Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 лютага 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Дзесяткі журналістаў сабраліся сёньня ў штаб-кватэры БНФ, каб задаць свае пытаньні 20-гадоваму актывісту "Маладога фронту" Аляксею Шыдлоўскаму. Хлопец правёў паўтары гады ў турмах за тое, што напісаў на плоце "Прэзыдэнт, у адстаўку!".

Сёняшні дзень Шыдлоўскі пачаў удзелам у пікеце каля вязьніцы на вуліцы Кальварыйскай., дзе і зараз знаходзяцца палітычныя вязьні.

Пачалася прэсавая канфэрэнцыя незвычайна для падобных мерапрыемстваў - апладысмэнтамі.

(Шыдлоўскі:) "Па-першае, я хацеў бы сказаць усім вялікі дзякуй за падтрымку. Усім арганізацыям, такім, як "Вясна-96", "Хартыя-97", асабіста Людзміле Гразновай, арганізацыі "Малады фронт", Беларускаму Народнаму Фронту, Аб'яднанай грамадзянскай партыі, якія ўвесь час падтрымлівалі мяне як у матэрыяльным плане, так і ў маральным. Бяз гэтай падтрымкі я наўрад ці здолеў бы вытрымаць усе гэтыя васемнаццаць месяцаў турмы. Найбольш цяжка даваліся першыя месяцы, пакуль я гэтай падтрымкі не адчуваў. Была поўная ізаляцыя інфармацыйная".

З адказаў Шыдлоўскага склалася вельмі непрывабнае ўражаньне пра жыцьцё, якое спазнаў юнак. Нашыя турмы не выхоўваюць, а калечаць людзей, асабліва моладзь, фізычна і маральна. Парадкі ў турмах фактычна наводзяць крымінальныя аўтарытэты, альбо тыя арыштанты, якія знайшлі паразуменьне з адміністрацыяй. Сярод іх шмат былых міліцыянтаў. Правяраючыя камісіі, якія час ад часу наведваюць турму, становішча не паляпшаюць. На час гэтых "экскурсіяў" большасьць вязьняў заганяюць у вытворчую зону, каб у іх не было магчымасьці паскардзіцца.

"Рабскай" назваў Шыдлоўскі працу, якой займаюць зьняволеных. Зя яе нічога фактычна няплоцяць. Да таго ж, яна вельмі шкодная для здароў'я. У калоніі 15/1 Шыдлоўскага прымушалі працаваць на лакафарбавай вытворчасьці, дзе правілы бясьпекі не выконваюцца.

Навогул, на думку Аляксея, беларускія вязьні знаходзяцца па-за межамі закону.

(Шыдлоўскі:) "Правоў у зьняволеных няма ніякіх. Умовы не адпавядаюць ніякім міжнародным патрабаваньням. Людзі сядзяць ні за што — як пры Сталіне, калі саджалі "за каласкі". Зараз тыя часы вяртаюцца".

Як кажа Шыдлоўскі, супраць тых, хто змагаецца за свае правы, выкарыстоўваюцца жорсткія пакараньні. Напрыклад, у турме УЖ 15/1 ёсьць ізалятар, які знаходзіцца ў склепе, і тэмпература там - нуль градусаў. Два-тры тыдні знаходжаньня ў гэтай бетоннай яміне — і вязьню забясьпечаная не тое што прастуда, а сухоты. Між тым ізалятар не пустуе, бо шмат знаходзіцца незадаволеных.

Кранаючыся асабістых плянаў, Шьдлоўскі падцьвердзіў, што будзе працягваць вучобу і ня спыніць палітычнай дзейнасьці. Ён лічыць, што гэты год павінен стаць вырашальным у лёсе краіны.

(Шыдлоўскі:) " У мяне ёсьць спадзяваньні на гэта, бо тэрмін прэзыдэнцтва Лукашэнкі скончваецца. Я думаю, што яго проста заблякуюць пасьля ліпеня, і гэта будзе нам вельмі на руку".

Напрыканцы прэсавай канфэрэнцыі ў зале з'явіўся намесьнік старшыні "Маладога Фронту" Яўген Сrочка. Яго толькі што вызвалілі з ізалятару па Акрэсьціна, дзе ён правёў 10 дзён за ўдзел у маладзёвым шэсьці "Беларусь у Эўропу!". Скочка паведаміў журналістам, што супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа па 185 частка 4 артыкуле Крымінальнага кодэксу ("арганізацыя масавых беспарадкаў"). Справай будзе займацца вядомы сьледчы Магарыл, якому калісьці журналістка Ірына Халіп дала па твары за зьнявагу. Скочка сказаў: "Мяне папярэдзілі, што калі я буду хавацца, мяне адразу арыштуюць".

"Ціск і рэпрэсіі супраць моладзі працягваюцца, але мы гэтага не баімся" - падвёў вынік прэсавай канфэрэнцыі лідар "Маладога фронту" Павал Севярынец.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG