Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 лютага 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Судзьдзя Ленінскага раёну гораду Бабруйску Юры Сушкоў папрасіў палітычнага прытулку ў Нямеччыне (эфір 23 лютага).

Судзьзя Сушкоў патлумачыў сваю просьбу аб прытулку пагрозаю ягонаму жыцьцю з боку ўладаў Беларусі. Юры Сушкоў лічыць, што яму могуць адпомсьціць за тыя абвінавачаньні, якія ён прад'явіў судовай сыстэме Беларусі і выканаўчай уладзе краіны. А напярэдадні ад'езду ў Нямеччыну Сушкоў правёў прэсавую канфэрэнцыю.

(Сушкоў:) "Я, судзьдзя Ленінскага раёну гораду Бабруйску Магілеўскай вобласьці Юры Сушкоў, быў прызначаны на пасаду ўказам прэзыдэнта ад 20 лістапада 1997 году. За час сваёй працы судзьдзём я пераканаўся, што ў Беларусі немагчыма вяршыць правасудзьдзе згодна з законам і сваёй прававой сьвядомасьцю. Судзьдзю фактычна прымушаюць стаяць не на ахове закону, а абараняць таталітарны рэжым".

У пацьверджаньне сваіх словаў Сушкоў выклаў наступныя факты. Ён узгадаў пра вядомы працэс у справе парушэньняў на бабруйскім гідролізным заводзе. Яму давялося старшыняваць на гэтым працэсе. І хоць ў яго склаліся перакананьні, што абвінаваемыя былі невінаватыя, пад ціскам зьверху давялося пакараць іх турмой. Ціск быў аказаны пасьля таго, як ён падзяліўся сваімі сумненьнямі з пракурорам. Спачатку быў тэлефонны званок з Магілеўскай пракуратуры. Потым — паведамленьне ад сьледчага, які падрыхтаваў гэтую справу, што яна знаходзіцца на кантролі ў самога прэзыдэнта. І нарэшце, ужо напярэдадні вынясеньня прысуду, да судзьдзі зайшоў цікавы наведнік.

(Сушкоў:) "З раніцы прыйшла група асобаў, у тым ліку і сьледчы Палевіч. Яны прыйшлі ў суд, а да мяне ў кабінэт падняўся адзін чалавек з гэтай групы, гадоў пяцідзесяці. Ён назваўся супрацоўнікам КГБ. І сказаў, што ў іх ёсьць інфармацыя, што абвінавачвных могуць апраўдаць. Таму ён папярэджвае, каб суд не адхіляўся ад абвінаваўчага заключэньня. Інакш "будзе дрэнна".

Гэтыя словы свайго наведніка добра запомніў судзьдзя Сушкоў. І зрабіў так, як ад яго патрабавалася. Цяпер ён у гэтым раскайваецца і заяўляе, што той прысуд трэба перагледзець.

Навогул Сушкоў сьцьвярджае, што беларуская судовая сыстэма - гэта частка рэпрэсіўнае сыстэмы, што засталася ў краіне з былых савецкіх часоў, а ў апошнія гады нават умацавалася. Працаваць сумленна ў гэтай сыстэме небясьпечна для жыцьця.

Сушкоў за год працы тры разы выносіў апраўдальныя прысуды, пасьля чаго трапіў у няміласьць. Ягоны непасрэдны кіраўнік папярэджваў яго, каб "не пагаршаў паказчыкі". А занальны судзьдзя, які курыруе Ленінскі раён, выказваўся яшчэ больш шчыра: "Ты што, хочаш, каб твае рукі пад нож трапілі?".

Сушкоў перакананы, што беларускія судзьдзі вельмі часта сваімі прысудамі пакрываюць нядобрасумленных сьледчых, якія быццам бы змагаюцца са злачыннасьцю, а на самой справе робяць "добрыя паказчыкі", кідаючы за краты невінаватых. Прызнаньні ў такіх "злачынцаў" выбіваюцца катаваньнем, сьцьвярджае Сушкоў, спасылаючыся на тое, што бачыў на свае вочы.

Між тым, ён ведае і такія факты, калі некаторыя судзьдзі спрабуюць змагацца з гэтай рэпрэсыўнай сыстэмаю. Але іх альбо звальняюць, альбо яны самі трапляюць за краты. Прозьвішча аднаго з такіх судзьдзяў — Раман Сівак, былы адміністрацыйны судззя Ленінскага раёна Бабруйску. Яго абвінавацілі ў хабары і кінулі за краты, аднак Сушкоў перакананы, што ён чэсны чалавек. Напярэдадні арышту Сівак сьцьвярджаў, што яму пагражаюць.

"Трэба прызнаць, што ў нас замест судзьдзяў прысуды выносяць тыя міліцыянты, якія арыштоўваюць людзей, і тыя дзяржаўныя асобы, якія аддаюць гэтыя злачынныя загады", - заяўляў журналістам бабруйскі судзьдзя Юры Сушкоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG