Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 лютага 1999 г.


Сёньня сіламі АМАПу былі затрыманыя 15 сябраў Цэнтральнай камісіі ў справе выбараў прэзыдэнта. Праз некалькі гадзінаў утрыманьня ў міліцыянскім пастарунку яны былі вызваленыя. Суды над сябрамі Цэнтрвыбаркаму адбудуцца ў панядзелак. На акцыю беларускіх уладаў зрэагавала сябра Эўрапарламэнту Элізабэт Шрёдэр.

Сёняшняе паседжаньне Цэнтравыбаркаму меркавалася правесьці ў памяшканьні Фэдэрацыі прафсаюзаў, пра што была папярэдняя дамоўленасьць з кіраўніком ФПБ Уладзімерам Ганчарыкам. Калі сябры выбаркаму сабраліся ля будынку ФПБ, ім абвясьцілі, што Фэдэрацыя праводзіць тэрміновае паседжаньне і памяшканьне прадаставіць ня можа. Старшыня Цэнтравыбаркаму Віктар Ганчар на гэта заявіў, што і спадар Ганчарык, як і "вэртыкальшчыкі", панясе адказнасьць за стварэньне перашкодаў у працы Камісіі. Пасежаньне было перанесена ў прыватную кавярню "Калізэй, што ў будынку Дома афіцэраў.

Мэтаю паседжаньня было зацьвярджэньне складу тэрытарыяльных камісіяў. Спадар Ганчар вельмі высока ацаніў падрыхтоўчую працу. Ён падкрэсьліў, што ўпершыню з 1996 году створаная агульнарэспубліканская канстытуцыйная структура. Паводле ягоных словаў, у склад тэрытарыяльных камісіяў увайшло 2 тысячы чалавек. У паседжаньні бралі ўдзел 15 сябраў Цэтравыбаркаму зь 19-ці. У тым ліку Віктар Ганчар, Барыс Гюнтар, Аляксандар Коктыш, Аляксандар Волчак, Іосіф Навумчык.

Пачалася руцінная праца. Былі зацьверджаныя склады тэрытарыяльных камісіяў Берасьцейшчыны, Віцебшчыны, Меншчыны. Раптам у памяшканьне ўварваліся некалькі дзесяткаў амапаўцаў. Віктар Ганчар папярэдзіў іх аб адказнасьці за супрацьзаконныя дзеяньні, выказаў пратэст супраць гвалтоўнай перашкоды працы канстытуцыйнага воргану. Але АМАПаўцы выконвалі загад.

Спачатку з памяшканьня былі выдаленыя журналісты. Карэспандэнта "Навінаў" Вадзіма Казначэева і супрацоўніцу "Беларускага рынку" Тацьцяну Каліноўскую вывелі пад рукі. Потым з будынку вывелі ўсіх пятнаццаць сябраў Цэнтравыбаркаму, пасадзілі іх у аўтобус і адвезьлі ў бліжэйшы аддзел міліцыі.

Асобы ў форме і ў цывільным перашкаджалі здымачнай групе ОРТ здымаць затрыманьне. Пасьля гэтага ў кавярню прыбыла каманда сапераў. Паводле іх словаў, яны атрымалі сігнал, што ў памяшканьні закладзенае выбуховае прыстасаваньне.

АМАПаўцы не дапускалі журналістаў у аддзел міліцыі, дзе трымалі сябраў выбаркаму. Праз некалькі гадзінаў журналісты здолелі зьвязацца па мабільным тэлефоне з затрыманым сябрам Цэнтравыбаркаму Аляксандрам Волчакам. Ён паведаміў, што ў аддзел міліцыі прыйшоў намесьнік пракурора Менску. Па зьвестках спадара Волчака, удзельнікаў паседжаньня абвінавачваюць у парушэньні грамадзкага парадку, і маюць намер прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці.

Як стала вядома, Старшыня Вярхоўнага савету сямён Шарэцкі і экс-прэмьер Міхась Чыгір сустрэліся з Часовым Павераным у справах ЗША ў Беларусі спадаром Лекокам. Апошні запэўніў суразмоўцаў, што ў бліжэйшы час будзе рэакцыя Дзярждэпартаманту ЗША на затрыманьне Цэнтравыбаркаму.

Юры Дракахруст, Менск

На затрыманьне сябраў Цэнтравыбаркаму адрэагавала дэпутат Эўрапарламэнту Элізабэт Шрёдэр.

Вось яе меркаваньне, выказанае па тэлефоне з Брусэлю.

(Шрёдэр:) "У мяне не хапае словаў, каб выказаць абурэньне тым, што робіцца на Беларусі. Гэта, на маю думку, прыпыняе ўсе спробы пераадоліць канстытуцыйны крызіс. І, напэўна, ня будзе далейшых перамоваў у гэтай справе. Гэткім чынам абыходзіцца з апазыцыяй нельга. Я мяркую, што цяпер павінна пачаць дзейнічаць АБСЭ. І гэтым разам беларускія ўлады сустрэнуцца з вельмі вострай рэакцыяй сусьветнай супольнасьці "

XS
SM
MD
LG