Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 сакавіка 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

«Раздавім фашысцкую гадзіну!» Пад гэтым беларускім лёзунгам часоў Другой сусьветнай вайны сёньня ў Менску ў 11.30 на пляцы Якуба Коласа распачалася акцыя «Не — расейскаму фашызму ў Беларусі».

(Удзельніца акцыі:) «А я руская жанчына. Я выйшла супраць фашызму. Я не хачу, як руская жанчына (я ўжо й Ельцыну ліст напісала), каб мы ўступалі ў саюз з Расеяй. Я хачу жыць тут — на гэтай беларускай зямлі».

Давіць фашысцкую гадзіну выйшла беларуская апазыцыя, што стала своеасаблівай рэакцыяй на раздражненьне, якое выклікаюць найноўшыя праявы фашызму ў Беларусі: пачынаючы ад захапленьня Лукашэнкі гітлераўскай Нямеччынай і завяршаючы нядаўным зьбіцьцём расейскімі фашыстамі ў Менску прадстаўнікоў «Хартыі-97».

Гаворыць Валеры Костка, сябар Беларускага Гельсынскага Камітэту:

(Костка:) «РНЕўцы разгульваюць па плошчы Перамогі, дзе стаіць помнік змагарам за нашую незалежнасьць ад фашызму. Лукашэнка ўсхваляе Гітлера ў той час калі Беларусь кожнага трэцяга паклала ў барацьбе за тое, каб быць вольнай ад фашызму. Тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, гэта — д'ябальская антылёгіка.»

«Хартыя» разам з праваабарончым цэнтрам «Вясна-96» і Беларускім Гельсынскім Камітэтам ініцыявалі сёньняшнюю маніфэстацыю. У ёй бяруць удзел прадстаўнікі ўсіх дэмакратычных партыяў і рухаў Беларусі, свабодных прафсаюзаў і Вярхоўнага Савету.

Гаворыць Сямён Шарэцкі, старшыня ВС Беларусі XIII скліканьня:

(Шарэцкі:) «Я ўжо акрэсьліваў і пісаў аб тым, што калі я раней гаварыў, што ў нас запахла фашызмам, то сёньня фашызм у нас на вуліцах. Сёньняшні мітынг таму сьведчаньне — людзі выйшлі для таго каб весьці барацьбу з гэтай сапраўды фашысцкай гадзінай.»

Шэсьце распачалося з таго, што маніфэстанты выйшлі на праежджую частку праспэкта Скарыны. Рашэньнем Менгарвыканкаму праход дазволены толькі па ходніках праспэкту. Пад ногі маніфэстантам кідаецца фашысцкая свастыка.

(Чуваць скандаваньні:) «Далоў фашызм! Далоў фашызм!»

Гаворыць Любоў Лунёва, праваабаронца:

(Лунёва:) «Я думаю, што паколькі шэсьце зрабілася несанкцыянаваным, сёньня будзе шмат працы для праваабаронцаў».

(Чуваць скандаваньні:) «Далоў фашызм! Далоў фашызм!»

На Круглай плошчы арганізатары сёньняшняй маніфэстацыі ўскладаюць бел-чырвона-белыя кветкі да помніка Перамогі.

Удзельнікі мітынгу, які распачаўся ля Опэрнага тэатру, не шкадавалі эпітэтаў і мэтафараў адносна афіцыйнага кіраўніцтва Беларусі. Слова «фашызм» усе выступоўцы імкнуліся зарымаваць са словам «лукашызм». І сябра аргкамітэту «Хартыі-97» Зьміцер Бандарэнка, і Валеры Костка ад Гельсынскага Камітэту, і сябра ЦэнтарВыбарКаму Барыс Гюнтэр і іншыя казалі пра магчымасьць зьмяніць сытуацыю праз сёлетнія прэзыдэнцкія выбары. Выканаўца абавязкаў старшыні Беларускага Народнага Фронту Лявон Баршчэўскі паведаміў, што ўжо сфармаваная ініцыятыўная група для вылучэньня Зянона Пазьняка ў прэзыдэнты.

(Баршчэўскі:) «Мы павінны выбіраць нашага дэмакратычнага прэзыдэнта, мець нашыя ворганы законнай беларускай улады. Запрашаю запісвацца ў ініцыятыўныя групы ў справе выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі. Ініцыятыўная група ў падтрымку сп. Пазьняка працуе па адрасу вул. Варвашэні 8».

Мітынг закончыўся прыняцьцём рэзалюцыі антыфашыстоўскага зьместу, а арганізатары акцыі спсп. Бандарэнка, Костка і Бяляцкі атрымалі позвы зьявіцца ў райаддзелы міліцыі. Затрыманьні ўдзельнікаў маніфэстацыі пачаліся адразу пасьля яе завяршэньня. На гэты момант вядомыя прозьвішчы двух затрыманых сяброў койданаўскай рады БНФ — Васіль Бажковіч і Ўладзімер Руснак. Пакуль ня высьветленымі застаюцца прозьвішчы яшчэ двух затрыманых сяброў Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі. Як паведамілі нашаму радыё ў штаб-кватэры «Хартыі-97», гвалтоўна на вуліцы быў затрыманы Зьміцер Бандарэнка, якога зараз даставілі ў Савецкі РАЎС Менску. Некалькі сяброў БНФ пазьбегнулі гвалтоўнага затрыманьня схаваўшыся ў прадстаўніцтве АБСЭ ў Менску. Валерыя Костку два чалавекі ў цывільным безвынікова спрабавалі затрымаць проста ў будынку, дзе сёньня Беларускі Гельсынскі Камітэт ладзіць міжнародную канфэрэнцыю аб судовай рэформе. Застаецца незразумелым, як афіцыйныя ўлады будуць тлумачыць гвалт над удзельнікамі антыфашыстоўскае акцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG