Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 лютага 1999 г.


Віктар Дзятліковіч, Масква

Сеньня ў Маскве прайшло паседжаньне Міждзяржаўнай рады Расеі, Беларусі, Казахстану і Кыргызтану. Але чарговае абмеркаваньне інтэграцыйных працэсаў выклікала ў Маскве ці ня меньшую цікаўнасьць, чым учорашнія заявы Аляксандра Лукашэнкі пра магчымасьць вяртаньня ў Беларусь ядзернай зброі. Перад ад'ездам з Масквы Аляксандар Лукашэнка вымушаны быў тлумачыць, што ен не зьбіраецца вяртаць ядзерную зброю.

У Маскве сеньня прайшло паседжаньне Міждзяржаўнай Рады Расеі, Беларусі, Казахстану і Кыргызтану. У ім браў удзел і прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Паседжаньне не прынесла ніякіх нечаканасьцей. Як і плянавалася да саюзу чатырох дзяржаваў далучылася пятая — Таджыкістан.

Для тых хто заблытаўся ў колькасьці інтэграцыйных аб'яднаньняў у межах СНД, варта нагадаць, што саюз Беларусі Расеі, Казахстану і Кыргызтану быў заключаны ў сакавіку 96 года. Неафіцыйная яго назва – мытны саюз чатырох. Яго удзельнікі пастаянна абвінавачваюць адзін аднога ў невыкананьні узаемных абавязацельстваў.

Так, сярэднеазіяцкія краіны крытычна ставяцца да двухбаковай беларуска-расейскай інтэграцыі. Са свайго боку, Аляксандар Лукашэнка пад час знаходжаньня ў Маскве крытычна выказаўся у адрас Кыргызтану, які далучыўся да сусьветнай гандлёвай арганізацыі. На думку Лукашэнкі, гэта не адпавядае пагадненьню паміж чатырма дзяржавамі. Але непаразуменьні не перашкодзілі пашырыць саюз, далучыўшы да яго Таджыкістан.

Акрамя таго, прэзыдэнты ратыфікавалі праект чарговай "Дамовы аб Мытным саюзе і адзинай эканамічнай прасторы". На думку прэзыдэнтаў, гэты дакумент павінен будзе спрыяць фармаваньню эфектыінага мытнага саюзу паміж пяцьцю дзяржавамі. Калі гэтая дамова мусіць быць падпісаная, пакуль невядома.

Ці ня большую увагу чым паседжаньне, прыцягнула да сябе ўчарашняя заява Аляксандра Лукашэнкі пра магчымасьць вяртаньня ядзернай зброі на тэрыторыю Беларусі. Гэтую пазыцыю сяньня ізноў падтрымаў старшыня камісіі па абароне Дзяржаўнай думы Раман Папковіч. "Я згодны з прэзыдэнтам Беларусі, — заявіў расейскі дэпутат, — у тым, што пазіцыі дзе раней знаходзіліся нашыя вайсковыя часткі з ядзернай зброяй, павіны быць пастаянна гатовыя да таго, што гэтая зброя можа быць там часова размешчана".

Разам з тым, агенцтва Інтэрфакс прыводзіць сеньня думку неназваных ваенна-дыпляматычных крыніцаў у маскве: "Мэтазгоднасьць разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі будзе залежыць ад разьвіцьця ваенна-палітычнай сітуацыі ў Эўропе. Але ў сеньняшніх абставінах для падобных дзеяньняў няма падставаў". Разам з тым, тыя ж крыніцы не адмаўляюць, што "гіпатэтычна расейская ядзерная зброя можа быць разьмешчаная на тэрыторыі Беларусі".

У рэшце рэшт Аляксандар Лукашэнка вымушаны быў тлумачыць сваю пазыцыю. Перад адлётам у Менск ен фактычна адмовіўся ад сваіх учорашніх словаў. Як заявіў Лукашэнка, Беларусь ніколі не патрабавала вяртаньня ядзернай зброі. "Гэтага не было, — сказаў Лукашэнка. – Мы мірная і нейтральная дзяржава. Спробы размахваць Беларусьсю як нейкай дубінай перад носам у Захада ня будуць мець посьпеху".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG