Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 лютага 1999 г.


Вольная студыя.

Вядучы Міхась Скобла гутарыць з паэтам Леанідам Галубовічам.

-- Леанід, нашую гутарку мне б хацелася пачаць з твайго даўняга і дзіўнага жаданьня - чуць пародыі на свае вершы. Памятаю, калі ты яшчэ працаваў на тэлебачаньні, то пастаянна запрашаў аднаго вядомага на той час парадыста - з абавязковай умоваю - каб прагучалі пародыі на Галубовіча. Можа быць, гэта настальгія па нязлым крытычным слове?

-- Я люблю і цаню сур"ёзную крытыку, прынамсі ў свой адрас. На жаль, яе бывае ў сёньняшняй нашай літаратуры няшмат. Мажліва , толькі адзін я, як ты заўважыў, выступаю часам у нашым афіцыйным літартурным выданьні "ЛІМ" з нейкай крытыкай , часам і лабавой у адрас тых ці іншых нашых пісьменьнікаў. А можа, і ў адрас усёй нашай беларускай літаратуры. Памятаеш, закрануў самога класіка Янку Купалу, што было дзіўным дзівам, і я да сёньняшняга дня адчуваю нейкую няёмкасьць, таму што я якбы нарваўся на канфлікт , чапляючы прарока нашага. Я думаў, што тут жа выступяць у адказ з абаронай нашы пісьменьнікі, яны заклююць, задзяўбуць Галубовіча — як гэта, крануў такую сьвятыню беларускую. Не, ніхто не прамовіў ні слова. Апроч, як ні дзіўна, апазіцыянера, нашага апазыцыянера, Браніслава Спрынчана.

— І дзякуй Браніславу Спрынчану, што абараніў Янку Купалу ад нападак Леаніда Галубовіча. Ты згадаў зацемкі, якія сёньня чытаюцца з ахвотай і мы да іх яшчэ вернемся, але цяпер пра іншае. Ты вучыўся на Літартурных курсах у Маскве разам з чачэнскім паэтам Зэлімханам Яндарбіевым, які падчас расейскай акупацыі стаў палявым камандзірам і абараняў незалежнасьць сваёй радзімы са зброяй у руках. Як ты думаеш, з паўтысячы сяброў беларускага Саюзу пісьменьнікаў колькі б магло чыста тэарэтычна прыняць удзел у нацыянальным супраціве, калі б падобная экспансія адбылася б у адносінах да Беларусі?

-- Мабыць, у нас трошкі іншы мэнталітэт, нават я, пасьля зададзенага табой пытаньня, успомніўшы выступы Лукашэнкі , думаю, адказваць мне на гэтае пытаньне ці не адказваць. Раптам ён мне "павыдзірае ногі" назаўтра . І ўсё ж, калі быць меньш-больш шчырым, і адказваць суб'ектыўна, думаю, што ня больш як дзесяць чалавек, якія б маглі пайсці за зброяй на барыкады. Я нават сам няўпэўнены, ці пайшоў бы.

— Апошнім часам ты балянсуеш на мяжы паэзіі і прозы, пішучы свае " Зацемкі з левай кішэні". Незацяганае слова "зацемкі" адгукаецца у прасторы нечым зацемным, што бярэ за цемя. Прыгадваюцца і астаф'еўскія "Затеси". Літаратурныя творам аб'ёмам у адзін-два абзацы - зручнае чытво для сучаснага чалавека. Скажы, ці не шкада табе безьлічы сюжэтаў, вобразаў, дэталяў , раськіданых па зацемках?

-- Мабыць, я адкажу нечакана . Я пачаў пісаць гэтыя зацемкі , таму што пашкадаваў, што раськідваюся тым, што ёсць у мяне ў галаве - штодзённа, штохвілінна. Яно не фіксуецца ні на паперы, ні вусна , у размовах зь іншымі людзьмі , яно неяк мяне абцяжарвае ўнутрана. Таму я вырашыў пісаць зацемкі. А па-другое, паехаўшы у Маскву, на Вышэйшыя літартурныя курсы, — я якраз пакінуў тады , ці як у нас кажуць у народзе, завязаў з гарэлкай, — і мне было вельмі псіхалагічна цяжка вытрымліваць той стан, таму што там было столькі пісьменьнікаў з усёй Расіі, якія там толькі блявалі па калідорах, сам разумееш, як гэта было цяжка. Я пачаў пісаць гэтыя запісы , каб выказаць сваю ўнутраную пазіцыю да самога сябе і да сьвету, які мяне акаляе. Я не прэтэндую ў гэтых зацемках быць нейкім Шэкспірам ці Гамерам, я прэтэндую быць Галубовічам, які пражывае сённяшні дзень і апісвае гэты дзень. Калі праз пяцьдзесят гадоў, можа, нехта дастане кніжку, то прачытае, як калісьці, пры лукашэншчыне жылі людзі і такі беларускі пііт Галубовіч.

— Чытаючы тваю кнігу, Леанід, я спатыкнуўся на такім запісе: " Сёньня вечарам жонка насмажыла дранікаў - зь мясам, многа , пульхныя , сальныя , з падгарачкай і смятанай. О браткі мае, невыказны цымус па нашым часе. На добрых хвілін трыццаць абсалютна забыўся на прэзідэнта." Няўжо і сапраўды ўвесь час ты думаеш пра Лукашэнку?

-- Ведаеш, з таго часу, як яго абралі прэзідэнтам - я працаваў на тэлевізіі беларускай - і тут жа адчуў цяжар нейкі, які ўпаў на мяне. Многа сяброў, якія працавалі разам са мной, падтрымлівалі яго, верылі як у барацьбіта з карупцыяй . І гэты цяжар настолькі на мяне націснуў, што я адразу ж звольніўся — мабыць праз тыдзень ці праз два, калі ён прыйшоў да ўлады, хаця яшчэ толькі прыслалі Кісяля на нашае тэлебачаньне. І з таго часу я не пераставаў думаць, асабліва калі ён правёў гэты рэферэндум ганебны па сімволіцы і мове — гэта мяне настолькі закранула — як чалавека, як беларуса, што адчуў быццам прыйшоў нейкі вар'ят, які топча маё, майго бацьку , маці — усё, дзеля чаго я нарадзіўся на сьвет, раптам пачалі таптаць нейкімі бруднымі ботамі. За што, Бог ты мой?-- , я доўга ня мог адкараскацца ад гэтае думкі. Я сёньня, бачачы, як ён выпусціў усё пустое паветра зь сябе, сьмярдзючае, і пасуе перад апазіцыяй , я пачаў слухаць яго зь іроніяй. Жонка ня любіць, калі я ўключаю беларускую "Панараму" , а я заўсёды яе ўключаю , і калі ён выступае, заўсёды слухаю і атрымліваю задавальненьне , я хачу зразумець вось і такога чалавека.

— Леанід, ты не абцяжарваеш сваіх чытачоў шматтвор"ем. Чытаючы твае вершы, эсэ, адчуваеш, як аўтар пакутліва шукае патрэбнае слова, якбы адбывае радоўку радка , пазбаўляецца лішніцы. А ты можаш прымусіць сябе не пісаць?

-- Ад заўтрашняга дня, я абвяшчаю слухачам радыё Свабода: я кідаю пісаць і друкаваць вершы .

— Леанід, у сваіх зацемках ты раз-пораз закранаеш тэму сьмерці, як , напрыклад, у гэтай: "Кава і цыгарэты прымушаюць мяне памерці больш аптымістычна." І мне прыгадваецца на гэіты кошт думка Фазіля Іскандэра , які пісаў, што д'ябал дапільноўвае твор, у якім пісьменьнік рэфлексуе пра ўласны скон, хапае яго і бяжыць да свайго начальства: маўляў, ён сам пра гэта піша. Табе не боязна, што колькі ўжо тваіх зацемак ляжаць на стале перад тым начальствам?

— Я заўсёды хацеў разабрацца ў гэтым жыцьці па шчырасьці — сам з сабой , і для мяне было вельмі важна , для чаго я нарадзіўся і як я памру. Я да сьмерці адношуся, як ні дзіўна , як і да жыцьця — я пра яе разважаю , я хачу яе зразумець, хаця адчуваю і ведаю, што я гэтага не змагу. Але яна як магнітам прыцягвае мяне. Мне пяцьдзесят хутка гадоў, і, на мой погляд, чалавек , які дамагаецца разуменьня канца свайго жыцьця, мае на гэта права.

— Апошнім часам на Беларусі зноў зьявіліся вершы з-за кратаў. У "Нашай Ніве" друкуецца вязень Аляксей Шыдлоўскі. Я ведаю, у цябе нават ёсьць прысьвечаны яму верш . Мо, дашлеш з "Вольнай студыі" паэтычнае прывітаньне на Валадарку?

(Леанід Галубовіч чытае свой верш "Нянавісьць":)

Горе народу, если рабство не смогло его унизить.
Такой народ создан, чтобы быть рабом.
З афарызмаў П. Чаадаева.

Ненавіджу гэты час,
Што разьмежыў наша ў нас.
Ненавіджу.
Вось ідзе рукасты раб,
Вунь гурма гарластых баб,
Ненавіджу.

Род іх цёмны і вырод,
Што мянуецца народ,
Ненавіджу.
Вунь матляецца іх сьцяг,
Быццам п"яніца ў гасьцях,
Ненавіджу.

Там касьцёл, а тут царква ,
Хто ж - Варшава ці Масква -
Даканаюць?
Дзеці ж іхнія мяне
У негаблёванай труне
Закапаюць.

Хай напішуць: "Здесь лежит
Тот, кто рядом с нами жить
Ненавидел."

Гутарку з Леанідам Галубовічам вёў Міхась Скобла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG