Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 сакавіка 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Адразу пасьля паседжаньня Цэнтральнай Выбарчай Камісіі яго ўдзельнікі накіраваліся ў Ленінскі суд, дзе іх судзілі за сход камісіі 25 лютага. Судовыя працэсы адбыліся над трынаццацьцю з шаснаццаці ўдзельнікаў сёньняшняга паседжаньня Цэнтральнай Выбарчай Камісіі. Старшыня ЦВК Віктар Ганчар быў гвалтоўна схоплены яшчэ да паседжаньня і атрымаў 10 сутак арышту. Пасьля паседжаньня трое сяброў ЦВК атрымалі па 5 сутак, штраф ад 15 да 30 мільёнаў атрымалі 7 чалавек, тры папярэджаньні былі вынесеныя жанчынам-сябрам камісіі. Сяргей Абадоўскі, які атрымаў 5 сутак, абвясьціў у залі галадоўку пратэсту.

Трынаццаць сяброў камісіі падзялілі на дзьве часткі — 8 чалавек судзілі ў будынку Ленінскага суду, другую частку — 5 чалавек — у міліцэйскім пастарунку, адзін пакойчык якога быў абсталяваны пад, так сказаўшы, судовую залю.

У будынку Ленінскага суду актыўна працавала судзьдзя Алена Церашкова, у міліцэйскім пастарунку — судзьдзя Зянкевіч, яшкая ўжо раней судзіла Ганчара. Судовыя працэсы Зянкевіч былі закрытыя.

Усе суды адбываліся без адвакатаў. Усім інкрымінаваўся 167 артыкул адміністрацыйнага кодэксу - «несанкцыянаваны сход» 25 лютага. У выніку 5 сутак арышту атрымалі трое сяброў — Гюнтэр, Гурыновіч і Абадоўскі. 49-гадовы Сяргей Абадоўскі абвясьціў у залі суду галадоўку. Папярэджаньні былі вынесеныя тром жанчынам-сябрам камісіі — Сазанавец, Клінавой і Лагун. Штрафы памерам 30 мільёнаў атрымалі чацьвёра — Самойленка, Дзіргінчус, Коктыш, Пахабаў. На 20 мільёнаў рублёў аштрафаваныя два чалавекі — Закурдаеў і Сідоранка.

15 мільёнаў штрафу атрымаў намесьнік старшыні ЦВК Іосіф Навумчык. Камэнтуючы прысуды, ён заявіў нашаму радыё:

(Навумчык:) «Гэта зноў тая самая тактыка — тактыка страху перад гэтай камісіяй, перад гэтай усёй выбарчай кампаніяй, тактыка гвалту. Іншага я і не чакаў ад уладаў, таму што яна пакуль што ніяк ня можа зразумець — што гэта такое выбары, калі гэта выбары былі нейкай змовай, як яны гэта называюць... Гэта ўсё ад страху перад сваім народам».

Нягледзячы на сёньняшнія судовыя працэсы і затрыманьні, Цэнтральная Выбарчая Камісія здолела выканаць увесь аб'ём працы, прадугледжаны Законам аб выбарах прэзыдэнта.

XS
SM
MD
LG