Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 сакавіка 1999 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Увечары ў пятніцу ў Горадні адбылася сутычка антыфашысцкай моладзі з прафашысцкай.

У памяшканьні БНФ сабраўся маладзёвы антыфашысцкі камітэт. Нехта паведаміў, што ў цэнтры гораду, на Савецкай плошчы, былі заўважаныя ўдзельнікі РНЕ. Некалькі чалавек адразу накіраваліся туды і прывялі аднаго маладзёна, зь якім правялі, скажам так, прафіляктычную гутарку, пасьля чаго адпусьцілі. Неўзабаве ў памяшканьне гвалтам ўбіліся чалавек 10-15 у чорных скураных куртках і з голенымі галовамі. Адбылася бойка. Нападнікі пабілі некалькі шыбаў. Прыбыла міліцыя, будынак якой знаходзіцца недалёка, і затрымала двух чалавек. Відавочцы расказалі, што адзін з маладзёнаў быў у сапраўднай форме РНЕ: меў ягоную эмблему — рускую свастыку на чорным бэрэце і такі самы шэўрон на рукаве. Астатніх адзін са сьведкаў здарэньня назваў скінамі. Зь ягоных словаў яны мелі значкі падобныя да мішэні — крыжык у коле. Ён жа сказаў, што бачыўшы іх раней у горадзе чуў зь іхнага боку словы «Зіг Хайль!». Можна меркаваць, што РНЕ яшчэ ня мае ў нашым горадзе сваёй арганізацыі але знайшла, па-сутнасьці, сваіх аднадумцаў — скінаў, на якіх зьбіраецца абапірацца.

У студзені патрыятычная моладзь ужо затрымлівала двух маладзёнаў якія раздавалі на Савецкай плошчы маскоўскую газэтку РНЕ. Дарэчы, у апошні чацьвер зь сядзібы БНФ на вуліцы Карла Маркса людзі ў цывільным, якія прыехалі на міліцэйскай машыне, зьнялі сьцяг гэтай арганізацыі. А на наступны дзень на сядзібу БНФ напала прафашысцкая моладзь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG