Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 сакавіка 1999 г.


Казімер Яноўскі, Гомель

Гомельская абласная бібліятэка адмовілася арганізаваць сустрэчу сваіх чытачоў зь пісьменьніцай Сьвятланай Алексіевіч, якая прыехала ў гэты горад, каб сустрэцца з героямі сваёй будучай кнігі.

Паведамлю слухачам Радыё Свабода, што, першай Сьвятлана Алексіевіч запісала гісторыю жыцьця й каханьня настаўніцы-пэнсіянэркі, якая ў маладыя гады выйшла замуж за інваліда, нарадзіла яму траіх дзяцей і пачувала сябе шчасьлівай і патрэбнай каханаму чалавеку доўгія гады. Гэтае каханьне дае сілы жанчыне й цяпер, калі каханага чалавека ўжо ня стала.

Я пацікавіўся ў пісьменьніцы — што гэта будзе за кніга, як яна стасуецца з папярэднімі — «Апошнімі сведкамі», «Цынкавымі хлопчыкамі», «Чарнобыльскай малітвай», якія крытыкі называюць энцыкляпэдыяй усіх савецкіх пакаленьняў.

(Алексіевіч:) «Калі апошняя кніга — «Чарнобыльская малітва» — была ўжо напісаная і я думала: што павінна быць далей, дык вырашыла, што цыкл мой мусіць быць завершаны яшчэ дзьвюма кнігамі. І гэты цыкл як бы называецца «Чалавек знаёмы». Пасьля я пачну другі — «Чалавек незнаёмы», чалавек іншых адносінаў з сусьветам. Мы — людзі эпохі войнаў, рэвалюцыяў, развалаў, і іншага досьведу ня маем. Мы — людзі культуры барацьбы, культуры вайны, скажам так — супрацьстаяньня і разбурэньня. Але ўсё ж нягледзячы на ўсе гэтыя жахі, якія чамусьці бясконца пашыраюцца, чалавек створаны ня толькі для таго, каб закрыць дзот, падняцца на дах рэактара, скончыць самагубствам з-за таго, што ідэя загінула. Напэўна ж, Божы замысел іншы. І напэўна ж, кожны з нас мае ў жыцьці такія ўспаміны, якія ён у апошнюю сваю гадзіну згадае. Ён напэўна ўспомніць штосьці асабістае, прыватнае, калі хочаце — начное. Як бы начны чалавек. Новая кніга будзе называцца «Дзіўны алень вечнага паляваньня». Як сказаў Аляксандар Грын, шчасьце, каханьне — гэта дзіўны алень вечнага паляваньня. Чалавек гоніцца за ім. Так што шостая кніга працягне мой летапіс пра нашага чалавека нашых пакаленьняў. Але ў нас, славянаў, чамусьці сумна ўсё атрымваецца. Чамусьці мы ніяк ня можам быць шчасьлівыя. Таму кніга — гэта зноў расповед пра людзей, але празь іх асабістыя гісторыі, праз каханьне, якое яны перажылі, праз тое, што яны зразумелі ў жыцьці».

Сьвятлана Алексіевіч прызнаецца, што вельмі часта прымушае сябе езьдзіць, каб ня стаць «кабінэтным вучоным», ці такім «заходнім» пісьменьнікам, якога на Захадзе друкуюць, але які даўно забыўся, што робіцца ў яго ўласным доме. У гэтай сувязі я пытаюся ў пісьменьніцы — чаму менавіта Гомельшчына, так сказаўшы, выбраная ў якасьці аб'екту дасьледаваньня?

(Алексіевіч:) «Я працавала тут, калі пісала кнігу «Чарнобыльская малітва». Раней — таксама, працуючы над першай кнігай «У вайны не жаночы твар», рабіла тут запісы. Па-другое, Гомельшчына для мяне — гэта штосьці асаблівае. Мой бацька родам зь Петрыкаўскага раёну, зь вёскі Камаровічы. Пасьля вайны ён быў дырэктарам у шмат якіх школах на Гомельшчыне, а ў Веткаўскім раёне ў вёсцы Прысна я наагул пакшла ў школу, і спадзяюся, што там яшчэ жыве мая першая настаўніца, якую я вельмі любіла. У Капаткевічах Петрыкаўскага раёну я закончыла сярэднюю школу. Добрая для мяне паездка».

Дадам, што абласная бібліятэка адмовілася арганізаваць сустрэчу сваіх чытачоў зь пісьменьніцай, чые кнігі выдадзеныя ў 19 краінах сьвету.

XS
SM
MD
LG