Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 сакавіка 1999 г.


Захаваньне грамадзянскіх свабодаў

а) Свабода слова і друку

Канстытуцыя сьцьвярджае свабоду слова, а таксама свабоду атрымоўваць, захоўваць, і распаўсюджваць інфармацыю, але на практыцы ўрад абмяжоўвае гэтыя правы. Выканаўчая галіна працягвала здушэньне свабоды слова, абмяжоўваючы з дапамогаю дэкрэтаў правы грамадзянаў на выказваньне меркаваньняў. Урад таксама працягвае кампанію супроць незалежных СМІ, прымаючы новыя абмежавальныя зьмены ў Закон аб друку, а таксама забараняючы перадачу незалежным СМІ афіцыйнай інфармацыі. Таксама, хоць Канстытуцыя забараняе манаполію на СМІ, урад працягвае жорстка абмяжоўваць права на свабоду прэсы, з дапамогай практычнай манапалізацыі сродкаў вытворчасьці і сродкаў вяшчаньня на нацыянальным узроуні, а таксама адмаўляючы ў акрэдытацыі журналістам, якія крытыкуюць рэжым. Да таго ж, урад стварае эканамічны ціск на незалежныя СМІ, змушаючы рэклямадаўцаў адклікаць адтуль аб'явы і пазбаўляючы такія газэты офісаў. Супрацоўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў адахвочваюцца ад падпіскі на незалежныя газэты і часопісы.

У 1996 прэзыдэнт Лукашэнка падпісаў дэкрэт, паводле якога ўсе галоўныя рэдактары дзяржаўных газэтаў ператвараюцца ў дзяржаўных службоўцаў і ўводзяцца ў склад дзяржаўных радаў адпаведнага ўзроўню. Іншы дэкрэт надаў Дзяржкамдруку права накіроўваць выпускнікоў дзяржаўных журналісцкіх факультэтаў на працу ў дзяржаўныя СМІ, у якасьці платы за навучаньне. Гэтыя дэкрэты дагэтуль захоўваюць моц.

Прэзыдэнцкі дэкрэт нумар 5, выдадзены ў сакавіку 1997 году, забараняе шэраг агульна акрэсьленых дзеяньняў і абмяжоўвае свабоду выказваньня. Напрыклад, дэкрэт забараняе асобам насіць плякаты ці сьцягі, якія маюць сымболіку, афіцыйна не зарэгістраваную дзяржавай, а таксама «эмблемы, сымбалі і плякаты, зьмест якіх мае на мэце пашкодзіць дзяржаве і грамадзкаму парадку, правам і законным інтарэсам грамадзянаў». Дэкрэт забараняе таксама дзеяньні якія «зьневажаюць годнасьць і гонар урадоўцаў дзяржаўных ворганаў».

Закон аб дыфамацыі ня робіць розьніцы паміж прыватнымі і афіцыйнымі асобамі ў справе судовага перасьледу за абразу. Афіцыйная асоба, пакрытыкаваная за кепскую службу, можа зьвярнуцца ў пракуратуру дзеля судовага спагнаньня з газэты, якая надрукавала крытыку. 4 чэрвеня ніжэйшая палата «нацыянальнага сходу» ухваліла закон, паводле якога публічная абраза ці паклёп на прэзыдэнта можа караца да 4 год зьняволеньня, 2 гадамі лягероў прымусовай працы, ці вялікім штрафам. Аднак, на працягу году ніхто ня быў арыштаваны ці абвінавачаны паводле гэтага закону.

У 1997 годзе Савет Міністраў выдаў дэкрэт, які забараняе і абмяжоўвае правоз тавараў праз мытныя межы. Гэты дэкрэт непасрэдна забараніў увоз і вываз друкаваных, аўдыя-, і відэаматэрыялаў ці іншых носьбітаў інфармацыі, якая можа пашкодзіць эканамічным ці палітычным інтарэсам краіны. Дэкрэт скіраваны, сярод іншага, супраць некаторых апазыцыйных публікацыяў, якія выдаюцца ў замежжы. 2 траўня супрацоўнікі мытні сканфіскавалі на беларуска-ўкраінскай мяжы ў кіраўнікоў апазыцыйнага Беларускага Народнага Фронту 900 асобнікаў «Беларускіх Ведамасьцяў». 10 жніўня ўлады затрымалі на 8 гадзін двух грамадзянаў Чэхіі на беларуска-ўкраінскай мяжы і сканфіскавалі фатастужку і папяровыя матэрыялы, мяркуючы што тыя мелі мэтаю «дыскрэдытаваць грамадзкую і палітычную сыстэму ў Беларусі». 19 кастрычніка мытнікі сканфіскавалі на беларуска-ўкраінскай мяжы каля 1800 асобнікаў «Беларускіх Ведамасьцяў» у актывістаў апазыцыі.

Беларускі Патрыятычны Саюз Моладзі, прапрэзыдэнцкая маладзёвая арганізацыя на дзяржаўным фінансаваньні, атрымала дазвол пераняць кантроль над Радыё 101.2. Радыё 101.2 было адзінай беларускамоўнай незалежнай станцыяй у краіне, пакуль улады не зачынілі яе ў 1996 годзе.

Хоць апазыцыйныя газэты шырока даступныя ў Менску, па-за сталіцай большасьць мястэчкаў мае толькі мясцовыя газэты, зь якіх толькі асобныя можна лічыць незалежнымі. У лістападзе 1997 году Дзяржаўны Камітэт па Друку выдаў два папярэджаньні «Свабодзе», найбуйнейшай незалежнай газэце, сьцьвярджаючы што два зь яе апошніх артыкулаў парушалі Закон аб друку, бо былі спробаю выклікаць сацыяльны неспакой. У выніку «Свабода» была зачыненая рашэньнем Найвышэйшага Гаспадарчага Суду. 23 студзеня ўлады выдалі папярэджаньне «Навінам», новай газэце, заснаванай былымі супрацоўнікамі «Свабоды», за зьмяшчэньне лягатыпу «Свабоды» на першай старонцы.

29 траўня Дзяржаўны Камітэт па Друку афіцыйна папярэдзіў «Нашу Ніву», незалежную беларускамоўную газэту, патрабуючы спыніць выкарыстаньне традыцыйнага беларускага правапісу, а друкаваць у адпаведнасьці з правапіснымі зьменамі, уведзенымі пры Сталіне ў 1933 годзе. Спрабуючы папярэдзіць падзеі, што выглядалі на пачатак кампаніі па закрыцьці газэты, «Наша Ніва» распачала судовую справу супраць Дзяржаўнага Камітэту па Друку. Згодна зь зьменамі ў Законе аб друку, прынятымі ў снежні 1997 году, «Наша Ніва» магла б быць зачыненая па атрыманьні яшчэ двух папярэджаньняў. 14 жніўня Найвышэйшы Гаспадарчы Суд стварыў адмысловую лінгвістычную камісію дзеля глыбейшага вывучэньня праблемы. У сьнежні, калі лінгвістычная камісія скончыла працу, Найвышэйшы Гаспадарчы Суд ануляваў папярэджаньні «Нашай Ніве».

1 чэрвеня Дзяржаўны Камітэт па Друку выдаў афіцыйнае папярэджаньне менскай газэце «Здравый Смысл» за публікацыю «скажонае інфармацыі». Папярэджаньне было атрыманае пасьля зьмяшчэньня ў «Здравым Смысле» артыкула аб тым, што нью-ёркскі Камітэт у Абарону Журналістаў уключыў прэзыдэнта Лукашэнку ў сьпіс дзесяці найгоршых «ворагаў прэсы» сьвету. У ліпені мясцовыя ўлады ў мястэчку Дзятлава спрабавалі аказаць ціск на рэдактароў апазыцыйнай «Нашай Праўды» з мэтаю закрыцьця газэты, пасьля публікацыі ў ёй артыкула Зянона Пазьняка. У жніўні два рэдактары «Нашай Праўды» былі дапытаныя мясцовай міліцыяй і аштрафаваныя.

2 сьнежня ўвайшлі ў дзеяньне новыя правілы, якія абмежавалі распаўсюджаньне заканадаўчай інфармацыі толькі ліцэнзаванымі выданьнямі. Гэтае правіла патрабуе, каб незалежныя СМІ, якія публікуюць заканадаўчыя акты, зьвярталіся па ліцэнзіі ў камісію Міністэрства Юстыцыі. Шэрагу незалежных інфармацыйных выданьняў, уключна зь «Фемидой» і «Белорусским Рынком», было адмоўлена ў ліцэнзіі.

Дзяржаўнае Беларускае Тэлебачаньне і Радыё (БТР) застаецца манаполіяй як адзіная агульнадзяржаўная тэлевізійная станцыя. Яе выпускі навінаў стала зьмяшчалі неаб'ектыўныя паведамленьні на карысьць уладаў і адмаўлялі ў магчымасьці выказваньня супрацьлеглых меркаваньняў. Мясцовыя незалежныя тэлестанцыі працавалі ў некаторых рэгіёнах і ня мелі перашкодаў паведамляючы пра мясцовыя навіны. Некаторыя з гэтых станцыяў аднак сьведчылі, што яны зазнавалі ціск, ці цэнзуру, датычна асьвятленьня падзеяў агульнанацыянальнага ўзроўню.

Вяшчаньне Расейскага тэлебачаньня зьяўляецца адзінай у краіне крыніцай незалежнай інфармацыі з электронных СМІ, і часта стварае прычыну раздражненьня для ўраду Лукашэнкі. Аднак, дзеля перасылкі сваіх відэаматэрыялаў у Маскву, расейскія станцыі карыстаюцца тэлеабсталяваньнем БТР. Паводле расейскіх тэлевізійных групаў, улады часам абмяжоўвалі іх доступ да гэткага абсталяваньня.

28 студзеня ў палітычна матываванай справе карэспандэнт ОРТ Павал Шарамет і апэратар Зьміцер Завадзкі (абодва беларускія грамадзяне) былі прызнаныя вінаватымі ў незаконным пераходзе беларуска-літоўскае мяжы ў сярэдзіне 1997 году. Абодва атрымалі прысуд на 2 гады зьняволеньня ўмоўна. Раней у 1997 годзе ўлады ўжо пазбавілі Шарамета журналісцкай акрэдытацыі на той падставе, што ягоныя праграмы зьмяшчалі «наўмыснае скажэньне інфармацыі аб падзеях у Рэспубліцы Беларусь». 13 сакавіка тагачасны міністар замежных справаў Антановіч абвінаваціў расейскіх журналістаў у «дэзынфармацыі, фабрыкацыях, і паклёпе» супраць прэзыдэнта Лукашэнкі. Спасылаючыся на студзеньскі прысуд, улады адмовілі Шарамету ў дазволе выехаць за мяжу ў лістападзе дзеля атрыманьня міжнароднае ўзнагароды свабоды прэсы ад Камітэту ў Абарону Журналістаў.

25 сьнежня супрацоўнікі ўрадавых сілаў бясьпекі арыштавалі каля 10 асобаў, у тым ліку журналістаў, падчас несанкцыянаванай дэманстрацыі супраць далейшай інтэграцыі з Расеяй. 28 сьнежня чацьвёра зь ліку затрыманых былі асуджаныя да 5 дзён зьняволеньня кожны, два былі аштрафаваныя, і адзін атрымаў афіцыйнае папярэджаньне.

Пастанова Савету Міністраў 1997 году анулявала акрэдытацыю ўсіх карэспандэнтаў і запатрабавала, каб усе карэспандэнты замежных СМІ зьвярталіся па пераакрэдытацыю ў Міністэрства Замежных Справаў; дакумэнты на перарэгістрацыю патрабавалі зьвестак па біяграфіі і папярэдняй журналісцкай працы. Тыя з журналістаў, хто жылі ў Беларусі, былі таксама абавязаныя зарэгістравацца ў дзяржаўных падатковых службах. Вынікі гэтай пастановы застаюцца пакуль няяснымі, хоць на працягу году не было заўважана, каб улады скарысталі гэтую пастанову.

У студзені увайшлі ў дзеяньне больш жорсткія правілы, што грунтуюцца на зьменах у Законе аб друку, якія былі прынятыя «саветам рэспублікі» ў сьнежні 1997 году. Новыя нарматывы надаюць ураду шырэйшыя паўнамоцтвы для забароны і цэнзураваньня крытычных публікацыаў. Напрыклад, Дзяржаўны Камітэт па Друку атрымаў права прыпыняць на тры месяцы публікацыю пэрыядычных выданьняў і газэт без судовага рашэньня.

17 сакавіка адміністрацыя прэзыдэнта выдала ўнутраную дырэктыву «Аб узмацненьні контарзахадаў супраць артыкулаў у апазыцыйнай прэсе». Пералічаючы канкрэтна 10 незалежных СМІ, дырэктыва забараняе дзяржаўным урадоўцам даваць якія-небудзь камэнтары або перадаваць дакумэнты недзяржаўным СМІ, а таксама забараняе дзяржаўным прадпрыемствам разьмяшчаць там рэкляму. Хоць дырэктыва непасрэдна не абмяжоўвае незалежную прэсу, ні права грамадзян атрымоўваць інфармацыю, яна перашкаджае дзяржаўным службоўцам мець дачыненьні зь недзяржаўнымі СМІ, надаючы дзяржаўнай прэсе дададковыя перавагі.

У пачатку красавіка ў адкрытым лісьце да ўладаў і прадстаўнікоў АБСЭ, Беларуская Асацыяцыя Журналістаў пратэставала супраць гэтае дырэктывы, гаворачы пра яе як пра «антыканстытуцыйную, антыдэмакратычную, і дыскрымінацыйную». 14 красавіка «Народная Воля» паведаміла, што Міністэрства па Надзвычайных Сытуацыях адмовілася прадставіць газэце інфармацыю пра чарнобыльскіх ліквідатараў, на той падставе што яна не зьяўляецца дзяржаўнай. Спрабуючы абмежаваць доступ незалежных журналістаў да інфармацыі, улады, згодна з паведамленьнямі, адмаўлялі ім у акрэдытацыі падчас шэрагу падзеяў, уключна з 8-ай сэсіяй Парляманцкай асамблеі расейска-беларускага саюзу ў траўні і дзяржаўным візытам у Менск тагачаснага прэм'ер-міністра Расеі Сяргея Кірыенкі ў чэрвені.

Акадэмічная свабода паважалася ўладамі часткова. Студэнты ВНУ і дасьледчыкі могуць вывучаць практычна любыя прадметы ці праблемы.

На працягу году ўрад працягваў цкаваць студэнтаў якія бралі ўдзел у антыўрадавай дзейнасьці, такой як дэманстрацыі. Аляксей Шыдлоўскі, які быў асуджаны ў лютым да двух гадоў лягеру прымусовай працы па абвінавачаньні ў маляваньні антыпрэзыдэнцкіх графіты, быў выключаны з унівэрсытэту падчас папярэдняга зьняволньня. Сябры Беларускага Патрыятычнага Саюзу Моладзі, прапрэзыдэнцкай арганізацыі на дзяржаўным фінансаваньні, адыгрывалі ролю наглядчыкаў рэжыму за праявамі антыўрадавай дзейнасьці. Больш за гэта, паведамлялася што сябры саюзу маюць упрывілеяванае становішча ў дзяржаўных вучэльнях.

У 1997 годзе Савет Міністраў прыняў Пастанову, згодна зь якой з 1997-98 навучальнага году тыя студэнты, хто вучыцца бясплатна дзяржаўным коштам, абавязуюцца працаваць пасьля выпуску паводле дзяржаўнага разьмеркаваньня. На працягу году не было паведамленьняў аб выкарыстаньні гэтай пастановы дзеля пакараньня студэнтаў, якія бралі ўдзел у антыўрадавай дзейнасьці.

Урад працягвае зачыняць школы, дзе выкладаюць па-беларуску. Паводле інфармацыі Беларускай Лігі Правоў Чалавека, колькасьць беларускамоўных школаў скарацілася напалову з 1991 году. Дзяржаўныя ўлады, у сваю чаргу, сьцьвярджалі, быццам зачыняліся толькі тыя школы, што зазнавалі скарачэньне колькасьці вучняў. Аднак апазыцыйнае Таварыства Беларускай Мовы зазначала, што скарачэньне ў колькасьці першаклясьнікаў, якіх вучаць па-беларуску, з 76% да 28% паміж 1993 і 1998, сьведчыць пра дзяржаўную палітыку пашырэньня расейскамоўнай адукацыі. У ліпені Міністэрства Адукацыі зьмяніла Уладзімера Коласа, дырэктара Беларускага Гуманітарнага Ліцэю (адзіная ў Менску беларускамоўная ўстанова сярэдняй адукацыі) на дзяржаўнага прызначэнца. Гэты крок выклікаў пратэсты вучняў і бацькоў, якія бачылі ў гэтым рашэньні элемэнт кампаніі ўладаў, скіраванай, у канцовым выніку, на зачыненьне вучэльні. Аднак Коласу было дазволена застацца ў ліцэі ў якасьці намесьніка дырэктара.

XS
SM
MD
LG