Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 сакавіка 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Старшыня Цэнтральнай Выбарчай Камісіі Віктар Ганчар быў гвалтоўна затрыманы і асуджаны на 10 сутак арышту. 30 мільёнаў рублёў штрафу атрымаў сябра Цэнтральнай Выбарчай Камісіі Генадзь Самойленка.

Паседжаньне Цэнтральнай Выбарчай Камісіі прайшло без старшыні. Віктар Ганчар у 13.30 быў гвалтоўна затрыманы на вуліцы Кісялёва, 5. Сьведкам затрыманьня Ганчара стаў прэсавы сакратар «Хартыі-97» Алег Бябенін, які паведаміў нашаму радыё:

(Бябенін:) «Машына з Ганчаром стаяла каля дома, да яе падыйшлі тры супрацоўнікі міліцыі ў форме і запатрабавалі ад Ганчара выйсьці, каб яго арыштаваць. Але ж ён адмовіўся гэта зрабіць, заблякаваў дзьверы ў машыне і зрабіў спробу ад'ехаць. Тады пад'ехалі міліцэйскія машыны і заблякавалі ягоную BMW з трох бакоў — сьпераду, ззаду і збоку — і міліцыянт з трох спробаў выбіў бакавую шыбіну, адчыніў дзьверы, і Ганчару заламалі рукі, засадзілі ў гэтую «Волгу» і зьвезьлі. Тамсама побач стаяла машына Ганчара з разьбітай бакавой шыбінай і было шмат супрацоўнікаў міліцыі, у тым ліку гарадзкое міліцэйскае начальства, напрыклад — палкоўнік Дрозд. На нашыя пытаньні яны адказваць адмовіліся».

Адразу пасьля гвалтоўнага затрыманьня Ганчара даставілі ў апорны пункт Ленінскага РАЎСу Менску. Тамсама, на месцы, распачаўся закрыты суд. Журналістаў на суд не дапусьцілі.

Судзьдзя Зянькевіч інкрымінавала Ганчару парушэньне артыкулу 167 адміністрацыйнага кодэксу за мінулае паседжаньне ЦВК і вынесла прысуд: 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Пра гэта сама судзьдзя Зянькевіч заявіла дэпутату Шчукіну.

Як паведамілі міліцыянты, з апорнага пункту Ганчара завезьлі ў спэцразьмеркавальнік на Акрэсьціна.

Пазьней у той самы апорны пункт быў дастаўлены іншы сябар ЦВК Генадзь Самойленка, якому судзьдзя Церашкова вынесла прысуд 30 мільёнаў рублёў штрафу.

Цэнтральная Выбарчая Камісія зрабіла заяву з нагоды затрыманьня Ганчара. Як паведаміў нашаму радыё сакратар ЦВК Барыс Гюнтэр...

(Гюнтэр:) «ЦВК як кіраўнічы ворган дзяржавы рашуча пратэстуе супраць дзеяньняў уладных структураў. Гэта звычайнае крымінальнае злачынства і падпадае якраз пад крымінальную адказнасьць, і дастаткова моцную. Гэта злоўжываньне службовым становішчам. Гэта дзяржаўнае злачынства».

Адразу пасьля паседжаньня Цэнтральнай Выбарчай Камісіі ў аўтобусе і рэгістрацыі ініцыятыўных групаў кандыдатаў у прэзыдэнты Чыгіра і Пазьняка ўсе сябры камісіі самі накіраваліся ў Ленінскі суд Менску, паколькі позвы зьявіцца ў суд ім былі ўручаныя яшчэ пасьля мінулага затрыманьня 25 лютага. Такое рашэньне яны матывавалі тым, што, зьявіўшыся самі, яны пазьбегнуць гвалтоўнага затрыманьня.

XS
SM
MD
LG