Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 лютага 1999 г.


Уладзімір Глод, Менск

Не пасьпелі ў палітычных кулуарах Менску пераварыць навіну аб ад'езьдзе зь Беларусі Надзвычайнага і Паўнамоцнага амбасадара Вялікабрытаніі Джэсікі Пірс, як высьвятлілася, што яшчэ адзін дыплямат такога ж высокага рангу пакідае Менск. Гэта - амбасадар Расеі Валеры Лашчынін.

Валеры Лашчынін прыехаў у Менск у сьнежні 1996 году і замяніў на пасадзе амбасадара Ігара Сапрыкіна. Заўважым, што замена адбылася літаральна праз пару тыдняў пасьля так званага лістападаўскага рэфэрэндуму, і ў апазыцыйных колах спадзяваліся, што прызначэньне новага амбасадара азначае пэўныя зьмены ў палітыцы Масквы у адносінах да Менску. Аднак ілюзіі хутка разьвеяліся. Літаральна праз пару месяцаў спадара Лашчыліна за сьпіною пачалі называць не інакш, як "амбасадар Беларусі на Беларусі". І тут няма ніякай блытаніны. Новы дыплямат паводзіў сябе так, быццам бы на Беларусі ён абараняе не расейскія, але беларускія інтарэсы. А калі быць больш дакладным, ён падтрымліваў усе ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі, за што заўжды быў аддзячваны беларускім прэзыдэнтам. Учора пры разьвітальнай сустрэчы Лукашэнка навогул паставіў былога амбасадара на надзвычай высокае месца сярод прыхільнікаў беларуска-расейскай інтэграцыі, калі заявіў, што няма іншага чалавека, які выклікаў бы такую зацікаўленасьць і руплівасьць да справаў саюзу Беларусі і Расеі. " У гэтым сэнсе Вы можаце супернічаць толькі Яўгенам Максімавічам Прымаковам" - заявіў Лукашэнка, зьвяратючыся да Лашчыніна.

Цікава, што Валеры Лашчынін нарадзіўся і вырас у Магілеве. Ён скончыў Беларускі Дзяржаўны Унівэрсытэт, пасьля працаваў Міністэрстве Замежных Справаў БССР. Потым ён зьехаў у Маскву, працаваў там і напрыканцы 96-га году прыехаў у Менск з цэнтральнага апарату Міністэрства Замежных Справаў Расейскай
Фэдэрацыі. Лашчыніна добра ведае Генадзь Бураўкін. Паводле ягоных словаў, у маладосьці Валеры быў добры, зычлівы хлапец, актыўна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасьці ўнівэрсытэту, але пасьля вяртаньня на Беларусь Лашчыніна ўжо цяжка было пазнаць. Ён ператварыўся у звычайнага карьерыста,
які з імпэтам вёў даручаную яму Масквою справу. Лашчынін прыкладаў шмат намаганьняў у арганізацыі візытаў афіцыйных асобаў як зь Менску ў Маскву, так і з Масквы у Менск. Па ягоных уласных словах, 2 гады, якія ён правёў на Беларусі, сталі для яго кульмінацыяй усёй папярэдняй дыпляматычнай дзейнасьці і карьеры. У апошнім, дарэчы, экс-амбасадар мае рацыю. Па зьвестках, атрыманых у МЗС Расеі, Лашчынін будзе далей працаваць у прадстаўніцтве Расеі пры АБСЭ ў Вене. І хаця такі пераход, натуральна азначае паніжэньне ў пасадзе, усім зразумела, што багатая Вена значна лепш, чым галодны Менск.

Дарэчы, Лукашэнка падчас разьвітаньня з Лашчынінам выказаў спадзяваньне на тое, што апошні вернецца да беларуска-расейскіх адносінаў, прычым беларускаму прэзыдэнту хацелася б, каб гэта было
яшчэ на больш высокім узроўні. Зразумела, што падчас працы ў АБСЭ у Вене, а там, дарэчы, штогод зьбіраецца на сваё паседжаньне Палітычны камітэт АБСЭ, былы расейскі амбасадар будзе мець дачыненьне да так званага "беларускага пытаньня", паколькі афіцыйныя ўлады Беларусі не пакідаюць надзеяў,
што калі-небудзь АБСЭ прызнае легітымным заканадаўчым ворганам Беларусі не Вярхоўны Савет 13-га скліканьня, а так званы "нацыянальны сход".

Па зьвестках з расейскага МЗС, з Масквы ўжо адпраўленыя прапановы прыняць у якасьці новага амбасадара Валерыя Даўгола. Гэта карьерны дыплямат, які зараз працуе ва Управе краінаў СНД цэнтральнага апарату МЗС Расеі. У амбасадзе Расеі ў Менску з гэтай нагоды спадзяюцца, што з ягоным прызначэньнем беларуска-расейскія стасункі ня страцяць сваёй дынамікі.

XS
SM
MD
LG