Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 сакавіка 1999 г.


Сёньня стала вядома, што ўвесь дзесяцідзённы тэрмін зняволеньня Віктар Ганчар правядзе ў камэры сьпецразьмеркавальніка на Акрэсьціна. Такое рашэньне прыняў сёньня старшыня менскага гарадзкога суда Мікалай Ардзяка. Менавіта спадар Ардзяка мог прыняць фармальнае рашэньне аб шпіталізацыі альбо вызваленьні Ганчара на падставе медычнага заключэньня аб стане ягонага здароў'я. Яшчэў мінулую пятніцу намесьнік кіраўніка УУС Менску Кандрацін паказваў жонцы Ганчара Зінаідзе мэдычнае заключэньне, згодна зь якім Віктара Ганчара, паводле стану здароў'я, павінны тэрмінова шпіталізаваць. Сёньня гэтае заключэньне неверагодным чынам зьнікла.

Начальнік Агульнага аддзелу пракуратуры краіны Панамацька клянецца, што аддаў яго Гэнпракурору Бажэлку, у сваю чаргу Бажэлка заяўляе, што вярнуў гэтае заключэньне Панамацьку. Карацей, медычнае заключэньне разам з прадстаўленьнем менскага гарадзкога пракурора Кандрацьева зьніклі.

Затое сёньня зьявілася новае мэдычнае заключэньне, аўтарства якога невядомае, згодна зь якім стан здароў'я Ганчара прызнаны задавальняючым. На падставе гэтага новага заключэньня старшыня менскага гарадзкога суда Ардзяка пакінуў бязь зьменаў ранейшы прысуд.

Разам з тым, як паведаміла нашаму радыё Зінаіда Ганчар, якая дзяжурыць ля муроў сьпэцразьмеркавальніка:

(Зінаіда Ганчар:) "Я тэлефаную па некалькі разоў на Акрэсьціна. апошні раз я тэлефанавала а пятнаццатай гадзіне, і мне адказалі, што Ганчар працягвае галадоўку. Зранку ён папрасіў фурацэлін, я ня ведаю, зь якой мэтай. На працягу ўчорашняга і сёняшняга дней Ганчара абслугоўваў лекар Драко, паводле ягоных словаў, Ганчар не прымае ежу і не ўжывае ваду".

Сёньня ж ля муроў сьпэцразьмеркавальніку быў затрыманы сябра Цэнтравыбаркаму Генадзь Самойленка.

(Самойленка:) "Сёньня я падыйшоў да вязьніцы на Акрэсьціна, каб выказаць салідарнасьць Ганчару і ўсталяваць на Акрэсьціна настала свой пост. Каля Акрэсьціна стаяла машына з АМАПаўцамі, і я ім падараваў адну сваю ўлётку "ОМОН - зрабі Луке "вон!" . Яны пачыталі, спачатку пасьмяяліся, а пазьней паступіў загад мяне затрымаць. Мяне гвалтоўна запіхалі ў машыну і даставілі ў Маскоўскі РАУС. Пасьля складаньня пратаколу, які я, дарэчы, ня бачыў, мяне адпусьцілі",

Паводле апошняе інфармацыі, Зінаіда Ганчар вырашыла наведаць амбасады замежных краінаў у Менску з тым, каб давесьці сітуацыю пра стан здароў'я Віктара Ганчара.

Юрась Карманаў, Менск.

XS
SM
MD
LG