Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 сакавіка 1999 г.


Віктар Дзятліковіч, Масква

Сёньня расейскія палітыкі абмяркоўвалі праблемы пашырэньня НАТО. У Дзяржаўнай думе Расеі прайшлі парлямэнцкія слуханьні на тэму «Ваенныя і іншыя пагрозы бясьпецы Расеі ў сувязі з пашырэньнем НАТО на Ўсход». Як адзін з магчымых мэтадаў процідзеяньня НАТО разглядаецца вяртаньне на тэрыторыю Беларусі рэгулярных частак расейскіх узброеных сілаў. Пра гэта заявіў у інтэрвію для Радыё Свабода дэпутат Дзярждумы Раман Папковіч.

Дэпутаты Дзяржаўнай Думы Расеі правялі сёньня парлямэнцкія слуханьні ў справе пагрозаў Расеі ў сувязі з пашырэньнем НАТО. Слуханьні сабралі збольшага прадстаўнікоў левых партыяў. Ніхто з прысутных ня выказаў сумневу ў тым, што пашырэньне НАТО сапраўды ёсьць пагрозай для Расеі. Абмяркоўвалася толькі тое, як Расея можа супрацьдзейнічаць гэтаму працэсу. І тут не ў апошнюю чаргу ўвага была зьвернутая на Беларусь. Старшыня Дзяржаўнае Думы Генадзь Селязьнеў заявіў, выступаючы на слуханьнях, што ў сувязі з пашырэньнем НАТО Расея павінна надаваць яшчэ большую ўвагу дачыненьням зь Беларусьсю як з адзіным стратэгічным партнеэрам Расеі на заходнім напрамку. Селязьнёў выказаўся і за тое, каб Расея і Беларусь аказвалі ўсялякую дапамогу Югаславіі, якая, паводле словаў Селяьнёва, цяпер супрацьстаіць НАТО.

Старшыня камісіі па абароне Дзяржаўнай Думы Расеі Раман Папковіч пайшоў яшчэ далей. У інтэрвію карэспандэнту Радыё Свабода ён заявіў пра мэтазгоднасьць вяртаньня на тэрыторыю Беларусі расейскіх войскаў. «Я лічу, - заявіў Раман Папковіч,- што саюз Расеі і Беларусі павінен быць ня толькі эканамічным, але і ваенна-палітычным. І таму кіраўнікі дзьвюх дзяржаваў ужо цяпер павінны разгледзець пытаньне разьмяшчэньня ваеннага кантынгенту на мяжы з НАТО».

Далей Раман Папковіч заявіў:

(Папковіч:) «Мы павінны быць падрыхтаваныя да канфлікту з краінамі НАТО. У Польшчы ў Шчэціне месьціцца дацка-нямецкі ваенны корпус. Польшча прадстаўляе свае парты для патрэбаў флёту НАТО. Таму мы павінны захаваць у поўнай гатовасьці ўсю ваенную інфраструктуру — пазыцыі, казармы, ваенныя гарадкі, усё тое, што засталося ў Беларусі пасьля вываду расейскіх войскаў. Калі мы ўзмоцнім ваенную групоўку на мяжы з Польшчай, гэта ня будзе парушэньнем ніякіх міжнародных дамоўленасьцяў. НАТО павялічвае сваю ваенную прысутнасьць ва Ўсходняй Эўропе, і мы павінны адэкватна рэагаваць».

Пакуль гэта яшчэ неафіцыйная пазыцыя расейскага кіраўніцтва, але расейскія ваенныя таксама выказваюць заклапочанасьць узмацненьнем прысутнасьці НАТО ва Ўсходняй Эўропе. На слуханьнях выступіў першы намесьнік начальніка Генэральнага Штабу Расейских войскаў Валерый Манілаў. «У Эўропе, - заявіў ён,- адбываецца кардынальная зьмена суадносінаў сілаў. Адчуваецца моцны дысбалянс на карысьць НАТО. Асабісты склад войскаў НАТО павялічваецца на 15%, колькасьць ваеннай тэхнікі таксама на 15-20%».

Узьніклая сытуацыя, заявіў далей Валеры Манілаў, патрабуе ад Расеі і яе саюзьнікаў спакойных і адэкватных дзеяньняў.

Зразумела, што калі размова заходзіць пра дачыненьні з НАТО, адзіным саюзьнікам на Захадзе для Расеі застаецца Беларусь. І таму нельга выключыць, што расейскія ваенныя ў хуткім часе прыйдуць да той самай думкі, што і дэпутат Раман Папковіч. Тым больш, што дэлегацыя беларускай «палаты прадстаўнікоў», якая прысутнічала на слуханьнях, згаджалася з усім, што там было сказана.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG