Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 сакавіка 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Сярод асноўных кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах, прызначаных рашэньнем Вярхоўнага Савету Беларусі XIII скліканьня, называюць экс-прэм'ера Міхаіла Чыгіра. Сёньня Міхаіл Чыгір пацьвердзіў свой намер удзельнічаць у гэтай выбарчай кампаніі на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску.

Прэсавая канфэрэнцыя адбылася сёньня ў першай палове дня ў штаб-кватэры ініцыятыўнай групы ў вылучэньні кандыдатуры Міхаіла Чыгіра. Цікавасьць да гэтай падзеі была настолькі вялікая, што ў кватэры, дзе яна адбывалася, зь цяжкасьцю знайшлося месца для некалькіх дзясяткаў журналістаў з розных сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку замежных.

Міхаіл Чыгір, удакладняючы матывы свайго ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах, назваў, паводле ягонага меркаваньня, галоўную — жабрацкі стан, у якім апынуўся зараз народ Беларусі. Нават паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі сёньня самыя нізкія заробкі ў Эўропе. Калі б ня гэта і не пагроза яшчэ большага эканамічнага заняпаду, дык, паводле словаў Чыгіра, ён мог бы працаваць, як і раней, у адным з канцэрнаў у Нямеччыне.

Паводле словаў Чыгіра, ён абапіраецца на падтрымку ня толькі шэрагу дэмакратычных партыяў, але і пэўных катэгорыяў насельніцтва, у тым ліку, частку кіраўніцтва, асабліва на кіраўнікоў калгасаў. Група падтрымкі, паводле словаў экс-прэм'ера, складае сёньня каля 3000 чалавек. Пры гэтым асаблівыя спадзяваньні актывісты групы ўскладаюць на працу з моладзьдзю як найбольш актыўнай часткай грамадзтва. На ягоную думку, менавіта такія людзі, як Лабковіч і Шыдлоўскі, стануць сапраўднымі героямі нашага часу, а ня лідэры БПСМ ды іншых ідэалягічных структураў, створаных пры Лукашэнку.

Перадвыбарчы штаб Чыгіра ўзначальвае дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі Васіль Шлындзікаў. У штаб уваходзяць таксама дэпутаты Лябедзька, Нісьцюк, экс-міністар унутраных справаў Захаранка.

Што датычыць міжнароднага становішча, дык Чыгір нагадаў аб тым, што «на сёньняшні дзень маецца дваццаць пяць рэзалюцыяў міжнародных арганізацыяў, якія пацьвердзілі, што легітымным парлямэнтам Рэспублікі Беларусь зьяўляецца Вярхоўны Савет XIII скліканьня, якія заявілі, што рэфэрэндум, праведзены прэзыдэнтам Лукашэнкам у 1996 годзе быў нелегітымны». Міхаіл Чыгір заявіў таксама, што, паводле ягоных зьвестак, Эўрапарлямэнт, іншыя эўрапейскія структуры падтрымліваюць рашэньне Вярхоўнага Савету аб прызначэньні прэзыдэнцкіх выбараў. Што да Расеі, дык, паводле ягоных словаў, на ўзроўні асобных партыяў сытуацыю ў Беларусі разумеюць, але ж на афіцыйным узроўні, на жаль, праводзіцца тая самая недальнабачная палітыка ў дачыненьні да Лукашэнкі, як і ў 1994 годзе.

Пасьля заканчэньня прэсавай канфэрэнцыі Міхаіл Чыгір згадзіўся адказаць на некалькі пытаньняў Радыё Свабода.

(Тарас:) Вядома, што ва ўмовах поўнай манаполіі дзяржавы на электронныя СМІ вельмі цяжка разьлічваць на інфармаваньне, а значыць, і падтрымку выбаршчыкаў, многія зь якіх дагэтуль нічога ня чулі пра выбары прэзыдэнта. Што можна зрабіць у такой сітуацыі?

(Чыгір:) «Мы абавязкова давядзем да сьвядомасьці людзей, што выбары будуць. Таму што мы пакуль гэтай працай не займаліся, і ўжо значная колькасьць людзей ведае аб гэтым. А прыйдзе час — будуць плякаты, будуць лістоўкі, і я думаю, што кожны чалавек у Беларусі будзе ведаць, што 16-га адбудуцца выбары. Гэта мы зробім, гэта ня так складана. Сам Лукашэнка, думаю, нам дапаможа. Бо ён як сказаў, што ёсць ЦэнтарВыбарКам — ужо ўсе людзі, у вёсцы нават, ведаюць, што ёсць ЦэнтарВыбарКам, і ён будзе выбіраць прэзыдэнта».

(Тарас:) Вядома, што місія АБСЭ ускосна, іншы раз і прама, падтрымлівае выбары ў мясцовыя саветы. Па-першае, ці не пашкодзіць гэтая кампанія прэзыдэнцкім выбарам? І па-другое, якая будзе далейшая пазыцыя місіі ў правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў менавіта?

(Чыгір:) «Члены місіі АБСЭ дакладна ведаюць, як складваецца сытуацыя ў рэспубліцы, і яны нам адказалі так у момант перагавораў, што мы яшчэ ня ведаем, што вы можаце зрабіць і да якой ступені правядзеньня выбараў вы дойдзеце. Але як гэты працэс пойдзе, як будуць створаныя камісіі, калі будуць зафіксаваныя кандыдаты і калі будзе высокая гатовасьць да правядзеньня выбараў, адносіны да гэтых працэсаў будуць зусім другія.

А выбары ў мясцовыя саветы — вы ведаеце, нават кандыдатаў у сельскай мясцовасьці не хапае, каб праводзіць гэтыя выбары. Гэта гаворыць аб апатыі людзей да гэтых выбараў. Партыі маюць розныя погляды. Але ж я ведаю адно дакладна: пакуль зьверху будзе тое, што ёсьць у нас сёньня, ніякія спробы палепшыць сытуацыю за кошт таго, што будзе недзе ў мясцовых саветах дэмакратыя, нам ня ўдасца. Ды я ведаю, як праводзяцца выбары. Старшыня райвыканкаму аб'яўляе: усё, ужо з дэмакратыяй у нас пакончана, дэпутатамі будуць… І зачытвае сьпіс. Ну, што гэта за выбары?»

Што да выбараў прэзыдэнцкіх, дык на ягоную думку, перашкодзіць ім могуць толькі адкрытыя рэпрэсіі. Цягам прэсавай канфэрэнцыі на пытаньне, якімі будуць наступствы рэпрэсіяў, калі на іх пойдуць улады, Міхаіл Чыгір адказаў: «Для каго? Для ўладаў? Катастрафічныя. Мы жывем у цэнтры Эўропы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG