Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 сакавіка 1999 г.


Галіна Айзэнштат, Менск

Учора ўвечары Беларуская Тэлевізія зрабіла чарговую спробу дыскрэдытаваць вядомага палітыка Станіслава Багданкевіча. У рубрыцы «Палітычныя дыялёгі» журналіст Яўген Дзьмітрыеў і так і гэтак распытваў свайго суразмоўцу — старшыню камісіі «палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу» Леаніда Глухоўскага, якога Лукашэнка прызначыў і старшынём камісіі па вяртаньні валютных крэдытаў, выдадзеных банкамі ў апошнія гады, спадзеючыся, што той скажа нешта сэнсацыйнае наконт Багданкевіча. Аднак Глухоўскі і наагул ня мог прывесьці ніякіх важкіх фактаў, датычных дзейнасьці Багданкевіча на пасадзе старшыні НацБанку. Нешта спрабаваў казаць пра крэдыты, нібыта ўзятыя і ня вернутыя сынамі Багданкевіча.

Расчараваны няўпэўненасьцю адказаў Глухоўскага, журналіст сам зрабіў выснову, што з дапамогай сыноў Багданкевіча «у народу, у вас, у дзяцей скрадзена 3,6 мільёнаў даляраў ЗША».

У сувязі з гэтым Багданкевіч падрыхтаваў заяву пад назвай «Аб чарговай спробе маёй палітычнай дыскрэдытацыі сп. Лукашэнкам і ягонымі халуямі», якую ён даслаў у наша менскае бюро. З гэтай нагоды ў яго ўзяла інтэрвію Галіна Айзэнштат:

(Айзэнштат:) Станіслаў Антонавіч, зразумела, што чарговая спроба Вас дыскрэдытаваць выкліканая палітычнымі матывамі, аднак чаму, на Ваш погляд, узяліся за старую справу, а не прыдумалі, скажам, нешта новае?

(Багданкевіч:) «Таму што новую цяжка прыдумаць. Я сёньня не займаюся ні банкаўскай, ні гаспадарчай дзейнасьцю, а выключна палітычнай. Праўда, яшчэ займаюся і аналітыкай. У прыватнасьці — падвёў вынікі працы за 1998 год. Яны дасланыя за межы рэспублікі, у прытавнасьці — у расейскі інстытут пераходнага пэрыяду Гайдара, польскі навуковы цэнтар Бальцаровіча, парлямэнт Літвы».

(Айзэнштат:) Заява Ваша даволі жорсткая, у ёй ёсьць нават непарлямэнцкія выразы, напрыклад — халуі. Ці не баіцеся, што Вас прыцягнуць да адказнасьці за абразу прэзыдэнта?

(Багданкевіч:) «Я і жадаю, каб нарэшце адбыўся суд, і нават зьбіраюся падаваць адпаведную заяву. Але бяда ў тым, што суды пад рознымі зачэпкамі не прыймаюць гэткіх заяваў. І тым ня менш я паспрабую. Сёньня ў сувязі з пачаткам выбарчай кампаніі і давядзеньні дыктатарскім рэжымам насельніцтва да поўнага жабрацтва рэжыму патрэбная дыскрэдытацыя ягоных палітычных апанэнтаў. Паколькі 15 абвінавачаньняў, якія Лукашэнка высунуў тры гады таму, ляснулі, ён пакінуў для маёй дыскрэдытацыі толькі адно — невяртаньне маімі сынамі крэдыту памерам 3,6 мільёнаў даляраў. Яшчэ раз заяўляю: Лукашэнка і ягоныя найміты хлусяць. Гэта паклёп. Ні старэйшы, ні сярэдні, ні малодшы сыны ні разу ні капейкі, ні даляра ў банках краіны ня бралі і запазычанасьці перад банкамі ня маюць. Мой сын быў адным з заснавальнікаў прадпрыемства «ПЯСК». Сёньня ўлады канфіскавалі ўсю маёмасьць і распрадаюць яе задарма. Больш за 20 працаўнікоў звольненыя. Дырэктар прадпрыемства, як і мой старэйшы сын, усё згубіў і нават ня здолеў купіць сабе кватэры. Бацька Лукашэнка можа быць задаволены».

У нас прэзыдэнт па-за абсягам законаў, канстатуе Станіслаў Багданкевіч. Як прафэсійны эканаміст ён заяўляе, што крах нацыянальнай валюты — галоўная рэальная прычына сотняў мільёнаў нявернутых крэдытаў. Вінаватыя ў гэтым краху вядомыя ўсім, падкрэсьлівае Багданкевіч, але, на жаль, яны стаяць вышэй за законы й судовыя зыскі.

XS
SM
MD
LG