дзейнічае ў адпаведнасьці з нашай Канстытуцыяй. І ёсьць толькі папрокі ў адрас рэжыму і патрабаваньне неадкладна вызваліць зьняволеных. Я думаю, што, можа быць, гэтае здарэньне паслужыць на карысьць таго, каб місія пачала працаваць нармалльна, а не глядзець у вочы адным, другім, і паводзіць сабе як кот Леапольд, але нічога ў гэтым накірунку не рабіць".

Варта адзначыць, што рэакцыя з боку АБСЭ сапраўды стала больш рашучай. 6 сакавіка Старшыня АБСЭ спадар Валлабэр накіраваў чарговы ліст Лукашэнку, у якім заклікаў вызваліць Віктара Ганчара. Кіраўнік прадстаўніцтва АБСЭ ў Беларусі спадар Вік яшчэ 4 сакавіка зьвярнуўся да ўладаў з просьбай прадаставіць яму магчымасьць сустрэцца са зьняволеным старшынём Цэнтравыбаркаму.

Тым ня менш, сябры Цэнтравыбаркаму лічаць высілкі кансультатыўна-наглядальнай групы недастатковымі. Сёньня яны зьвярнуліся зь лістом да Старшыні АБСЭ, у якім, у прыватнасьці, гаворыцца: "Прэзыдэнт Лукашэнка распачаў расправу са сваімі палітычнымі праціўнікамі. На гэтым тле зьдзіўляе фактычная бяздзейнасьць місіі АБСЭ і яе кіраўніка спадара Віка. У размовах ён выказвае меркаваньні, якія супярэчаць афіцыйнай пазыцыі АБСЭ адносна Беларусі. Ён выказвае ўпэўненасьць у неабходнасьці прызнаньня Канстытуцыі, якая была ўведзеная ў дзеяньне прэзыдэнтам Лукашэнкам у лістападзе 1996 года на падставе рэфэрэндуму, які быў праведзены з грубымі парушэньнямі заканадаўства. Мы ўжо не разьлічваем на дапамогу спадара Віка, і вымушаныя зьвяртацца да кіраўніцтва АБСЭ".

Сябры Цэнтравыбаркаму падкрэсльіваюць, што Цэнтравыбаркам дзейнічае ў поўнай адпаведнасьці з легітымнай Канстытуцыяй 1994 года. Аўтары ліста спадзяюцца на падтрымку з боку АБСЭ і адзначаюць, што ў адваротным выпадку адказнасьць за ўмацаваньне таталітарнага рэжыму ў цэнтры Эўропы ляжа і на спадара Віка, і на іншых службовых асобаў, якія сваёй бяздзейнасьцю спрыяюць здушэньню дэмакратыі, грамадзянскіх правоў і свабодаў на Беларусі.

Юры Дракахруст, Менск

XS
SM
MD
LG