Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 лютага 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

24 лютага Нацыянальны Выканаўчы Камітэт разгледзеў законапраект "Аб альтэрнатыўнай вайсковай службе".

Яго падрыхтаваў камітэт па абароне, які ўваходзіць у склад "ценявага ўраду". Прадстаўляў дакумэнт старшыня гэтага камітэту генэрал Павал Казлоўскі. Генэрал узгадаў, што ўпершыню сутыкнуўся з законапраектам у 1993 годзе, калі ён яшчэ ўзначальваў штаб Міністэрства Абароны. Чатыры разы гэты дакумэнт выносіўся на сэсію Вярхоўнага Савету Х11 скліканьня і кожны раз у асноўным дэпутаты ад вэтэранскай арганізацыі не давалі яму хады. Маўляў, калі ён будзе прыняты, дык ня будзе каму служыць у войску. Спрабавалі заняцца гэтым пытаньнем і дэпутаты Вярхоўнага Савету Х111 скліканьня, калі парлямэнт працаваў яшчэ ў поўным складзе. Не хапіла энтузіязму і "палаце прадстаўнікоў" - тут законапраект перасоўвалі з камісіі ў камісію і на гэтым спыніліся.

Між тым, у мностве краінаў сьвету адпаведны закон існуе і дзейнічае, і зразумела чаму. У любой дзяржаве ёсьць людзі, якія з прычыны сваіх рэлігійных перакананьняў ці па іншых прычынах катэгарычна адмаўляюцца браць у рукі зброю. Пры гэтым яны не адмаўляюцца ад працоўнай дзейнасьці ў якасьці альтэрнатывы. Шмат такіх людзей і ў Беларусі. Законапраект, які разглядаўся на паседжаньні Нацыянальнага Выканаўчага Камітэту, па словах Паўла Казлоўскага, дае маладому чалавеку магчымасьць выканаць свае грамадзянскія абавязкі ў адпаведнасьці са сваім сумленьнем.

Сябры Нацыянальнага Выканаўчага Кмітэту аднагалосна ўхвалілі канцэпцыю законапраекту. Вырашана накіраваць яго палітычным партыям і розным моладзевым арганізацыям, каб атрымаць ад іх заўвагі і папраўкі. Вызначаны і тэрмін - да 1 красавіка сёлета. З улікам гэтых прапановаў Нацыянальны Выканаўчы Камітэт павінен зацьвердзіць законапраект канчаткова.

Пасьля гэтага наступае галоўнае: у справу ўключаюцца моладзь і бацькі. Згодна і з Канстытуцыяй 1994 году, і з лукашэнкаўскім "Асноўным законам", калі будзе сабрана 50 тысячаў подпісаў, дык можна выступаць з заканадаўчай ініцыятывай , якая разглядаецца ў пазачарговым парадку. Сябры Нацыянальнага Выканаўчага Камітэту ўпэўненыя, што неабходная колькасьць подпісаў даволі лёгка будзе сабраная.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG