Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 лютага 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Намінальна, палову дыстанцыі адолеў працэс над былым старшынёй калгаса "Расьсвет" Васілём Старавойтавым і двумя ягонымі намесьнікамі, якіх судзяць у Кіраўскім раённым судзе Магілеўскай вобласьці.

На сёньня суд разгледзіў пяць з дзесяці прад'яўленых Старавойтаву абвінавачваньняў. Усе яны тычацца гаспадарчай дзейнасьці былога акцыянэрнага таварыства "Расьсвет" і ягоных падразьдзяленьняў, у тым ліку і камэрцыйнага банку "Расьсвет". Сьледства і пракурор імкнуцца даказаць, што ў апошнія гады Старавойтаў нанёс вялікія страты дзяржаве шляхам крадзяжу калгаснай маёмасьці і фінансавых парушэньняў, у тым ліку незаконнымі апэрацыямі з валютай.

Старавойтаў сваёй віны не прызнае. Прычым, у большасьці, не супярэчаць ягоным словам і паказаньні сьведкаў, якіх ужо апытана больш за сто чалавек.

У прыватнасьці, не знайшлі падцьверджаньня ў судзе, на думку адваката Веры Страмкоўскай, абвінавачваньні ва злоўжываньнях крэдытнымі сродкамі. Яна адзначае, што з пачатку 90-х гадоў Старавойтаў пачаў рашуча рэфармаваць сваю гаспадарку. Аднак зараз, спасылаючыся на даўно састарэлыя нормы, сьледства трактуе гэтыя рэформы як парушэньні. Атрымоўваецца, што ў 1999 годзе Старавойтава судзяць на падставе законаў 60-х гадоў за тое, што ён рабіў напачатку 90-х.

Абарона даводзіць суду наступную прынцыповую пазыцыю. Старавойтаў рэфармаваў "Расьсвет" не дзеля таго, каб набіць уласныя кішэні, а каб надаць гаспадарцы эфэктыўнасьць у новых рынкавых умовах. І наадварот: гвалтоўнае спыненьне рэформаў у "Расьсвеце" ў 1997 годзе, пасьля арышту Васіля Старавойтава, нанесла гаспадарцы самыя значныя страты.

Сярод абвінавачваньняў, якія яшчэ не разгледжаныя судом, асаблівую цікавасьць выклікае абвінавачваньне Старавойтава ў хабары. Маўляў, ён даў хабар у выглядзе гарнітуру былому міністру сельскай гаспадаркі Васілю Лявонаву. Гэты эпізод будзе разгледжаны на будучым тыдні, і ня выключаныя, як кажуць, сюрпрызы.

Нагадаем, што Старавойтаў да гэтага ніколі не пагаджаўся, што даваў Лявонаву менавіта хабар. Аднак прызнаваў, што рабіў яму падарунак, разьлічваючы, што міністр зь цягам часу грошы ў касу гаспадаркі заплоціць. Ці заплаціў Лявонаў - Старавойтаў праверыць не пасьпеў. Так сьцьвярджаў былы старшыня на папярэднім сьледстве. Ня выключана, што на будучым тыдні гэтыя паказаньні прагучаць па-новаму. Ва ўсялякім разе, ад гэтага шмат у чым залежыць лёс самога Лявонава. Калі суд вырашыць, што Старавойтаў даў Лявонаву менавіта хабар, фактычна былы міністр будзе прызнаны злачынцам, нават бяз суду менавіта над ім.

Гэтая ганебная практыка - асуджэньня яшчэ да суда - ўжо стала ў Беларусі нормай.

Паводле словаў адваката, Васіль Старавойтаў працягвае хварэць і трымаецца толькі на леках.

XS
SM
MD
LG