Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 сакавіка 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

У кампаніі па выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь 1 сакавіка наступіў новы этап — рэгістрацыя групаў падтрымкі кандыдатаў у прэзыдэнты. Ужо ў першы дзень зарэгістраваныя дзьве групы падтрымкі.

Як і плянавалася, 1 сакавіка адбылося чарговае паседжаньне Цэнтральнай Выбарчай Камісіі ў справе выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Яно пачалося роўна а 15 гадзіне. Сябры ЦэнтарВыбарКаму сабраліся ў аўтобусе, што быў прыпаркаваны ля шматпавярховага гмаху афіцыйных прафсаюзаў. Сюды ўвайшлі таксама прадстаўнікі кандыдатаў у прэзыдэнты, а таксама журналісты. Непасрэдна ў аўтобусе і адбылося паседжаньне ЦэнтарВыбарКаму.

Зь 17 сяброў галоўнай выбарчай камісіі на паседжаньне зьявіліся 15. Віктар Ганчар, як вядома, арыштаваны, а Ўладзімер Лабковіч, студэнт БДУ, на якога зрабілі моцны ціск родныя й выкладчыкі, шпіталізаваны з хваробай сэрца.

Вёў паседжаньне намесьнік Ганчара Іосіф Навумчык. Пасьля зацьверджаньня парадку дня слова далі Васілю Шлындзікаву, які ўзначальвае ініцыятыўную групу ў справе вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты Міхаіла Чыгіра. Сп. Шлындзікаў паведаміў, што групы падтрымкі былога кіраўніка ўраду Беларусі створаныя ва ўсіх раёнах краіны. Сёньня ў іхным складзе — больш за 3000 асобаў. Пасьля гэтага кіраўнік групы перадаў у ЦэнтарВыбарКам сьпіс, у якім называюцца 800 прозьвішчаў людзей, якія будуць працаваць у гэтай выбарчай кампаніі на карысьць Міхаіла Чыгіра.

Дарэчы, прэтэндэнт на пасаду кіраўніка дзяржавы таксама ўдзельнічаў у гэтай цырымоніі. А што да Васіля Шлындзікава, дык свой выступ перад ЦэнтарВыбарКамам ён скончыў выказам спадзяваньня на перамогу 16 траўня.

ЦэнтарВыбарКам аднагалосна зацьвердзіў склад ініцыятыўнай групы ў падтрымку Міхаіла Чыгіра.

Пасьля гэтага выступіў Сяргей Папкоў, які зьяўляецца кіраўніком ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка. Сп. Папкоў паведаміў, што кіраўнік Беларускага Народнага Фронту пасьля дэталёвага вывучэньня сытуацыі ў Беларусі даў згоду вылучыцца кандыдатам у прэзыдэнты. У апошні дзень лютага, паведаміў сп. Папкоў, адбылася нарада кіраўнікоў фронту, на якой прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх раёнаў нашай краіны. Яны пацьвердзілі свой намер весьці агітацыю за Зянона Пазьняка. У групе падтрымкі, паводле словаў Сяргея Папкова, будзе больш за 3000 чалавек, а пакуль у ЦэнтарВыбарКам перададзены сьпіс колькасьцю 500 асобаў.

Дарэчы, сп. Папкоў паведаміў, што ён вымушаны перадаць у выбарчую камісію копію заявы Зянона Пазьняка аб ягонай згодзе ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Рэч у тым, што арыгінал заявы застаўся ў Віктара Ганчара, які сёньня быў арыштаваны.

ЦэнтарВыбарКам зарэгістраваў групу падтрымкі Зянона Пазьняка на чале зь Сяргеем Папковым.

На заканчэньне паседжаньня сп. Навумчык нагадаў, што рэгістрацыя групаў падтрымкі кандыдатаў у прэзыдэнты будзе працягвацца да 11 сакавіка.

XS
SM
MD
LG