Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 лютага 1999 г.


Казімір Яноўскі, Гомля

Былыя народныя дэпутаты СССР ад Гомлі Віктар Карніенка і Юры Варонежцаў падрыхтавалі адкрыты ліст да гэтаксама былых дэпутатаў Саюзу Мікалая Дземянцея, Анатоля Малафеева, Уладзімера Заламая, Вячаслава Кебіча, Уладзімера Ганчарыка, Аляксандра Дубко, Яфрэма Сакалова і Уладзімера Бядулі, якія зараз засядаюць у "верхняй палаце" прэзыдэнцкага "нацыянальнага сходу".

Ліст спадароў Карніенкі і Варонежцава пачынаецца зваротам да сумленьня і чалавечага спачуваньня згаданых асобаў. "Адзін з нашых калегаў па апошнім заканадаўчым воргане Саюзу - пішуць былыя гомельскія дэпутаты, - двойчы Герой Сацыялістычнай Працы Васіль Старавойтаў, знаходзіцца у турме, нягледзячы на свой 75 гадовы ўзрост. Мы лічым, што падобныя адносіны да гэтага чалавека ня толькі негуманныя. Яны злачынныя. Васіль Канстанцінавіч ніколі ня быў ні нашым сябрам, ні аднадумцам у Вярхоўным Савеце СССР. Ён знаходзіўся у дыяметральна супрацьлеглай палітычнай групоўцы. Ён быў разам з вамі, адным з вас. Тым больш незразумелае вашае маўчаньне.

Вы ня горш за нас ведаеце, што супярэчлівае і недасканалае існуючае заканадаўства дазваляе знайсьці што-небудзь "незаконнае" ў дзейнасьці любога гаспадарніка. Вы ня горш за нас ведаеце, хаця і ня кажаце пра гэта публічна, што Васіля Старавойтава перасьледуюць не за фінансавыя праграшэньні. Ён зьяўляецца ахвяраю помсты кіраўніка сёньняшняга рэжыму. Вы ня горш за нас разумееце, што трымаць 75-цігадовага чалавека ў турме з выбранай сьледзтвам нагоды - злачынства, якое ў крымінальным кодэксе вызначана як "наўмыснае забойства".

Улічваючы, што сёньня ў адрозьненьне ад нас усе вы маеце адносіны да кіруючай вярхушкі кіруючага рэжыму, заклікаем ужыць свой уплыў і магчымасьці, каб вызваліць вашага калегу пад падпіску аб нявыезьдзе. Тым самым будзе выратавана ягонае жыцьцё. Ня будзьце саўдзельнікамі злачынства, якое вялікім цяжарам ляжа на
вашае сумленьне. І памятайце, што агульначалавечыя каштоўнасьці немагчыма адмяніць адным указам чалавека, нават калі зараз ён падаецца вам усемагутным".

Свой сумесны ліст Віктар Карніенка і Юры Варонежцаў накіравалі у мясцовыя і цэнтральныя газэты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG