Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 сакавіка 1999 г.


Частка 3. Павага да палітычных правоў: права грамадзянаў зьмяняць свой урад

[...]

Не зважаючы на кансультацыйную дапамогу, якая прадстаўлялася Дарадча-Назіральнай Групай АБСЭ ў Менску, у сьнежні «нацыянальны сход» прэзыдэнта Лукашэнкі ўхваліў глыбока недасканалы Закон аб мясцовых выбарах, заплянаваных на 4 красавіка. Дадатковая зьмена ў артыкул 33 гэтага закону, уведзеная на патрабаваньне прэзыдэнта Лукашэнкі, практычна пазбавіла многіх кандыдатаў ад апазыцыі магчымасьці балятавацца на мясцовых выбарах, забараняючы ўдзел асобаў, якія былі адміністрацыйна аштрафаваныя ўладамі.

Заканадаўчых абмежаваньняў на ўдзел жанчын у палітыцы ці структурах улады не існуе. Аднак, за выняткам судовае галіны, захоўваюцца грамадзкія перашкоды ўдзелу жанчын у палітыцы, а мужчыны займаюць практычна ўсе найвышэйшыя пасады. Жанчына знаходзіцца на пасадзе намесьніка старшыні «верхняй палаты». Міністар сацыяльнага забесьпячэньня — адзіная жанчына ў Савеце Міністраў.

[...]

Частка 6. Правы працоўных

а) Права таварыстваў

Канстытуцыя абараняе права працоўных, за выняткам супрацоўнікаў дзяржбясьпекі і вайскоўцаў, ствараць і далучацца да незалежных саюзаў на добраахвотных падставах, і праводзіць акцыі ў абарону працоўных правоў, у тым ліку права на страйк. Аднак на практыцы гэтыя правы не прызнаюцца. Незалежны прафсаюзны рух знаходзіцца на пачатковых ступенях разьвіцьця. Беларускі Свабодны Прафсаюз быў створаны ў 1991 годзе і зарэгістраваны ў 1992 годзе. Пасьля страйку працаўнікоў менскага мэтро ў 1995 годзе прэзыдэнт спыніў яго дзейнасьць сваім дэкрэтам. У 1996 годзе лідэры гэтага прафсаюзу стварылі новую арганізацыю — Кангрэс Дэмакратычных Прафсаюзаў, які ўключае чатыры найбуйнейшыя незалежныя прафсаюзы і на гэты час мае каля 18 500 сяброў.

Улады зрабілі захады з мэтай падаўленьня незалежных прафсаюзаў. Напрыклад, сябры незалежных прасаюзаў арыштоўваліся за распаўсюджаньне прафсаюзных выданьняў, зазнавалі канфіскацыю матэрыялаў на межах, ім таксама адмаўлялася ў доступе да працоўнага месца, на іх накладалі празьмерныя штрафы і аказваўся ціск з боку кіраўніцтва прадпрыемстваў і службаў дзяржаўнай бясьпекі звольніцца з працы з прычыны іх прафсаюзнай дзейнасьці. Нягледзячы на адмену забароны на дзейнасьць Беларускага Свабоднага Прафсаюзу і рэгістрацыю Кангрэсу Дэмакратычных Прафсаюзаў Міністэрствам Юстыцыі ў сьнежні 1997 года, удады працягвалі запалохваць і цкаваць сяброў незалежных прафсаюзаў. Дырэкцыя Магілеўскага тралейбуснага ўпраўленьня адмовілася дазволіць Віктару Тарноўскаму, старшыні мясцовай арганізацыі незалежнага Дэмакратычнага Прафсаюзу Працаўнікоў Транспарту, выконваць яконыя абавязкі як прафсаюзнага лідэра. Дырэкцыя звольніла Тарноўскага з працы ў красавіку.

Улады працягваюць адахвочваць супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў ад далучэньня да незалежных прафсаюзаў. Некалькі працаўнікоў Магілеўскага аўтамабільнага заводу запалохваліся на працягу красавіка звальненьнем з працы, калі б яны не адмовіліся ад свайго сяброўства ў Беларускім Свабодным Прафсаюзе. Магілеўскія гарадзкія ўлады таксама шматразова адмаўлялі ў дазволе праводзіць прафсаюзныя дэманстрацыі.

Прэзыдэнцкі дэкрэт нумар 639 «Аб захадах, скіраваных на паляпшэньне супрацоўніцтва ворганаў дзяржаўнага кіраваньня і прафсаюзаў», выдадзены ў сьнежні 1997 году, даручаў Савету Міністраў і афіцыйнай Фэдэрацыі Прафсаюзаў Беларусі падрыхтаваць новае заканадаўства датычна калектыўных спрэчак, правоў прафсаюзаў, і працоўнай рэпрэзэнтацыі. Хоць «Канцэпцыя дзяржаўнай палітыкі ў справе прафсаюзаў», падрыхтаваная Фэдэрацыяй Прафсаюзаў Беларусі, яшчэ афіцыйна не прынятая, лідэры незалежных прафсаюзаў баяцца, што новае заканадаўства адлучыць іх ад удзелу ў калектыўных спрэчках, абмяжоўваючы гэткі ўдзел на падставе колькаснага складу прафсаюзу.

Фэдэрацыя Прафсаюзаў Беларусі (раней — беларуская філія Ўсесаюзнага Цэнтральнага Савету Прафсаюзаў Савецкага Саюзу) складаецца з прыкладна 4,4 мільёнаў працоўных (уключна з пэнсіянэрамі) і зьяўляецца бясспрэчна найвялікшай прафсаюзнай арганізацыяй. Паводле афіцыйных лічбаў фэдэрацыі, да прафсаюзаў далучаныя 92 адсоткі працоўных. Лідэры фэдэрацыі, хоць паўстрымоўваліся ў мінулым ад сур'ёзных канфліктаў з рэжымам, на працягу году былі нашмат актыўнейшымі ў крытыцы палітыкі рэжыму Лукашэнкі. У адказ паведамлялася што функцыянэры фэдэрацыі зазнаваці ціск і цкаваньне з боку ўладаў. Тым часам лідэры незалежных прафсаюзаў сьцьвярджаюць, што бальшыня функцыянэраў Фэдэрацыі насамрэч практычна не бароняць правы працоўных. Незалежныя працоўныя лідэры таксама мяркуюць, што функцыі афіцыйнага прафсаюзу ў галіне сацыяльнага забесьпячэньня, такія як пеэнсійныя фонды, што звычайна зьяўляюцца справай дзяржавы, ствараюць перашкоду росту сапраўды вольных і незалежных прафсаюзаў.

Жорсткі кантроль уладаў над правядзеньнем дэманстрацыяў робіць цяжкім правядзеньне страйкаў ці мітынгаў ў прафсаюзных мэтах.

Каля 15 актывістаў незалежных прафсаюзаў, у тым ліку старшыня Беларускага Свабоднага Прафсаюзу Марыя Аліева і рэдактар прафсаюзнага бюлетэню «Рабочы», Віктар Івашкевіч, былі затрыманыя міліцыяй 5 лістапада, пасьля антыўрадавае дэманстрацыі працаўнікоў. Хоць Беларускі Свабодны Прафсаюз меў дазвол уладаў на правядзеньне дэманстрацыі каля Менскага трактарнага заводу, лідэры пратэсту былі арыштаваныя пасьля рашэньня йсьці да адміністрацыі прэзыдэнта дзеля падачы звароту з патрабаваньнямі падвышэньня заробкаў і доступу прафсаюзаў да дзяржаўных СМІ. Арыштаваныя асобы атрымалі афіцыйныя папярэджаньні, штрафы, і прысуды ад 6 да 15 дзён зьняволеньня ад Менскага гарадзскога суду.

Пасьля моцнай антыпрафсаюзнай кампаніі ў дзяржаўных СМІ, Прафсаюз Аўтапрамысловацьці і Сельскагаспадарчага машынабудаваньня, які ёсьць часткаю Фэдэрацыі Прафсаюзаў Беларусі, у апошні момант адмовіўся ад правядзеньня дэманстрацыі пратэсту супраць пагаршэньня жыцьцёвага ўзроўню, якая плянавалася ў Менску 2 сьнежня. Існуюць вартыя веры зьвесткі, што працаўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў былі запалоханыя карнымі захадамі, калі б яны ажыцьцявілі дэманстрацыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG