Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 сакавіка 1999 г.


Справаздача Дзяржаўнага Дэпартамэнту ЗША аб стане правоў чалавека ў Беларусі ў 1998 годзе (І)

У Беларусі ўсталявалася такая сыстэма кіраваньня, пры якой ўся ўлада сканцэнтраваная ў руках прэзыдэнта. Ад часу, калі Аляксандар Лукашэнка ў ліпені 1994 году быў абраны першым прэзыдэнтам краіны, ён, ужываючы аўтарытарныя сродкі, няспынна ўзмацняў выканаўчую галіну ўлады. На моцы праведзенага ў лістападзе 1996 году рэфэрэндуму былі унесеныя папраўкі ў Канстытуцыю 1994 году, што Лукашэнка ўжыў для таго, каб пашырыць сваю ўладу і працягнуць тэрмін свайго прэзыдэнцтва. У выніку цяперашняя палітычная сыстэма грунтуецца на канстытуцыі 1996 году, якая была прынятая неканстытуцыйным шляхам. Бальшыня суб'ектаў міжнароднай супольнасьці крытыкавалі сумнеўны рэфэрэндум і не прызнаюць легітымнасьць канстытуцыі 1996 году і арганізаванай на яе падставе заканадаўчай улады. Хоць новая папраўленая канстытуцыя прадугледжвае фармальнае падзяленьне ўладаў, прэзыдэнт фактычна кантралюе ўсе галіны ўрадаваньня. Цяперашнія заканадаўчыя ворганы не былі абраныя непасрэдна, а былі створаныя з рэштак былога парлямэнту, распушчанага Лукашэнкам адразу пасьля рэфэрэндуму 1996 году. Канстытуцыя абмяжоўвае час дзейнасьці заканадаўчага воргану дзьвюма сэсіямі на год працягласьцю разам ня больш за 170 дзён. Прэзыдэнцкія дэкрэты, якія прымаюцца падчас перапынкаў у сэсіях, маюць сілу закону, за выняткам - толькі тэарэтычна - выпадкаў, азначаных у канстытуцыі 1996 году. Канстытуцыя 1996 году таксама дазваляе прэзыдэнту выдаваць дэкрэты, якія маюць сілу закону, ва ўмовах «надзвычайных абставінаў», якія Лукашэнка разглядае ў самым шырокім сэнсе. Судовая ўлада ня можа лічыцца незалежнай.

Адказнасьць за ахову парадку і унутраную бясьпеку дзеляць між сабою Камітэт Дзяржаўнай Бясьпекі і Міністэрства Ўнутраных Справаў, абое падсправаздачныя непасрэдна прэзыдэнту. Цывільныя ўлады не ажыцьцяўляюць належнага кантролю над сіламі бясьпекі. Кіраваная прэзыдэнтам Лікашэнкам Прэзыдэнцкая Гвардыя - першапачатна створаная для аховы высокапастаўленых службоўцаў - працягвала дзейнічаць супраць палітычных ворагаў Лукашэнкі безь ніякага юрыдычнага або заканадаўчага нагляду. Прадстаўнікі сілаў бясьпекі ўчынілі шматлікія парушэньні правоў чалавека.

Палітычнае кіраўніцтва краіны выступае супраць істотных эканамічных рэформаў і захаўвае ідэалягічную прыхільнасьць да плянавай эканомікі. Афіцыйныя асобы ў якасьці апраўданьня сваёй палітыкі цьвердзяць аб няспынным росьце сукупнага ўнутранага прадукту, які за год склаў нібыта каля 7%, тым часам як бальшыня незалежных аналітыкаў пагаджаецца на тым, што калі нейкі рост і адбыўся, дык толькі дзякуючы масаваму крэдытаваньню абцяжаранага запазычанасьцямі дзяржаўнага сэктару. Узрослы ўрадавы кантроль над канвэртавальнасьцю валюты ва ўмовах значнага падзеньня вартасьці беларускага рубля (які за апошні год абясцэніўся больш, чым у дзесяць разоў) стаўся прычынаю крытычнай нястачы рэзэрваў цьвёрдай валюты і затрымаў разьвіцьцё экспартнага сэктару. Паказьнік сукупнага ўнутранага прадукту на душу насельніцтва на працягу году афіцыйна заставаўся нязьменны і складаў прыблізна 1100 даляраў, аднак у рэальнасьці ён, магчыма, быў значна ніжэйшы. Хоць ненадзейнасьць афіцыйнай статыстыкі вельмі ўскладняе дакладную ацэнку эканамічных умоваў, можна канстатаваць, што жыцьцёвы ўзровень шмат якіх пластоў грамадзтва працягваў зьніжацца. Вылічаны паводле рынкавага курсу сярэдні месячны заробак за год упаў на 170 % ад 88 да 33 даляраў.

Стаўленьне ўладаў да захаваьння правоў чалавека значна пагоршылася ў сувязі з тым, што прэзыдэнт імкнуўся нэўтралізаваць апазыцыю ягоным спробам вярнуць краіну да колішніх савецкіх аўтарытарных мэтадаў кіраваньня. Ўлады жорстка абмяжоўваюць правы грамадзянаў мяняць уладу. Сілы бясьпекі працягвалі зьбіваць затрыманых і зьняволеных, яны таксама прычыніліся да зьбіваньня палітычных апанэнтаў рэжыму, у тым ліку непаўналетніх і незалежных журналістаў. Сілы бясьпекі адвольна арыштоўвалі і затрымвалі ў зьняволеньні грамадзянаў, прычым колькасьць палітычна матываваных арыштаў узрасла, хоць бальшыня арыштаваных неўзабаве вызвалялася. Працяглыя затрыманьні і адклады судовага разбору былі зафіксаваныя ў некалькіх справах палітычнага характару. У краіне быў як найменей адзін палітычны зьняволены. Наагул жа працяглыя затрыманьні і адклады судовага разбору былі частай практыкай. Службы бясьпекі парушалі права грамадзянаў на прыватнае жыцьцё і сачылі за дзейнасьцю апазыцыйных палітыкаў ды прадстаўнікоў іншых пластоў грамадзтва. Абмежаваньні свабоды слова, друку і мірных сходаў працягваліся. Улады таксама абмяжоўвалі свабоду асацыяцыяў. Былі ўведзеныя пэўныя абмежаваньні свабоды рэлігіі і свабоды перамяшчэньня. За міжнароднымі праваахоўчымі назіральнікамі было ўсталяванае сачэньне, яны часта цярпелі нападкі ўрадавых сілаў бясьпекі.

Разьдзел 1. Захаваньне пэрсанальнай цэласьці асобы

а) Палітычныя ды іншыя пазасудовыя забойствы
b) Зьнікненьне людзей
c) Катаваньні ды іншыя жорсткія, бесчалавечныя і зьневажальныя дзеяньні і пакараньні

Палітычных забойстваў і зьнікненьня людзей у 1998 годзе ў нашай краіне, на шчасьце, не зафіксавана. Затое трэці падразьдзел - «Катаваньні ды іншыя жорсткія, бесчалавечныя і зьневажальныя дзеяньні і пакараньні» малюе даволі сумную карціну. Прапануем вам паслухаць фрагмэнты справаздачы:

«Канстытуцыя 1996 году прадугледжвае асабістую недатыкальнасьць грамадзянаў і ў прыватнасьці не дапускае ўжыцьця катаваньняў ды іншых жорсткіх, бесчалавечных і зьневажальных дзеяньняў і пакараньняў. Аднак, паводле шматлікіх паведамленьняў, міліцыя і турэмныя ахоўнікі зьбіваюць затрыманых і зьняволеных, хоць палітычныя актывісты, арыштаваныя ў другой палове году зазначаюць, што наагул міліцыя і ахоўнікі не прымянялі да іх фізычнага гвалту. Прадстаўнікі міліцыі і турэмнай адміністрацыі могуць ужываць фізычную сілу супраць затрыманых і зьняволеных, калі апошнія выяўляюць непакорлівасьць, адмаўляюцца падпарадкоўвацца інструкцыям турэмнай адміністрацыі або «злосна» парушаюць умовы адбыцьця тэрміну. Да таго ж, праваабарончыя назіральнікі цалкам праўдападобна паведамляюць, што сьледчыя дамагаюцца прызнаньняў, ужываючы фізычны і псыхалягічны ціск. І хоць такія дзеяньні пярэчаць законам, Урад вельмі рэдка або ніколі не карае вінаватых у гэтых злоўжываньнях. Ахоўнікі ўжывалі сілу супраць затрыманых, каб дамагчыся прызнаньняў, а таксама пры звычайным выкананьні сваіх абавязкаў. Міліцыянты таксама зьбівалі дэманстрантаў».

Далей у справаздачы ідзе пералік выпадкаў, што ілюструюць згаданыя вышэй высновы.

24 лютага міліцыяй быў зьбіты і здушаны 52-гадовы прадстаўнік БНФ Уладзімер Юхо. Гэта адбылося падчас судовага працэсу над Аляксеем Шыдлоўскім. Сам Аляксей у гэты дзень быў асуджаны да палутара гадоў турмы. Як паведамляе Аляксеева сям'я, у турме яго неаднаразова зьбівалі ахоўнікі і адмаўлялі яму ў мэдычнай дапамозе.

2 красавіка пасьля несанкцыянаванага мітынгу пратэсту супраць беларуска-расейскага пагадненьня міліцыя жорстка зьбіла ўдзельнікаў акцыі. Сярод пацярпелых справаздача згадвае 15-гадовага Зьмітра Васковіча і 17-гадовага Сьцяпана Кульчанку.

У красавіку былі таксама жорстка зьбітыя выканаўчы сакратар БНФ Вячаслаў Сіўчык і лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец.

25 красавіка міліцыя зьбіла ўдзельнікаў мірнага шэсця «Чарнобыльскі Шлях». Некаторых зь іх міліцыя прымусіла сілай падпісаць фальшывыя сьведчаньні.

Пасьля прынятай Міністэрствам Абароны ў 1996 годзе пастанове аб барацьбе зь «дзедаўшчынай» у войску, колькасьць выпадкаў зьдзекаў і зьнявагаў маладых салдатаў летась працягвала зьмяншацца, зазначаецца ў справаздачы Дзярждэпартамэнту.

Умовы ўтрыманьня ў турме былі летась у Беларусі вельмі дрэнныя, турмы былі перапоўненыя, адзначалася нястача харчаваньня і лекаў, а таксама пашырэньнш хваробаў, такіх як сухоты і сыфіліс. Ня лепшыя ўмовы былі і ў турэмных шпіталях. Дрэнныя ўмовы былі ў сьледчых ізалятарах, дзе затрыманым адмаўлялі ў мэдычным даглядзе, што спрычыніла пагаршэньне іхнага здароўя ў чаканьні суду. Актывіст апазыцыі Вадзім Кабанчук, які быў вызвалены ў сакавіку, правёў 6 месяцаў у СІЗО, дзе ў камэры, разьлічанай на 14 чалавек, сядзелі 32 вязьні.

Паводле зьвестак няўрадавых арганізацыяў, каля 64 тысячаў вязьняў у Беларусі сядзяць у турмах і месцах зьняволеньня, разьлічаных, паводле афіцыйнай статыстыкі, на 41 тысячу чалавек.

d) Адвольныя арышты, зьняволеньні або ссылкі

Паводле зьвестак Беларускага Гэльсынскага Камітэту, на канец 1998 году ў Беларусі налічвалася 64 тысячы зьняволеных.

Паводле закону затрыманым даецца магчымасьць неабмежаванага доступу да адвакацкай дапамогі, а тым, хто ня мае магчымасьці наняць адваката, суд прызначае абаронцу сам. Аднак звычайна сьледчыя не інфармуюць затрыманых пра іхныя правы і падчас папярэдняга сьледзтва не даюць затрыманым магчымасьці карыстацца кансультацыямі адваката. Атрыманыя ў гэткіх умовах сьведчаньні ўжываюцца ў судзе супраць абвінавачванага. Прызначаныя судом адвакаты падначаленыя выканаўчай уладзе.

Затрыманыя і адвакаты паведамляюць пра абмежаваньні права на кансультацыі. Улады таксама пазбаўлялі адвакатаў адвакацкай ліцэнзіі або пагражалі гэта зрабіць у дачыненьні да абаронцаў у працэсах палітычнага характару. Такія захады прымаліся да адвакатаў Гары Паганяйлы і Веры Страмкоўскай, якія абаранялі абвінавачаных у гучных палітычных працэсах. Гары Паганяйла 2 чэрвеня быў пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі.

Летась, як і ў 1997 годзе, улады затрымвалі сотні людзей паводле палітычных матываў. Бальшыня зь іх былі ўдзельнікі мірных антыўрадавых дэманстрацыяў, яны трымаліся пад вартай ад некалькіх гадзінаў да некалькіх дзён. Падчас дэманстрацыяў прадстаўнікі службаў бясьпекі ў цывільным зьмешваліся з дэманстрантамі і правакавалі інцыдэнты, якія вялі да сутычак зь міліцыяй. Пасьля дэманстрацыяў затрыманым не дазвалялася зносіцца зь зьнешнім сьветам.

Паводле аднаго афіцыйнага паведамленьня, у жніўні ў месцах папярэдняга зьняволеньня ўтрымвалася 11 тысячаў чалавек.

У некаторых выпадках вядомыя палітычныя дзеячы ўтрымваліся ў месцах папярэдняга зьняволеньня больш працяглы тэрмін, часам больш за год. Тры месяцы ў ізалятары КГБ правёў журналіст ОРТ Павел Шарамет, тры тыдні — ягоны апэратар Зьміцер Завадзкі.

Арыштаваныя ў жніўні 1997 году за антыпрэзыдэнцкія надпісы на сьценах 19-гадовы Аляксей Шыдлоўскі і 16-гадовы Вадзім Лабковіч да судовага працэсу, які адбыўся ў лютым, праседзелі 6 месяцаў у папярэднім зьняволеньні.

Лідэр «Маладога Фронту» Павел Севярынец, арыштаваны пасьля дэманстрацыі 2 красавіка, праседзеў у папярэднім зьняволеньні да чэрвеня.

2 верасьня быў арыштаваны рэгіянальны лідэр БНФ у Віцебску Уладзімер Плешчанка, за тое, што нібыта разбурыў бюст расейскага генэрала Суворава. Ён заставаўся ў папярэднім зьняволеньні да канца году.

Доўгі час заставаліся ў месцах папярэдняга зьняволеньня некаторыя палітычныя дзеячы і былыя дзяржаўныя функцыянэры. Так, 11 лютага быў арыштаваны дэпутат парлямэнту Андрэй Клімаў, прычым шмат якія назіральнікі лічаць справу Клімава палітычна матываванай, бо ён быў адкрытым крытыкам прэзыдэнта Лукашэнкі. Сьледзтва ў справе Клімава працягнутае да 11 лютага 1999 году.

У справаздачы паведамляецца таксама аб справах былога міністра сельскай гаспадаркі Васіля Лявонава, былога дырэктара акцыйнага таварыства «Расьсьвет» Васіля Старавойтава і былой кіраўніцы Нацыянальнага Банку Тамары Віньнікавай.

e) Адмова ў справядлівым адкрытым судзе

Прысуды ў Беларусі выносяць судзьдзі. Толькі ў справе злачынстваў, за якія прызначаецца сьмяротнае пакараньне, у выпадку непрызнаньня абвінавачваным сваёй віны, прысуд выносіцца судом прысяжных. Судзьдзі залежаць ад Міністэрства юстыцыі, якое забясьпечвае інфраструктуру судовых установаў, і ад мясцовых вэртыкальных уладаў, якія выдзяляюць судзьдзям жытло. Да таго ж судзьдзі часта бываюць абавязаныя сваёй пасадай прэзыдэнту. Хоць пракуратура рашуча абвяргае такую інфармацыю, паступае шмат паведамленьняў аб практыцы «тэлефоннага права», калі выканаўчая ўлада загадзя дыктуе судам вынікі працэсаў.

У траўні 1997 году Лукашэнка выдаў прэзыдэнцкі ўказ нумар 12 «Аб некаторых захадах удасканаленьня адвакацкай і натарыяльнай практыкі», які, на думку міжнародных экспэртаў і праваабаронцаў значна абмежаваў незалежнасьць адвакатаў ад уладаў. Паводле ўказу, усе адвакаты цяпер падпарадкаваныя Міністэрству Юстыцыі, якое выдае адвакацкія ліцэнзіі і кантралюе дзейнасьць калегіі адвакатаў. Летась былі пазбаўленыя ліцэнзіяў адвакаты Гары Паганяйла і Надзея Дударава.

Паводле Канстытуцыі, суды маюць быць адкрытыя, за выняткам зазначаных у законе выпадкаў. Абвінавачваныя маюць права прысутнічаць на судовых паседжаньнях, апытваць сьведкаў і выстаўляць сьведкаў з свайго боку. Аднак на практыцы гэтыя правы часта парушаюцца. Нягледзячы на гарантаваную канстытуцыяй 1996 году прэзумпцыю невінаватасьці, абвінавачваныя часта мусяць даказваць сваю невінаватасьць.

У справаздачы падаюцца прыклады несправядлівых, палітычна матываваных судовых прысудаў: супрацоўнікаў тэлеканалу ОРТ Паўла Шарамета й Зьмітра Завадзкага, актывістаў «Маладога Фронту» Аляксея Шыдлоўскага й Вадзіма Лабковіча і дэпутата Вярхоўнага Савету XIII скліканьня Уладзімера Кудзінава. Ва ўсіх гэтых выпадках пакараньне відавочна не адпавядала характару ўчыненага злачынства і было выкліканае палітычнымі матывамі.

f) Адвольнае ўмяшаньне ў прыватнае, сямейнае хатняе жыцьцё і парушэньне тайны перапіскі

Недатыкальнасьць прыватнага жыцьця, жытла грамадзянаў і таямніца асабістай перапіскі гарантуюцца канстытуцыяй. Аднак на практыцы ўлады працягвалі сачыць за жытлом, праслухоўваць тэлефоны і кантраляваць кампутары грамадзянаў краіны. Шырока распаўсюджанае меркаваньне, што КГБ без папярэджаньня ўваходзіць у кватэры, праводзіць несанкцыянаваныя перагляды і чытае пошту. Палітычныя, праваабарончыя ды іншыя няўрадавыя арганізацыі лічаць, што іх размовы і карэспандэнцыя кантралююцца сіламі бясьпекі. Дзеячы апазыцыі неахвотна наведваюць замежныя амбасады, баючыся рэпрэсіяў.

КГБ, Міністэрства Ўнутраных Справаў і памежная служба ў рамках сваёй апэрацыйнай дзейнасьці маюць права на ўсталяваньне падслуховых прыладаў, але паводле закону мусяць атрымаць на гэта дазвол пракуратуры. Служба аховы прэзыдэнта, створаная ў 1995 годзе, праводзіла сачэньне за палітычнымі апанэнтамі прэзыдэнта. За бюджэтам і дзейнасьцю службы аховы няма ніякага юрыдычнага або заканадаўчага нагляду.

Амаль усе апазыцыйныя палітыкі дапускаюць, што ўлады кантралююць іх дзейнасьць і кантакты. Урад Лукашэнкі не зрабіў нічога, каб абвергнуць гэткія меркаваньні. Вядома, што міліцыянты, якія ахоўваюць замежныя амбасады, рэгіструюць візыты апазыцыйных палітыкаў. Да таго ж, сачэньне праводзіцца і за дзяржаўнымі ўрадоўцамі.

Прэзыдэнцкім дэкрэтам нумар 218, выдадзеным ў сакавіку 1997 году, забараняецца вываз з краіны і ўвоз у яе друкаваных, аўдыё- і відэаматэрыялаў, якія б маглі «пашкодзіць» эканамічным і палітычным інтарэсам краіны.

XS
SM
MD
LG