Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 сакавіка 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

На шосты дзень сухой галадоўкі ў камэры спэцразьмеркавальніка было ўжытае прымусовае кармленьне старшыні ЦВК Віктара Ганчара. Пра гэта паведаміла нашаму радыё жонка Ганчара Зінаіда, якой дазволілі пагаварыць зь ёй па тэлефоне. Паводле словаў сяброў ЦВК Анатоля Гурыновіча і Барыса Гюнтэра,якія пасьля 5 сутак зьняволеньня сёньня выйшлі з спэцразьмеркавальніка, ля камэры Ганчара ўвесь час дзяжураць супрацоўнікі КГБ.

Менавіта 6 сакавіка павінна было вырашыцца пытаньне пра шпіталізацыю Віктара Ганчара з камэры спэцразьмеркавальніка, бо жыцьцю Ганчара зьявілася рэальная пагроза. Але афіцыйныя ўлады палічылі за лепшае ўжыць прымусовае кармленьне.

Жонцы Ганчара Зінаідзе, якая зранку дамагалася спатканьня з мужам, а 7-ай гадзіне вечара дазволілі паразмаўляць з Ганчаром праз унутраны тэлефон.

(З.Ганчар:) «Ганчару далі слухаўку, нас злучылі. Адзіная фраза Ганчара: «Мяне прымусова вывелі з галадоўкі», і ў гэты момант сувязь абарвалася. Я размаўляла зь лекарам. Ён гаворыць, што ціск у Ганчара — 130 на 80, пульс нармальны. Слабы, зразумела. Яны яго кантралююць».

У заяве Зінаіды Ганчар для сродкаў масавай інфармацыі гаворыцца, што сілавымі структурамі пашыраецца інфармацыя пра самавольнае спыненьне Ганчаром галадоўкі. Аднак той факт, што Зінаідзе Ганчар адмовілі ў спатканьні з мужам, сьведчыць пра тое, што ўлады не жадаюць, кабжонка пабачыла сьляды гвалтоўнага прымусу на целе Ганчара.

Адвакат Гары Паганяйла заявіў, што дзеяньні спэцслужбаў павінны пацягнуць за сабой крымінальную адказнасьць.

Ускосна інфармацыю пра прымусовае кармленьне пацьвердзіў сябар ЦВК Анатоль Гурыновіч, які сядзеў у суседняй з Ганчаром камэры і таксама галадаў. Пасьля выхаду на волю Гурыновіч паведаміў нашаму радыё, што яшчэ ўначы да Ганчара выклікалася хуткая дапамога, і ён чуў, як Ганчар адмаўляўся ад спыненьня галадоўкі. А сёньня зранку Гурыновіча перавялі ў іншую камэру — каб пачуць ён больш нічога ня здолеў.

(Гурыновіч:) «Я чуў голас: «Што вы робіце, вы што — ідыёты ці што!» гэта дакладна было. Магчыма з-за гэтага мяне й выкінулі з гэтага памяшканьня, якое было побач — каб ня чуў, што робіцца далей».

Іншы з арыштаваных — сакратар ЦВК Барыс Гюнтэр — пасьля выхаду на волю паведаміў, што ў будынку спэцразьмеркавальніка дзяжураць прадстаўнікі КГБ. Яны сочаць за пэрсаналам, які кантактуе з Ганчаром.

(Гюнтэр:) «Ну я так зразумеў, што ГБ хадзіла сьледам за ахоўнікамі і сачыла не за намі, а за імі — як яны сябе паводзяць і ці няма хоць нейкіх кантактаў паміж Гурыновічам і Ганчаром. Абадоўскі на той час ужо выйшаў. Гэта была служба сачэньня за абслугай».

Барыс Гюнтэр паведаміў таксама, што стан здароўя Алеся Бяляцкага, зь якімён сядзеў у адной камэры, нармальны.

Каля спэцразьмеркавальніка на Акрэсьціна 6 сакавіка сабраўся ўвесь апазыцыйны «істэблішмэнт». У заяве, якую ля муроў «Акрэсьціна» падпісалі сьпікер Вярхоўнага Савету Сямён Шарэцкі, лідэр Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі Станіслаў Багданкевіч, лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч, выканаўца абавязкаў старшыні БНФ Лявон Баршчэўскі, а таксама экс-прэм'ер Міхаіл Чыгір ды іншыя, выказваецца пратэст супраць выкарыстаньня псыхатропных апаратаў і прымусовага кармленьня Ганчара. Яны зьвярнуліся да міжнароднай грамадзкасьці з просьбай спыніць свавольства і беззаконьне, якое чыняць беларускія ўлады.

Дарэчы, кіраўнік місіі АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік, да якога неаднаразова зьвярталіся з просьбай, так і не наведаў камэру Ганчара.

І, паводле самай апошняй інфармацыі, Зінаіда Ганчар, паводле яе словаў, зноў накіравалася на Акрэсьціна, каб перадаць мужу цёплыя рэчы, але ён, як і пры галадоўцы, адмовіўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG