Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 сакавіка 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Ратамка

Дэлегатам 4-га зьезду Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі Беларусі, які праходзіў у суботу й нядзелю ў гатэлі конна-спартовага комплексу ў падменскім пасёлку Ратамка, удалося захаваць сваю партыю ад расколу, пагроза якога была вельмі рэальная. Галоўнай прычынай нязгоды паміж беларускімі лібэраламі стала пытаньне ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах, прызначаных на 16 траўня.

У суботу ўвечары жарсьці ў залі паседжаньняў зьезду дайшлі да крайняй мяжы. Частка дэпутатаў, сярод якіх былі і лідэры партыі Анатоль Лябедзька, Юры Захаранка, Васіль Шлындзікаў і некаторыя іншыя вядомыя асобы, заявілі аб намеры актыўна працаваць у перадвыбарчай камандзе Міхаіла Чыгіра. Іншыя ніяк не маглі пагадзіцца, што ў выбарах 16 траўня ня будзе ўдзельнічаць Генадзь Карпенка, які заявіў, што будзе рыхтавацца да наступных выбараў кіраўніка дзяржавы, а на сёлетніх падтрымае кандыдатуру Зянона Пазьняка.

Алею ў полымя падлілі і прынятыя зьездам рэзалюцыя з заявай, зьместы якіх супярэчылі адзін аднаму. Так, паводле заявы, АГП рэкамэндуе сваім сябрам самім вызначыцца з падтрымкай кандыдата на травеньскіх выбарах. У рэзалюцыі тым жа партыйным актывістам рэкамэндавана ствараць групы падтрымкі Генадзя Карпенкі і ўвогуле працаваць на будучыню, паколькі выбары 16 траўня хутчэй за ўсё будуць сарваныя ўладамі.

Падчас спрэчак многія вядомыя палітыкі-лібэралы нават выказвалі думку, што сёлетнія выбары — гэта проста гульня і яе трэба выкарыстоўваць толькі для рэклямы АГП сярод насельніцтва. З такой пазыцыяй катэгарычна не пагадзіліся тыя дэлегаты, што паставіліся да прызначаных Вярхоўным Саветам выбараў вельмі паважна.

Спрэчкі ня скончыліся нават пасьля абраньня старшынём партыі Станіслава Багданкевіча і паўсталі зноў у нядзелю, калі зьезд пачаў разглядаць кандыдатуры яго намесьнікаў. Кандыдаты Лябедзька, Шлындзікаў, Захаранка і Сасноў узялі самаадводы. Прычым Лябедзька заявіў, што калі партыя ставіцца настолькі непаважна да выбараў, у падрыхтоўцы якіх удзельнічаюць многія людзі і пры гэтым рызыкуюць асабістай свабодай, то ў будучыні Аб'яднаная Грамадзянская Партыя страціць павагу дэмакратычна настроеных людзей.

На прапанову некалькіх дэлегатаў кіраўніцтва партыі сабралася за зачыненымі дзьвярыма, і праз гадзіну кампраміс быў такі дасягнуты. Зьезд АГП пацьвердзіў свой намер актыўна ўдзельнічаць у выбарах 16 траўня і ня ўносіць расколу ў дэмакратычны рух.

Пасьля зьезду я папрасіў пракамэнтаваць яго вынікі намесьнікаў старшыні Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі Аляксандра Дабравольскага і Анатоля Лябедзьку. Гаворыць Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі:) «Самае галоўнае — тое, што мы павінны выступаць за незалежнасьць, за дэмакратыю і за ўсталяваньне нармальнага цывілізаванага рэжыму ў Беларусі. І гэтага мы дасягнулі. Самае галоўнае — мы будзем працаваць разам, мы зробім усё, каб 16 траўня адбыліся выбары, абвешчаныя Вярхоўным Саветам, і мы будзем рабіць усё, каб не паўтаралася магчымасьць зьяўленьня дыктатуры на нашай зямлі».

А вось што думае сп. Лябедзька:

(Лябедзька:) «Я думаю, што крытыка, якая гучала, будзе карысная, мы зробім нейкія высновы. Але мы сёньня павінны дэманстраваць рэжыму, што мы моцныя, моцныя духам і моцныя сваімі дзеяньнямі. І нават тыя непаразуменьні ці розныя пазыцыі, якія ў нас ёсьць — мы павінны быць вышэй за іх, мы сёньня павінны падтрымаць тых, хто зрабіў свой выбар», -

сказаў Анатоль Лябедзька, які ўсё ж такі прыняў рашэньне застацца на пасадзе намесьніка старшыні Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі.

XS
SM
MD
LG