Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 сакавіка 1999 г.


Праз 10 дзён Польшча стане поўнапраўным членам НАТО. Гэтая падзея, а таксама затрыманьне ў Менску сяброў Цэнтральнай Выбарчай Камісіі - адны з галоўных тэмаў на старонках сусьветнай прэсы. З нагоды першай падзеі міністар замежных справаў Польшчы Браніслаў Герэмэк даў інтэрвію карэспандэнту нашай радыёстанцыі ў Варшаве. Значная частка выказваньняў польскага міністра датычыла аналізу новай геапалітычнай сітуацыі ва Ўсходняй Эўропе пасьля пашырэньня НАТО. Прапануем вашай увазе некалькі найбольш істотных фрагмэнтаў гэтай размовы.

Далучэньне да НАТО, на думку Браніслава Герэмка, дасьць Польшчы новыя надзейныя гарантыі яе бясьпекі. Але адначасна гэта прывядзе да новай сытуацыі ў галіне дачыненьняў Польшчы зь яе суседзямі. Польшча як член НАТО, лічыць Геремек будзе лепш падрыхтаваная да ўмацаваньня добрасуседзкіх дачыненьняў з суседзямі. Асабліва гэта датычыць Украіны.

(Геремек:) «Украіна — стратэгічны партнэр Польшчы, і украінская незалежнасьць глыбока ўкаранёная ў польскіх нацыянальных інтарэсах. У нас з Украінай сёньня надзвычай добрыя дачыненьні. І мы мяркуем, што Ўкраіна бачыць у нашым далучэньні да НАТО магчымасьць павышэньня ўласнай бяспекі».

Значна менш аптымістычна выказваўся Герэмэк у справе дачыненьняў з Беларусьсю. Беларускія ўлады нам не давяраюць, падкрэсьліў ён. Асабліва гэта датычыць самога прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, які неаднойчы выказваў сваё абурэньне пашырэньнем НАТО. Беларускі прэзыдэнт лічыць, што пашырэньне НАТО — гэта пагроза для міру ў рэгіёне.

(Герэмэк:) «Пытаньне тут у тым, наколькі гэтае незадавальненьне кіраўнічых элітаў краіны пашыраецца на ўвесь беларускі народ. Польшча хоча падтрымліваць добрыя дачыненьні зь беларусамі. Як зь беларускай дзяржавай, так і зь беларускім народам».

Браніслаў Герэмэк таксама выказаў думку, што польскі ўрад паспрабуе зрабіць усё магчымае, каб пераканаць беларускае кіраўніцтва ў тым, што далучэньне Польшчы да НАТО адпавядае інтарэсам Беларусі. Каб зрабіць гэта, польская дыпляматыя абірае тактыку «малых крокаў». На думку польскага міністра, сяброўства ягонай краіны ў НАТО будзе спрыяць умацаваньню стабільнасьці і ліквідацыі канфліктаў у рэгіёне.

Значная частка інтэрвію Браніслава Герэмка датычыла дачыненьняў з Расеяй. Расея, на думку кіраўніка польскай дыпляматыі, па-ранейшаму застаецца моцным уплывовым фактарам у рэгіёне. І яе кіраўніцтва неаднойчы выказвала сваё незадавальненьне пашырэньнем НАТО. Расейскае кіраўніцтва не зьмяніла свой пункт гледжаньня і сёньня. Браніслаў Герэмэк, аднак, з аптымізмам глядзіць на будучыню польска-расейскіх дачыненьняў.

(Герэмэк:) «Я думаю, што, удзельнічаючы ў НАТО, мы зможам весьці з Расеяй шчыры дыялёг і супрацоўніцтва. Расея зразумела, што Польшча стала сябрам НАТО, і Расея ня ў стане процідзеяць гэтаму. Расея ня мае на гэта права «вэто». Для Расеі далучэньне Польшчы да НАТО павінна быць заахвочаньнем для паляпшэньня дачыненьняў з Паўночна-Атлянтычным альянсам. Польшча, са свайго боку, як сябар НАТО найбольш зацікаўленая ўва ўсталяваньні добрых дачыненьняў паміж Расеяй і НАТО».

На заканчэньне размовы ў Варшаве Браніслаў Герэмэк адзначыў, што Расея сёньня застаецца «вялікай дзяржавай», што дзяржава гэтая хворая. І нават калі яна застанецца хворай на працягу доўгага пэрыяду, расейскі фактар па-ранейшаму будзе адыгрываць важную ролю ў замежнай палітыцы Польшчы.

XS
SM
MD
LG