Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 сакавіка 1999 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Сытуацыя вакол прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі пачынае прыцягваць усё большую ўвагу сусьветнае супольнасьці, і найперш у памежных краінах — Літве, Украіне і Польшчы.

Адзначу, што мне не прыйшлося тлумачыць сваім суразмоўцам сутнасьць справы — затрыманьне Віктара Ганчара і рэпрэсіі супраць сяброў ЦэнтарВыбарКаму даволі падрабязна асьвятляліся ў прэсе Літвы, Украіны і Польшчы.

Вось як ацэньвае сытуацыю дэпутат Літоўскага Сойму, сябра Кансэрватыўнае партыі (старшыня В. Ландсбергіс) Уладзімер Ермалаенка.

(Ермалаенка:) «Мы бачым, што ў Беларусі адбываюцца антыдэмакратычныя працэсы, і гэта нас турбуе. Тое, што сёньня Лукашэнка — легітымны прэзыдэнт Беларусі, ні ў кога не выклікае сумненьняў. Але вось пасьля сканчэньня тэрміну, які вызначаны прызнанай эўрапейскай супольнасьцю Канстытуцыяй, легітымнасьць Лукашэнкі выклікае вялікі сумнеў, мякка кажучы. Наагул, цяперашняя сытуацыя ў Беларусі мне нагадвае мэтады Садама Хусэйна. Дзіўна глядзець, як сяброў ЦэнтарВыбарКаму міліцыянты запіхваюць у аўтобус, як выбіваюць з рук журналістаў тэлекамэры. Дарэчы, калі няма свабоды слова, дык няма і свабоды выбару. А як ацаніць учорашнія суды? Канечне, трэба, каб эўрапейская супольнасьць даслала на выбары сваіх назіральнікаў.

Што тычыцца стаўленьня да Беларусі ў тым выпадку, калі беларуская ўлада не прызнае гэтыя выбары — гэта пытаньне складанае. Пра сумнеў у легітымнасьці Лукашэнкі я ўжо казаў. Але ж застаецца дзяржава Беларусь, і зь ёй мы будзем падтрымліваць адносіны. Так, мы можам паадклікаць сваіх амбасадараў, але навошта? Мы павінны захоўваць адносіны з Беларусьсю, але — адсочваючы сытуацыю, дасылаючы свае місіі, назіральнікаў, журналістаў. І абавязкова патрабаваць гарантыяў выкананьня правоў чалавека».

А вось што думае дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны, каардынатар парлямэнцкай фракцыі «Руху» Георгі Філіпчук:

(Філіпчук:) «Бясспрэчна, гэта — унутранае пытаньне самой Беларусі, але нам абсалютна неабыякава, што праблемы дэмакратыі пад вялікай пагрозай. І хоць наш пункт гледжаньня яшчэ ня быў абмеркаваны на пасяджэньні фракцыі, мы лічым, што беларуская апазыцыя павінна разьлічваць на тое, што зь ёй будуць лічыцца ўладныя структуры, уключаючы прэзыдэнта. Адсутнасьць палітычнага кампрамісу з боку Лукашэнкі будзе дэстабілізаваць палітычную сытуацыю. Палітычная і сацыяльная напружанасьць будзе павялічвацца. Таму мы падтрымліваем выбары. Бо выбары ж не дзеля выбараў, а дзеля таго, каб дэмакратызаваць беларускае грамадзтва, прывесьці становішча ў адпаведнасьць зь міжнароднымі нормамі. У традыцыях беларускага народу — імкненьне да свабоды і дэмакратыі».

Свой погляд мы папрасілі выказаць і рэдактара беластоцкай газэты «Ніва» Яўгена Мірановіча (Польшча).

(Мірановіч:) «Ні для кога ня дзіва, што Лукашэнка не пайшоў на гэтыя выбары, хоць ягоная пазыцыя зусім не рацыянальная. Грамадзтва ў Польшчы, як і ў Эўропе, будзе прыхільна ставіцца да апазыцыі, якая дамагаецца дэмакратыі. У нашым кутку сьвету кожная дыктатура, кожная ўлада, якая не шануе прынцыпаў дэмакратыі, успрымаецца ня надта добра. Гісторыя паказвае, што недэмакратычныя рэжымы заўсёды мусілі лічыцца з тым, што зь імі будзе нехта змагацца. Салідарнасьць грамадзянаў Польшчы да беларускай апазыцыі была й будзе надалей».

Як бачым, сытуацыя вакол прэзыдэнцкіх выбараў аналізуецца бліжэйшымі суседзямі Беларусі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG