Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 сакавіка 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Былая старшыня НацБанку Беларусі Тамара Віньнікава празь Беларускі Гельсынскі Камітэт просіць дапамогі ў сусьветнай грамадзкасьці і зазначае грубые парушэньні беларускімі ўладамі яе правоў.

Былая старшыня НацБанку Беларусі Тамара Віньнікава і яе адвакат Людміла Ульяшына зьвярнуліся зь лістом у Беларускі Гельсынскі Камітэт. «Вычарпаныя ўсе магчымасьці па абароне ад шматлікіх парушэньняў, якія дапускае сьледзтва й пракуратура Беларусі ў дачыненьні да былой старшыні НацБанку Тамары Віньнікавай», - сьцьвярджаецца ў гэтым лісьце.

Нагадаем, што Тамара Віньнікава была арыштаваная дзеля падазрэньняў у службовых злоўжываньнях і крадзяжы дзяржаўнай маёмасьці 14 студзеня 1997 году і празь 10 месяцаў выйшла зь ізалятару КГБ, даўшы падпіску аб нявыезьдзе. Аднак на волю Віньнікава так і не патрапіла. Фактычна ад лістапада 1997 года былая банкірка знаходзіцца пад хатнім арыштам, хоць гэтая прэвэнтыўная мера беларускім заканадаўствам нават не прадугледжаная. Віньнікаву не пускаюць з хаты, яе кантакты з навакольным сьветам абмежаваныя толькі роднымі і адвакатам, бо ў яе кватэры ўвесь час дзяжураць міліцыянты. Пры гэтым «пракуратура Беларусі адмаўляецца даць тлумачэньне — на якой юрыдычнай падставе Віньнікава знаходзіцца пад хатнім арыштам», - сьцьвярджаецца ў лісьце, які прыйшоў на адрас БГК.

Тым часам, як вынікае з дакумэнта, стан здароўя Віньнікавай усё пагаршаецца. Яшчэ ў 1998 годзе была праведзеная мэдычная экспэртыза, якая знайшла ў Віньнікавай анкалягічнае захворваньне. Экспэрты раілі ёй як найхутчэй зрабіць апэрацыю, якая магчымая толькі на базе 8-ай клінічнай лякарні. Аднак сьледзтва дагэтуль не дало згоды на апэрацыю, спаслаўшыся на тое, што ў гэтай лякарні няма ўмоваў для разьмяшчэньня аховы.

Летась у сьнежні дактары зноў агледзелі Тамару Віньнікаву і прыйшлі да сумнай высновы, што ейная хвароба прагрэсуе. «Калі Віньнікавай ня будзе аказаная кваліфікаваная дапамога, хвароба хутка прывядзе да глыбокай інваліднасьці ці нават сьмерці», - пісалі экспэрты ў сваім заключэньні. Аднак сьледзтва і гэтым разам не зрэагавала.

Зусім нядаўна — 26 студзеня — адвакат Ульяшына накіравала ў Фрунзэнскі суд хадайніцтва з просьбай зьмяніць Віньнікавай меру ўтрыманьня і пакласьці яе ў шпіталь, аднак у пракуратуры Беларусі адвакату заявілі, што гэтае хадайніцтва ня можа быць задаволенае, і нават не перадалі яго ў суд.

Беларускі Гельсынскі Камітэт ужо адрэагаваў на ліст, атрыманы ад Віньнікавай і ейнага адваката. «Мы зь вялікай заклапочанасьцю адзначаем, што ўлады Беларусі груба парушаюць правы Тамары Віньнікавай на ахову яе здароўя, і заклікаем умяшацца міжнародную грамадзкасьць. Тое, як улады абыходзяцца зь Віньнікавай, мы разглядаем як катаваньне, якое пагражае ейнаму жыцьцю», - заяўляе Беларускі Гельсынскі Камітэт.

XS
SM
MD
LG