Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 сакавіка 1999 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Увечары 5 сакавіка гарадзенская міліцыя ўпершыню правяла масавае затрыманьне патрыятычнай моладзі з Антыфашысцкага Камітэту. Пратрымаўшы іх тры гадзіны, усіх выпусьцілі, апрача аднаго — Андрэя Пачобута, які адразу абвясьціў сухую галадоўку. У аўторак а 10 гадзіне раніцы ягоную справу павінене разгледзець Ленінскі раённы суд Горадні.

Ад аднаго з кіраўнікоў моладзі Андрэя Мялешкі я атрымаў гэткую інфармацыю: пасьля свайго паседжаньня моладзь — іх было чалавек пяцьдзясят пяць — выйшла на Савецкую плошчу. Паводле ягоных словаў, некаторых зь іх пачалі спыняць і абшукваць міліцыянты, якіх было прыблізна з тузін. Большасьць збочыла на Савецкую вуліцу, з усіх бакоў іх атачыў АМОН — падрыхтаваныя да акцыі стаялі 6 машынаў.

Былі затрыманыя 38 чалавек, якіх даставілі ў Ленінскі райаддзел міліцыі. Іх пратрымалі 3 гадзіны і адпусьцілі а 22 гадзіне пасьля прафіляктычнай гутаркі зь імі начальніка райаддзелу падпалкоўніка Васілеўскага. Той пацікавіўся — хто яны. Яны адказалі, што яны — ня скіны, а сябры маладзёвага Антыфашысцкага Цэнтру. «Ну, тады мы разам павінны змагацца з расейскім фашызмам», - сказаў афіцэр і адпусьціў іх.

Пад арыштам застаўся толькі адзін — 26-гадовы Андрэй Пачобут. Паводле словаў ягоных сяброў, якія знаходзіліся побач, уся ягоная правіна была ў тым, што ён запытаўся ў АМОНаўцаў — чаму іх затрымалі. «Гэта не павінна вас хваляваць», - прагучаў рэзкі адказ. Карацей — яго абвінавачваюць стандартна, быццам бы за дробнае хуліганства і супрацьдзеяньне міліцыі.

Такім чынам, затрыманы ня мае права ня толькі ведаць, але нават і пацікавіцца прычынай свайго затрыманьня.

Андрэй Мялешка паведаміў, што ў міліцыі ім так ніхто й не сказаў, за што затрымалі — толькі перапісалі прозьвішчы і зафіксавалі твар кожнага на відэакамэры.

Паводле словаў аднаго гарадзенскага палітыка, усе апошнія падзеі — ператрусы, затрыманьні — можна разглядаць як часткі адзінай акцыі. Улады спалоханыя тым, што апроч сталіцы, у нашым горадзе ўтварыўся яшчэ адзін асяродак апазыцыі. Паводле пэўных зьвестак, праводзіць некалькі ператрусаў адначасна ў Горадню з сталіцы прыяжджала брыгада з Камітэту Дзяржбясьпекі, сказаў гэты палітык.

Пацьверджаньнем распачатай кампаніі змаганьня ўладаў супраць гарадзенцаў зьяўляецца і іхная спроба па сутнасьці ліквідаваць і Саюз Палякаў. Паводле дакладных зьвестак, Дзяржкамітэт у справах рэлігіі і нацменшасьцяў накіраваў у Міністэрства Юстыцыі ліст з прапановай пазбавіць Саюз Палякаў рэгістрацыі. Падставай служыць апазыцыйнасьць ягонага кіраўніцтва ў дачыненьні да ўладаў. У лісьце ёсьць спасылкі на інтэрвію, якія даваў старшыня саюзу Тадэвуш Гавін беларускім і замежным мас-мэдыям. Нядаўна таксама была пашыраная заява кіраўніцтва СПБ наконт палітыкі ўладаў у дачыненьні да нацыянальных меншасьцяў і адмовы палякаў удзельнічаць у наступным рэспубліканскім фэстывалі нацыянальных культур.

Я зьвярнуўся па камэнтар да самога Тадэвуша Гавіна. Ён пацьвердзіў, што ўлады хацелі б адмовіць СПБ у перарэгістрацыі. Ён лічыць, што Дзяржкамітэт у справах рэлігіі і нацменшасьцяў павінен бараніць іхныя інтарэсы, дапамагаць, а ён — наадварот выступае зь ініцыятывай, якая не адпавядае ягонаму прызначэньню. Але ўлады думаюць іначай, гаворыць Тадэвуш Гавін. Калі ёсьць такі камітэт, значыць, самі меншасьці павінны яму падпарадкоўвацца.

Ужо й міністар культуры выступіў з крытыкай СПБ. На ўрачыстым адкрыцьці на пачатку конкурсных адбораў будучага фэстывалю нацыянальных культураў дзякавалі ўладам татары і гэбраі. Польскі ансамбаль таксама знайшлі, сказаў Гавін, але ён не належыць да Саюзу Палякаў, які адназначна выказаў сваё стаўленьне да палітыкі ўладаў. А ў Саюзе Палякаў — 30 тысячаў сяброў. «Я ня думаю, што ўлады рэальна хочуць забараніць СПБ, - сказаў Гавін, - але, калі да гэтага дойдзе, мы будзем дзейнічаць падпольна або пад дахам іншых арганізацыяў. Створым свае ячэйкі пры БНФ».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG