Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 лютага 1999 г.


Сёньня першы дзень на волі Аляксея Шыдлоўскага. Гутарку зь ім правёў наш карэспандэнт Алег Грузьдзіловіч.

(Шыдлоўскі:) "Усё аслабляе, вось калі ўпершыню зайшоў у краму, першыя сустрэчы зь людзьмі... Усё гэта даволі ўражвае. Цяжка адразу перайсьці да гэтага, але я думаю што адаптацыя адбудзецца вельмі хутка".

(Грузьдзіловіч:) А як праходзіць твой першы дзень на волі?

(Шыдлоўскі:) "Сёньня зранку пайшоў у міліцыю таму, што трэба было гэта зрабіць... Там мяне паставілі на улік і папярэдзілі, што калі за год, гэта значыць да 24-га лютага 2000 году тройчы зьдзейсьню адміністрацыйнае парушэньне, то мяне зноў вернуць у турму. Пакуль што не знайшоў свой пашпарт. Паеду заўтра яго шукаць у Менск. Невядома, дзе ён знаходзіцца, паколькі не атрымаў прапіскі. Адным словам бытавыя па большай частцы праблемы. Ну, і бачыўся з роднымі сваімі, зьезьдзіў у вёску, у якой шмат гадоў правёў у дзяцінстве, прайшоўся па ёй, сустрэўся з рознымі сябрамі і па фракцыі БНФ у Стаёпецкім раёне".

(Грузьдзіловіч:) Як сустракалі цябе твае сябры, што яны табе казалі?

(Шыдлоўскі:) "Пыталіся, як здароўе, як працаваць далей. У Стоўпцах арганізаваная камісія па выбарах прэзыдэнта, і яны спадзяюцца на маю дапамогу. Канешне, калі ўладжу ўсе бытавыя праблемы, дык безумоўна буду дапамагаць. Спрабую прыцягнуць да гэтай працы і сваю маладзёвую фракцыю".

(Грузьдзіловіч:) Ці бачыў ты тыя муры, на якіх былі напісаны вашыя антыпрэзыдэнцкія лёзунгі?. Што зь імі цяпер?

(Шыдлоўскі:) "Падчас паездкі па горадзе на бацькавым аўтамабілі бачыў іх. Некаторыя зь іх зацёртыя, некаторыя даволі добра відаць. Зьявіліся нават новыя пасьля таго".

(Грузьдзіловіч:) І што там напісана?

(Шыдлоўскі:) "Далоў прэзыдэнта... Стандартныя лёзунгі, якія пісалі і раней.

(Грузьдзіловіч:) Але іх ніхто цяпер не сьцірае?.

(Шыдлоўскі:) "Цяпер ужо на гэта зьвяртаюць менш увагі. Відаць і ня ловяць больш нікога".

(Грузьдзіловіч:) Ну, а дом? Якія ўражаньні ад дому?.

(Шыдлоўскі:) "За час маёй адсутнасьці дом зьмяніўся. Быў праведзены капітальны рэмонт. Поўнасьцю зьмянілася абстаноўка. Стаіць тэлевізар, які ў свой час быў куплены за грошы Паўла Шарамета, калі той сядзеў у сьледчым ізалятары ў Жодзіне і падараваны ў дзень нараджэньня".

(Грузьдзіловіч:) Я размаўляў з судзьдзём Лаўровым, і ён быў упэўнены, што пасьля гэтай гісторыі цябе і тваю сям'ю Захад абдараваў вялікай сумай грошай".

(Шыдлоўскі:) "Не, гэтая "вялікая сума грошай" заключалася ў дапамозе ад Людмілы Гразновай і Хартыі-97. Таксама, пасьля выхаду даў грошы Беларускі Народны Фронт. Як я пераканаўся прайшоўшыся па крамах, гэтая сума ў 2 мільёны рублёў - мізэр. Нічога за іх ня купіш, але я ўдзячны за гэтую падтрымку".

(Грузьдзіловіч:) Такім чынам, пачынаецца новае жыцьцё?

(Шыдлоўскі:) "Новае жыцьцё. Новыя крокі, але па старых маршрутах".

Заўтра а 10-й раніцы Аляксей прыме ўдзел у санкцыянаваным пікеце побач з турмой па вуліцы Кальварыйскай, а праз 2 гадзіны яго можна будзе знайсьці на канфэрэнцыі у сядзібе БНФ. "Рыхтуйце свае пытаньні",- перадае Шыдлоўскі сябрам і журналістам.

Алег Грузьдзіловіч, Менск.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG