Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 сакавіка 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Сёньня пачаўся двухдзённы візыт у Менск міністыра замежных справаў Югаславіі Жывадзіна Яванавіча. Галоўная афіцыйная мэта візыту — падпісаньне міжурадавага пагадненья аб узаемным скасаваньні візаў. Але ёсьць і іншая мэта — перамовы аб магчымых пастаўках узбраеньня Бялграду.

Акрамя двухбаковых перамоваў з сваім калегам — міністрам замежных справаў Беларусі Латыпавым — у праграме візыту Яванавіча сустрэчы з прэзыдэнтам Лукашэнкам, дзяржсакратаром Рады Бясьпекі Шэйманам, міністрам абароны Чумаковым, а таксама кіраўніцтвам «нацыянальнага сходу».

Адразу па прылёце ў Менск югаслаўскі міністар падкрэсьліў, што зь міністрам абароны Беларусі ён будзе весьці перамовы аб далейшым супрацоўніцтве ў гэтай галіне.

Варта адзначыць, што яшчэ на мінулым тыдні зь Яванавічам сустракаўся ў Бялградзе кіраўнік камісіі міжнародных справаў «палаты прадстаўнікоў» Козыр, які ўзначальваў дэлегацыю парлямэнцкага сходу саюзу Беларусі й Расеі. Гэтая дэлегацыя знаходзілася ў Югаславіі амаль тыдзень, і ейны візыт супаў зь міжнароднымі перамовамі ў Рамбуе наконт урэгуляваньня крызысу ў Косаве і будучыні гэтага краю.

Як вядома, адною з прычынаў таго, што палітычнае пагадненьне бакоў у поўным аб'ёме дагэтуль не падпісанае, стала пазыцыя югаслаўскага кіраўніцтва. Афіцыйны Бялград катэгарычна адмаўляецца ад прысутнасьці на тэрыторыі Косава ўзброеных сілаў НАТО. Гэтую пазыцыю Бялграду сярод краінаў, што ўваходзяць у АБСЭ, адназначна падтрымваюць толькі Масква і Менск. Дарэчы, Аляксандар Лукашэнка, які летась быў у Югаславіі з афіцыйным візытам, стаў першым сярод кіраўнікоў замежных дзяржаваў, што наведалі гэтую краіну за апошнія 5 гадоў. Ён неаднаразова рабіў заявы аб тым, што Беларусь гатовая аказаць Югаславіі ўсялякую дапамогу, — і паўтарыў гэта й зараз.

Аляксандар Козыр, які вярнуўся ў Менск зь Югаславіі ў мінулы чацьвер, надаў гэтым заявам зусім канкрэтны сэнс. Ён заявіў, па-першае, што «увядзеньне войскаў НАТО на тэрыторыю краіны ні ў якім выпадку не дапушчальнае», а гаворачы пра плянаваны візыт югаслаўскага міністра ў Менск, Козыр удакладніў, што ў часе гутаркі на гэтую тэму зь беларускімі прадстаўнікамі Яванавіч не хаваў, што «перамовы будуць весьціся, акрамя ўсяго іншага, пра магчымыя пастаўкі ўзбраеньня». Пад «іншым», верагодна, мелася на ўвазе скасаваньне ўязных візаў для паездак грамадзянаў Беларусі ў Югаславію і грамадзянаў Югаславіі ў Беларусь. Югаслаўскі бок, дарэчы, і раней не патрабаваў наяўнасьці візаў ад беларускіх грамадзянаў, якія жадалі наведаць СРЮ. Дастаткова было пісьмовай заявы ў амбасаду гэтай краіны ў Менску. Цяпер парадак уезду ў Югаславію для тых, хто пажадае, будзе, відаць, яшчэ больш спрошчаны.

А вось што да паставак узбраеньняў, дык тут мала толькі пагадненьня аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве, якое разглядаецца падчас гэтага візыту. Бо ёсьць яшчэ праблема транспартыроўкі падобнага грузу зь Беларусі ў Югаславію. Як вядома, паміж Беларусьсю і суседзямі СРЮ на Бальканах і ў Цэнтральнай Эўропе ўжо ўзьнікалі супярэчнасьці, калі Балгарыя, Вугоршчына й Румынія выказалі былі гатовасьць прадаставіць сваю паветраную прастору ў разе патрэбы для вайсковай апэрацыі НАТО дзеля вырашэньня косаўскага крызысу. Цяпер усе эўрапейскія краіны, якія не ўваходзяць у НАТО, у тым ліку Ўкраіна, выказваюць гатовасьць накіраваць сваіх вайскоўцаў у склад міратворчых сілаў пад эгідай АБСЭ ў выпадку дамоўленасьці паміж Югаславіяй і касаварамі. Сярод гэтых краінаў зноў-ткі няма толькі Беларусі й Расеі.

Дарэчы, Міністэрства Сувязі Беларусі днямі выпусьціла ў абарачэньне сувэнірны лісток паштовых знакаў, прысьвечаны Менскаму заводу колавых цягачоў. На блёку з 6 познамак і 3 купонаў прадстаўленыя ўзоры ваеннай прадукцыі заводу. На познамках наміналам ад 10 да 150 тысячаў рублёў можна бачыць выявы супэрцягачоў з усталяванай на іх баявой тэхнікай — зэнітна-ракетнымі комплексамі і ракетамі. Некалькі гадоў таму паштовае ведамства Беларусі зьдзівіла філятэлістычны сьвет познамкамі з выявай прэзыдэнта Лукашэнкі. Цяпер настала чарга рэклямы ваеннай прадукцыі. Магчыма, такім шляхам таксама фармуецца сучасны вобраз Беларусі за мяжою.

XS
SM
MD
LG