Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 сакавіка 1999 г.


Віктар Дзятліковіч, Масква

Сёньня палітычная сытуацыя ў Беларусі абмяркоўвалася ў Дзяржаўнай Думе Расеі. Дэпутаты Канстанцін Баравы і Сяргей Юшанкоў запрапанавалі сваім калегам асудзіць проціпраўныя дзеяньні беларускіх уладаў у дачыненьні да Цэнтральнай камісіі ў справе выбараў прэзыдэнта і ўдзельнікаў антыфашыстоўскага мітынгу.

Сёньня на ранішнім паседжаньні Дзяржаўнай Думы Расеі дэпутаты Канстанцін Баравы і Сяргей Юшанкоў запрапанавалі сваім калегам даць ацэнку апошнім падзеям у Беларусі. Яны падрыхтавалі праект заявы з назовам «У сувязі з проціпраўнымі дзеяньнямі прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі».

Выступаючы на паседжаньні Думы, Канстанцін Баравы заявіў, што расейскі парлямэнт абавязаны «зьвярнуць увагу на абсалютна ненармальную, неправавую сытуацыю ў Беларусі». Праект заявы быў даволі жорсткі. Дзяржаўнай Думе прапанавалася «выказаць рашучы пратэст супраць дзеяньняў Аляксандра Лукашэнкі, які заблякаваў канстытуцыйныя дэмакратычныя працэсы ў краіне, адмяніў чарговыя выбары прэзыдэнта, ажыцьцяўляе перасьлед прадстаўнікоў палітычных партыяў і ўчыняе рэпрэсіі супраць сябраў Цэнтральнай камісіі ў справе выбараў прэзыдэнта».

У праекце заявы згадваюцца і арышты ўдзельнікаў антыфашыстоўскай акцыі 27 лютага. «Расея як дэмакратычная дзяржава, - гаварылася ў праекце заявы, - вымушаная папярэдзіць прэзыдэнта Беларусі пра магчымасьць адмовы ад пагадненьняў аб стварэньні саюзнай дзяржавы, калі Беларусь ня будзе карыстацца агульнапрынятымі нормамі дэмакратычнай дзяржавы».

Рэакцыя на выступленьне Канстанціна Баравога прадэманстравала, што заява ня мае шанцаў быць прынятай. У выніку Баравы пагадзіўся перерабіць яе і запрапанаваць дэпутатам «больш стыманы тэкст».

У інтэрвію карэспандэнту Радыё Свабода Канстанцін Баравы прызнаўся, што не чакаў іншай рэакцыі. Ён таксама выказаў упэўненасьць, што ў любым варыянце Дзяржаўная Дума гэтую заяву не падтрымае. «Нашая мэта, - сказаў Канстанцін Баравы, - запрапанаваць Дзяржаўнай Думе заняць пазыцыю парляманту дэмакратычнай дзяржавы. Калі Дума адмовіцца падтрымаць наш праект заявы, гэта будзе азначаць адно з двух: ці тое, што Расея — гэта недэмакратычная дзяржава, ці тое, што Дзяржаўная Дума — недэмакратычны парлямэнт».

Паводле словаў Канстанціна Баравога, ен мяркуе вынесьці канчатковы праект заявы на разгляд Думы ў бліжэйшыя два дні.

XS
SM
MD
LG