Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 26 лютага 1999 г.


Аляксандар Лукашук, Прага

Сёньня прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавал пачаў свой працоўны дзень з візіту на Радыё Свабода. Разам зь ім былі былы прэзыдэнт Нямеччыны Рыхард Вайзэккэр і амбасадар ЗША ў Празе Джон Шэтак.

Заля навінаў Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа ёсьць месцам, куды сьцякаецца самая сьвежая інфармацыя міжнародных агенцтваў з усіх кантынентаў. Сёнья падзея, якая сама стала навіной, адбывалася ў гэтай залі. Вацлаў Гавал назваў сёньняшні дзень гістарычным:

(Гавал:) "На працягу дзесяцігоддзяў Радыё Свабодная Эўропа мела надзвычайнае значэньне для гэтай краіны. Ня толькі таму, што спрыяла кантакту, выступала пасярэднікам паміж апазыцыяй і грамадзянамі краіны, але і як крыніца аб'ектыўнай інфармацыі, цікавых каментароў і аналізу. Гэта было свайго роду пасланьне свабоды і надзеі, якое адгукалася ў нас, давала нам сілы і дапамагала. Гісторыя ішла сваім шляхам і сёньня, так супала, я падпішу дакумэнты аб нашым далучэньні да Паўночна-Атлянтычнага Саюзу. Гэтым актам мы становімся часткай свабоднага і дэмакратычнага сьвету. Я думаю, што Радыё Свабода, БіБіСі, Голас Амэрыкі унесьлі свой уклад у гэты гістарычны момант".

Прадстаўляючы сёньня гасьцей, прэзыдэнт Радыё Том Дайн так ахарактарызаваў тое агульнае, што аб'ядноўвае іх:

(Дайн:) "У сваім жыцьці ўсе тры прысутныя тут госьця імкнуліся да мэтаў, якія ывзначае маральны аўтарытэт і сумленьне, у справах і словах дэманстравалі фізычную і духоўную адвагу перад тварам небясьпекі, падтрымлівалі каштоўнасьць свабоды слова, спрыялі свабодзе распаўсюджваньня інфармацыі як неад"емнай рысе існаваньня дэмакратычнага грамадзтва. Усе трое вярнулі каштоўнасьць старому паняцьця патрыятызма.

Джон Шэтак, амэрыканскі амбасадар у Празе, добра вядомы як адвакат і дыплямат. Дарэчы, сёлетняя справаздача пра стан правоў чалавека ў сьвеце, якую сёньня публікуе Дзярждэпартамэнт ЗША, рыхтавалася пад кіраўніцтвам і з удзелам Джона Шэтака.

Пяць гадоў таму, пад час эйфарыі ад сканчэньня халоднай вайны, Вацлаў Гавал глядзеў у будучыню і прадбачыў, што роля Радыё Свабода яшчэ ня вычарпаная. Том Дайн назваў Вацлава Гавала "архітэктарам сучаснага Радыё Свабода".

Былы прэзыдэнт Нямеччыны, шматгадовы бургамістр Заходняга Бэрліну, Рыхард фон Вайзэкэр, гаворы пра слухачоў Свабоды і ролю радыёстанцыі, сказаў:

(фон Вайзэкэр:) Я ўдзячны за ўсё, што вы зрабілі іпрацягваеце рабіць. Ня толькі даваць свабодную інфармацыю, служыць свабодзе слова і пашыраць свабоду, але таксама нагадваць усім нам, што толькі змагацца за свабоду недастаткова, што калі свабода дасягнутая, яна непадзельная з адказнасьцю. Менавіта таму я вельмі ўражаны вашай працай і жадаю вам усяго найлепшага".

Вацлаў Гавал пачаў свой выступ з успаміну пра падзею 24-гадовай даўніны: ён напісаў тады адкрыты ліст камуністычнаму кіраўніку Чэхаславакіі Густаву Гусаку, і гэты ліст прачыталі па радыё зь Мюнхену. Гавал сказаў, што калі пачуў, як дыктар чытае ліст, той яму спадабаўся больш, чым у момант калі ён сам яго пісаў. Але галоўнае, паводле Гавала, у той момант ён адчуў нямарнасьць сваіх намаганьняў: яго пачуюць, дзякуючы радыё, ён дамогся чаго хацеў.

Як пацьвердзілі калегі з іншых рэдакцыяў Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа, практычна ўсе прэзыдэнты краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ў свой час, перад тым як стаць прэзыдэнтамі, гучалі па нашаму радыё.

XS
SM
MD
LG