Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 03 сакавіка 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

12 сакавіка Польшча разам з Чэхіяй і Вугоршчынай стане паўнапраўным членам НАТО. Адначасова яна імкнецца да членства у Эўрапейскім Зьвязе. Якім чынам геапалітыка адаб'ецца на міждзяржаўных кантактах і памежным руху? Што гэта будзе азначаць на практыцы для звычайных грамадзянаў па абодва бакі мяжы?

«Хто мог спадзявацца, што гісторыя пойдзе такім шляхам», - заявіў маёр Лешэк Худзік, памежнік на кантрольна-прапускным пункце у Мэдыцы. «З другога боку, мы заўсёды былі часткай Эўропы», - дадаў ён. Цяпер яго падначаленыя больш пільна сочаць за ўсходняй мяжой, а не за «варожым» Захадам. Заміж савецкіх газікаў і зброі яны цяпер карыстаюцца ангельскімі лэнд-ровэрамі і аўстрыйскімі аўтаматамі.

НАТО і Эўрапейскі Зьвяз спадзяюцца, што Польшча ўсталюе на сваёй усходняй мяжы даўжынёй 1250 кілямэтраў надзейны бар'ер супраць нестабільнасьці і любой пагрозы з боку былых савецкіх рэспублік. Польшча ў асноўным пагаджаецца з роляй вартаўніка і наглядчыка, аднак са шматлікімі засьцярогамі. Нават афіцыйныя прадстаўнікі Варшавы лічаць, што няёмка цяпер адварочвацца сьпіной да суседзяў. Яны перасьцерагаюць перад тым, каб візавы рэжым ды іншыя абмежаваньні ў дачыненьні да суседзяў не ператварыліся ў новую «жалезную заслону», за якою даўжэйшы час знаходзілася сама Польшча.

«Няўжо імкнучыся на Захад мы самі павінны абмяжоўваць свабоду перамяшчэньня? - адказаў пытаньнем на пытаньне міністар замежных справаў Польшчы Браніслаў Герэмэк. - Мяжа павінна кантралявацца, але не закрывацца».

Пытаньне адкрытай мяжы самым непасрэдным чынам закранае гэтак званых «чаўнакоў» зь Беларусі і Ўкраіны, для якіх гэта спосаб утрыманьня. Многія нават па некалькі разоў на дзень перасякаюць мяжу з цыгарэтамі і гарэлкай. За пляшку гарэлкі або блёк цыгарэтаў яны могуць зарабіць па 3-5 даляраў. «Калі Польшча закрые мяжу, мы страцім адзіную крыніцу заробку», - кажуць яны. На абмежаваньні ў памежным руху скардзяцца таксама палякі. Ацэньваецца, што 100 тысяч чалавек жылі з гандлю з усходнімі суседзямі. Прыежджыя з Усходу пакідалі ў Польшчы ў сярэднім да двух мільярдаў даляраў за год. Таму і ня дзіўна, што летась пасьля ўвядзеньня больш жорсткіх правілаў польскія базары апусьцелі, а польскія прадпрымальнікі і ўласьнікі крамаў наладжвалі бурныя пратэсты супраць палітыкі свайго ўраду.

Пэрспэктыва ўзмацненьня мяжы мусіла б мець ня толькі нэгатыўныя эканамічныя вынікі. З пытаньнем, ці пасьля далучэньня Польшчы да НАТО трэба спадзявацца праблемаў у памежным руху, я зьвярнуўся да прэсавага сакратара Камандаваньня памежных сілаў у Варшаве лейтэнанта Міраслава Шацілы. Вось, што ён адказаў:

(Шаціла:) «Прыняцьце Польшчы ў НАТО абсалютна ня будзе мець уплыву на памежны рух, і то зь дзьвюх незалежных адна ад адной прычынаў. Памежная служба, якая адказвае за рух на мяжы, не ўваходзіць у склад узброеных сілаў краіны, а зьяўляецца ворганам дзяржаўнай адміністрацыі. Такім чынам, яна не ўваходзіць у сфэру кампэтэнцыяў абарончага пакту і займаецца цалкам іншымі справамі. Другая прычына зьвязаная з глыбейшай філязофіяй. Абарончы пакт, у дадзеным выпадку НАТО, у сёньняшніх рэаліях — гэта ня толькі абарона фронту, нейкай мяжы, але гэта пытаньне стратэгічнай канцэпцыі абароны нейкай тэрыторыі. Гэты пакт дзейнічае на вялікай прасторы, а не стаіць на мяжы і пільнуе, каб нехта не пранік у саюзную дзяржаву. Памежны рух грунтуецца на іншых правілах, на дамоўленасьцях аб бязьвізавым рэжыме паміж паасобнымі краінамі. Так што нічога ня зьменіцца. Проста Польшча вядзе нармальныя перамовы з суседзямі ды зь іншымі краінамі, каб палепшыць памежны рух. Усемагчымыя зьмены будуць накіраваныя толькі на паляпшэньне памежнага руху і ня будуць мець нічога супольнага з далучэньнем Польшчы да НАТО».

Такім чынам, узмацненьне ўсходняй мяжы не азначае адгароджваньня ад усходніх суседзяў. Заходнія структуры хочуць у першую чаргу ўтаймаваць хвалю нелегальных імігрантаў з былога СССР, Афрыкі і Азіі, якія э эканамічных меркаваньняў хочуць пранікнуць у Заходнюю Эўропу. Пасьля краху камунізму ў 1989 годзе Польшча адкрыла свае межы, але гэта прывяло да рэзкага павелічэньня нелегальнай іміграцыі з Усходу на Захад. Польшча атрымала 24 мільёны даляраў заходняй дапамогі на абнаўленьне памежнай інфраструктуры і выдаткоўвае значныя ўласныя сродкі. У 1992 годзе на нямецка-польскай мяжы было затрымана 30 тысячаў чалавек. Дзякуючы ўзмоцненаму кантролю і лепшаму тэхнічнаму абсталяваньню, летась колькасьць нелегальных імігрантаў зьменшылася да 6 тысячаў чалавек. Паводле словаў лейтэнанта Міраслава Шацілы, цяпер яны скарыстоўваюць лягчэйшы шлях на Захад з тэрыторыі Чэхіі.

Паводле заходніх ацэнак, Польшчы ўсё роўна далёка яшчэ да заходніх стандартаў. На мяжы далей знаходзіцца заараная паласа зямлі, як і ў гады «халоднай вайны», але пры сучасным разьвіцьці электронікі — гэта анахранізм. Усходнюю мяжу ахоўваюць 14 тысячаў памежнікаў, але іх замала. Адлегласьць паміж пастарункамі складае ў сярэднім 45 кілямэтраў, тым часам як у Эўразьвязе — 15 кімлямэтраў. Паводле словаў лейтэнанта Шацілы, «калі Польшча хоча хутчэй далучыцца да Эўразьвязу, яна мусіць падцягнуцца і ў галіне аховы мяжы».

XS
SM
MD
LG