Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 сакавіка 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Жодзіна--Ігумен--Слуцак

На Меншчыне пачалася «растлумачальная праца» рэгіянальных уладаў зь сябрамі тэрытарыяльных камісіяў па выбарах прэзыдэнта, ды яшчэ з тымі грамадзянамі, якія гэткіх сяброў туды вылучалі. Мэта акцыі — разбурыць згаданыя камісіі або істотна перашкодзіць іхнай працы.

Учора раніцай дырэктар Жодзінскага палітэхнічнага тэхнікуму Пятро Талерчык выклікаў да сябе ў кабінэт сябра мясцовай акруговай камісіі ў справе выбараў прэзыдэнта, свайго выкладчыка Юрася Жылко і папярэдзіў яго, каб пэдагог не выкарыстоўваў дзеля працы камісіі памяшканьні ў будынку навучальнай установы. Сваё папярэджаньне дырэктар патлумачыў тым, што днём раней, 1 сакавіка, старшыня Жодзінскага гарвыканкаму сп. Кашэўскі запрасіў да сябе кіраўнікоў тутэйшых прадпрыемстваў, арганізацыяў ды ўстановаў і распавёў прысутным наступнае: «Ёсьць загад згары не дазваляць падначаленым зь ліку сяброў акруговай камісіі разгортваць сваю грамадзкую дзейнасьць, напрыклад, праводзіць розныя незаконныя сходы і паседжаньні ці дапускаць у цэхі, калідоры, аўдыторыі або кабінэты ініцыятыўныя групы дзеля зборуі подпісаў за вылучэньне небезьвядомых Міхаіла Чыгіра ды Зянона Пазьняка незаконнымі кандыдатамі ў незаконныя прэзыдэнты».

А бліжэй да паўдня ўчора адбылося яшчэ адно цікавае здарэньне, і зноў жа ў Жодзіне, а больш дакладна — у мясцовай прамтаварнай краме, што на вуліцы Ціміразева, дзе група апранутых у цывільнае маладых людзей з праваахоўчых ворганаў імкнулася дазнацца — хто з прадаўцоў ставіў свае подпісы пад заявай, каб накіраваць у склад акруговай камісіі ў справе выбараў прэзыдэнта таго ці іншага чалавека. Гэтая група нават завітвала ў кватэры да асобных жодзінцаў з мэтай даведацца пра тое, хто пэрсанальна гэткія подпісы зьбіраў.

Гаворыць супрацоўніца Інстытуту Земляробства і Кармоў Іраіда Міско:

(Міско:) «Да мяне патэлефанавалі пэнсіянэры з майго інстытуту Башун Уладзімер Васілевіч і Башун Вольга Сьцяпанаўна. Вольга Сьцяпанаўна паведаміла, што да яе сёньня прыйшлі два маладыя чалавекі і запыталіся: хто зьбіраў подпісы за сяброў акруговай камісіі ў справе выбараў прэзыдэнта. Яны падумалі, што гэта мае сябры і сказалі: «Міско». І тады тыя запрапанавалі ім падпісаць пратакол, але гэта людзі адукаваныя і запыталіся — што за пратакол і навошта ён патрэбны? Хто вы такія і хто вас прыслаў? І яны адказалі, што іх прыслаў старшыня гарвыканкаму Кашэўскі».

І калі ў Жодзіне ўладам не ўдалося паўплываць на грамадзянаў, каб тыя адклікалі свае подпісы пад заявамі аб вылучэньні ў склад акруговых камісіяў актывістаў апазыцыйных партыяў і рухаў, то ў вясковай глыбінцы Менскай вобласьці прадстаўнікам раённых вэртыкаляў, сельвыканкамаў такое ўдаецца — як напрыклад гэта здарылася ўчора з жыхаркай вёскі Рудня Ігуменскага раёну Людмілай Удавенка. Тут яе землякі пасьля адпаведнай апрацоўкі з боку старшыні сельсавету сп-ні Гайкінай адклікалі свае подпісы з-пад заявы на вылучэньне ў раённую камісію ў справе выбараў прэзыдэнта менавіта сп-ні Ўдавенка. Падпісантаў найбольш напалохаў гэткі аргумэнт кіраўніцы сельсавету:

(Удавенка:) «Людзям сказалі, што яны падпісаліся супраць Лукашэнкі».

Як паведаміў мне старшыня Слуцкага клюбу выбаршчыкаў Аляксандар Катляроў, падобныя выпадкі адбыліся колькі дзён таму і на Случчыне, у прыватнасьці ў вёсцы Гацук. Тут запалоханыя ўладамі вяскоўцы патрабуюць ад сваёй зямлячкі Ганны Кучынай вярнуць ім подпісы за вылучэньне настаўніцы Галіны Балахоўскай сябрам раённай камісіі ў справе выбараў прэзыдэнта.

XS
SM
MD
LG