Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 лютага 1999 г.


Алесь Лазоўскі, Ганцавічы

У беларускай правінцыі праходзіць праца па стварэньні раённых камісіяў у справе арганізацыі выбараў прэзыдэнта, абвешчаных Вярхоўным Саветам Х11 скліканьня.

Сярод іншых мястэчак такая камісія ствараецца і ў Ганцавічах, што ў Берасьцейскай вобласьці. Але на самым пачатку працы ўсе вылучаныя ў яе склад сябры былі папярэджаныя мясцовым пракурорам за арганізацыю і ўдзел у антыканстытуцыйных дзеяньнях. Распавядае сябра камісіі, актывіст БНФ Мікола Занька.

(Занька:) "Мы сабралі восем заяваў па вылучэньню ў сябры камісіі ў справе выбараў прэзыдэнта, 447 подпісаў людзі паставілі. Адзін пратакол у нас прайшоў праз БНФ "Адраджэньне". Такім чынам, атрымоўваецца дзевяць чалавек. Гэта раённая камісія ў справе выбараў прэзыдэнта. Адзін сябра павінен прайсьці праз Беларускі Гельсінскі камітэт. Значыць, будзе дзесяць чалавек. Гэтыя заявы пададзеныя намі ў Цэнтарвыбаркам, Ганчару. У райвыканкаме ў мяне гэтыя заявы не прынялі, я ім адаслаў заказным лістом".

Заява дайшла, і на наступны дзень Заньку разам са старшынёй раённай Рады БНФ Лемяшэўскім выклікалі на нараду да старшыні раённай адміністрацыі Шуста. Акрамя яго там быў ягоны намесьнік, раённы пракурор і інспэктар райаддзелу міліцыі па грамадзкай бясьпецы. Кіраўнік адміністрацыі быў ляканічны.

(Занька:) "Мы доўга вас затрымліваць ня будзем, а выбары прэзыдэнта ў нас у 2001 годзе, цяпер гэта парушэньне закону - і гэтак далей".

Папярэджаньне было ў пісьмовай форме і мела стандартны зьмест: "Пракурор Ганцавіцкага раёну, малодшы дараднік юстыцыі Туравец, разгледзеўшы заяву Ганцавіцкай раённай Рады БНФ аб уключэньні яе прадстаўнікоў у склад раённай камісіі ў справе выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, устанавіў, што такія дзеяньні парушаюць артыкул 5 і 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у якіх рэглямэнтуюцца парадак і тэрміны выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. На падставе вышэйвыкладзенага афіцыйна папярэджваю аб недапушчальнасьці парушэньня закону і тлумачу, што ў выпадку парушэньня дзейнай Канстытуцыі вы будзеце прыцягнутыя да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці".

Акрамя іншага, было патлумачана, якая такая адказнасьць будзе ў будучым.

(Занька:) "Патрапіш да нас - там разьбярэмся, які артыкул да цябе прымяніць".

Пра тое, што гэтае папярэджаньне рыхтавалася хуткімі тэмпамі, сьведчыць і памылка ў ягоным афармленьні, якая дазваляе Заньку як мінімум на тыдзень яго ігнараваць.

(Занька:) "Датавана 28.02.99. Я да яго пайшоў, кажу, мне да 28-га вашае папярэджаньне ня дзейнічае, а ён кажа "Я памыліўся, ты выправі на 23-га", я ў адказ - "Выбачайце, але я вашыя дакумэнты ня маю права выпраўляць. Пайшоў і зноў вывесіў аб'яву пра выбары".

Занька дадаў, што падобнае папярэджаньне з падобнай памылкаю было ўручанае і старшыні раённай рады БНФ Лемяшэўскаму. Наступныя папярэджаньні будуць рыхтавацца больш уважліва, а колькі іх будзе - стане вядома ў найбліжэйшым часе.

Мой суразмоўца ня выключыў, што будуць папярэджаныя ўсе тыя, хто падпісаўся пад заявамі на карысьць цяперашніх выбараў.

(Занька:) "Мне Туравец паабяцаў, што будзе працаваць з кожным чалавекам, які падпісаў нам заяву. Гэта 447 чалавек. Больш у іх заняткаў няма!".

Калі прагноз спраўдзіцца, то насельніцтва Ганцавіцкага раёну можа прэтэндаваць на рэкорд па колькасьці пракурорскіх папярэджаньняў.

XS
SM
MD
LG