Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 лютага 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Сёньня ў Вышэйшым гаспадарчым судзе пачаўся разгляд справы паводле зыску газэты "Навіны" да Дзяржкамдруку. Газэта лічыць незаконным папярэджаньне ў свой адрас, вынесенае ёй за публікацыю артыкула "Жыгулі для сына Лукашэнкі".

Разгляд справы, якую вядзе судьдзя Вышэйшага гаспадарчага суду Аляксей Сусло, быў адразу ж перанесены на 12 сакавіка. Сёньня бакі толькі прадставілі неабходныя юрыдычныя дакуманты. Між тым, спрвава была ўзбуджаная на падставе зыску газэты "Навіны" яшчэ 1 лютага. Размова ж у папярэджаньні Дзяржкамдруку ідзе пра артыкул, апублікаваны 1 чэрвеня летась.

У тым артыкуле паведамлялася пра сэнсацыйную заяву Мікалая Гуськова, былога кіроўцы вядомага прадпрымальніка Аляксандра Саманкова. Цягам разгляду справы ў абвінавачваньні Саманкова ў хабарніцтве Гуськоў заявіў у менскім гарадзкім судзе, што ў 1994 годзе Аляксандр Лукашэнка атрымаў у яго даверанасьць на аўтамабіль "Жыгулі". У артыкуле ў "Навінах", са спасылкай на словы Гуськова, казалася, што машынай пэўны час карыстаўся сын Лукашэнкі Віктар. І што пазьней, у 1996 годзе "невядомыя асобы прыгналі ягоную машыну, узялі распіску, і папярэдзілі, каб трымаў язык за зубамі".

Дзяржкамдрук праз паўгода пасьля публікацыі палічыў гэтую інфармацыю несапраўднай, і вырашыў, што назва "Жыгулі для сына Лукашэнкі", як і артыкул у цэлым, сказілі фактычны сэнс паказаньняў Гуськова, паколькі, маўляў, іх няма ў пратаколах суду. На падставе гэтай высновы газэце было вынесенае папярэджаньне аб парушэньні Закона аб друку.

Чаму ўзьнікла гэтае папярэджаньне - стала зразумелым толькі сёньня. Вась што паведаміла адвакат Тацьцяна Станкевіч, якая прадстаўляе ў судзе скаржніка.

(Станкевіч:) "Як стала вядома цяпер, пасьля азнаямленьня са справаздачай прадстаўніка Дзяржкамдруку, гэтае папярэджаньне было вынесенае на падставе паведамленьня пракурора горада. І пасьля гэтага супрацоўнікі Дзяржкамдруку, вывучыўшы пратакол судовага паседжаньня, прыйшлі да высновы, што аўтарам артыкула была дадзеная інфармацыя, якая не адпавядае рэчаіснасьці. Мы, у сваю чаргу, прадаставілі дадатковую зыскавую заяву, бо мяркуем, што папярэджаньне будзе прызнана незаконным. Таму што, па-першае, пратакол паседжаньня не з'яўляецца даслоўным пераказам словаў тых, каго дапытваюць у судзе. Аўдыязапіс у тым судовым паседжаньні не рабіўся. Таму і казаць пра даслоўнае цытаваньне немагчыма".

Цікава, што ніхто з узгаданых у артыкуле асобаў не зьвяртаўся ў суд з просьбай абараніць іх гонар і годнасьць. Што ж кіравала дзеяньнямі пракуратуры?

(Станкевіч:) "Альбо пракуратура ўбачыла тое, чаго няма ў артыкуле, альбо проста камусьці трэба перашкодзіць працы газэты".

Газэта "Навіны" атрымала ў сярэдзіне лютага новае папярэджаньне з Дзяржкамдруку. Гэтым разам, у шэрагу іншых выданьняў, яна абвінавачваецца ў публікацыях пра дату прэзыдэнцкіх выбараў. Згодна з заканадаўствам, Дзяржкамдрук можа прыпыніць дзейнасьць выданьня пасьля двух папярэджваньняў.

Такім чынам, ад рашэньня суду па зыску газэты "Навіны" шмат у чым залежыць і лёс незалежнага друку ў цэлым.

XS
SM
MD
LG