Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 лютага 1999 г.


Сёньня свой візыт у Маскву Аляксандар Лукашэнка пачаў з таго, што яшчэ ў аэрапорце зрабіў заяву пра памылковасьць вываду з тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі.

Але на гэтым ён не спыніўся. Gрацягнуўшы сваю думку, ён заявіў, што ядзерныя ракеты трэба вярнуць у Беларусь. "Нам трэба думаць пра бясьпеку нашай агульнай айчыны" - сказаў Лукашэнка. Паводле ягонага перакананьня, краіна мусіць вярнуць сабе статус ядзернай дзяржавы па шмат якіх прычынах. Перш за ўсё - з прычыны набліжэньня НАТА да межаў Беларусі. А таксама — з прычыны жаданьня некаторых краінаў СНД выйсьці з дамовы аб калектыўнай бясьпецы.

Адразу пасьля размовы з журналістамі Лукашэнка накіраваўся на сустрэчу з Яўгенам Прымаковым. Праўда, там размова пра ядзерную зброю ня мела працягу. Прынамсі, прэсавы сакратар Прымакова Тацьцяна Астраханкіна паведаміла, што абмяркоўваліся выключна пытаньні рэалізацыі інтэграцыйных пагадненьняў паміэ дзьвума краінамі.

Заўтра Лукашэнка возьме ўдзел у сустрэчы з журналістамі Расеі, Казахстану і Кыргызстану.

Між тым, пад час знаходжаньня Лукашэнкі ў Маскве інфармагенцыі распаўсюдзілі паведамленьніе, якое яго павінна ўзрадваць. Днямі ў міністэрстве юстыцыі Карэліі былор зарэгістраванае новае грамадзкае аб'яднаньне - "Клюб прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі".

Віктар Дзятліковіч, Масква

Камэнтар беларускіх палітыкаў:

(Мечыслаў Грыб, экс-сьпікер Вярхоўнага Савету Х11 скліканьня:) "Я лічу, што гэта вельмі і вельмі небясьпечна. Калі Расея верне ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі - гэта будзе супярэчыць нашай Канстытуцыі. Калі гэтая зброя вернецца - Беларусь камандваць гэтай зброяй ня будзе. Усе кнопкі ад гэтай зброі - у Расеі".

(Андрэй Саньнікаў, міжнародны каардынатар "Хартыі-97":) "Такія заявы ня толькі безадказныя, але і небясьпечныя. Лукашэнка ўжо ня першы раз цягнецца да ядзернай зброі, ён нават заяўляў, што ёсьць патэнцыял у нашых цэнтрах ядзерных даследваньняў, каб стварыць гэтую зброю, і я не выключаю такую магчымасьць. А расейскія навукоўцы ды вайсковыя сьпэцыялісты могуць у гэтым дапамагчы".

XS
SM
MD
LG