Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 05 сакавіка 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Рашэньне прэзыдэнта Расеі адхіліць ад займанай пасады выканаўчага сакратара СНД Барыса Беразоўскага выклікала стрыманую рэакцыю прэзыдэнта Лукашэнкі. «У нас у СНД адбываюцца бурлівыя і дзіўныя падзеі», - сказаў ён.

Ад разгорнутага камэнтару беларускі прэзыдэнт устрымаўся. Невядома нават, ці падтрымае ён рашэньне свайго расейскага калегі — старшыні савету кіраўнікоў дзяржаваў Садружнасьці. Паводле статуту, выправіць у адстаўку выканаўчага сакратара СНД можна толькі з агульнай згоды ўсіх прэзыдэнтаў. Менавіта на гэтае палажэньне зьвярнуў увагу сп. Беразоўскі, камэнтуючы рашэньне Ельцына. На думку Беразоўскага, прэзыдэнт Расеі перавысіў свае паўнамоцтвы, абвясьціўшы аб ягонай адстаўцы.

Варта адзначыць, што ў паведамленьні аб адстаўцы таксама гаворыцца, што,патрэбная згода ўсіх прэзыдэнтаў. Але што да прэзыдэнта Лукашэнкі, ён наўрад ці будзе зацята абараняць Беразоўскага. Дачыненьні беларускага прэзыдэнта і выканаўчага сакратара СНД былі вельмі няпростыя. Лукашэнка неаднаразова крытыкаваў Беразоўскага і ягоны плян рэфармаваньня Садружнасьці.

У красавіку летась, пры прызначэньні Беразоўскага на пасаду Лукашэнка заўважыў, што праз год з выканаўчага сакратара зробяць «ахвярнага казла». Як бачым, прагноз прэзыдэнта Беларусі цалкам спраўдзіўся.

З больш разгорнутым камэнтаром наконт адстаўкі выступіў намесьнік сакратара СНД паўнамоцны прадстаўнік Расеі Іван Шабунін. Ён падкрэсьліў, што адхіленьне Беразоўскага выкліканае ўнутрырасейскімі чыньнікамі, у прыватнасьці — апошнім інтэрвію Беразоўскага з рэзкай крытыкай прэм'ера Прымакова. «Пасьля гэтага адстаўка павінна была адбыцца», - сказаў сп. Шабунін. Ён лічыць, што Барыс Ельцын меў права звольніць Беразоўскага, паколькі менавіта прэзыдэнт Расеі прапаноўваў ягоную кандыдатуру.

Паводле словаў прадстаўніка Расеі ў СНД, чакаецца, што к вечару 5 сакавіка будзе атрыманая згода ўсіх прэзыдэнтаў. Сп. Шабунін лічыць, што адстаўка Беразоўскага не паўплывае на стан справаў у СНД, бо тое, што было напрацавана ў Садружнасьці, было напрацавана да Беразоўскага.

Апошняя заўвага даволі істотная. Зь яе вынікае, што разам зь Беразоўскім, такй сказаўшы, адпраўлены ў адстаўку і ягоны плян рэфармаваньня Садружнасьці. Іван Шабунін ня выключыў, што чарговая сустрэча кіраўнікоў краінаў СНД, якая была перанесеная зь лютага на сакавік, можа быць зноў перанесеная на больш позьні тэрмін.

Як і беларускі прэзыдэнт, ягоныя калегі па Садружнасьці даюць сьціплыя камэнтары. Эдуард Шэварднадзэ, які цяпер знаходзіцца зь візытам у Японіі, заўважыў, што наконт адстаўкі Беразоўскага можна было б параіцца і раней. Ён нагадаў, што яшчэ тры дні таму ў Тбілісі вёў перамовы з выканаўчым сакратаром СНД. Прэсавая служба прэзыдэнта Ўкраіны паведаміла, што Леанід Кучма мае намер найбліжэйшым часам грунтоўна разгледзець становішча ў кіраўніцтве СНД. Дарэчы летась менавіта прэзыдэнт Украіны разам з Барысом Ельцыным прапаноўвалі кандыдатуру Беразоўскага.

Прынятае рашэньне хутчэй за ўсё сьведчыць аб тым, што СНД Расею ўжо больш не цікавіць. Адстаўка, абвешчаная без узгадненьня з кіраўнікамі краінаў СНД, — рэцыдыў найгоршага стылю імпэрскіх часоў. Нават найбліжэйшы саюзьнік Расеі Лукашэнка, як бачым, назваў гэтае рашэньне дзіўным. З гэтага таксама вынікае, што форум у справе рэфармаваньня СНД, ідэолягам якога быў прызначаны Беразоўскі, прайшоў марна. Адстаўка Беразоўскага крыху нагадвае прызначэньне і адстаўку летась прэм'ера Расеі Сяргея Кірыенкі. Аналёгія амаль поўная.

Часовым выканаўцам абавязкаў выканаўчага сакратара СНД прызначаны Іван Каратчэня. Але як у Расеі, гэтак і ў СНД два разы ў адну раку ўвайсьці нельга. Усе камэнтатары ў адзін голас цьвердзяць, што адстаўка Беразоўскага на стан справаў Садружнасьці не паўплывае. І сапраўды, нельга паўплываць на тое, чаго ўжо не йснуе.

XS
SM
MD
LG