Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 лютага 1999 г.


Валянцін Жданко, Менск

У доўгім прераліку кантрабандыстаў, якія апошнім часам спрабавалі незаконна вывезьці ў Расею дыфіцытнае ў Беларусі харчаваньне, нечакана зьявілася згадка пра Дэпартамант Зьнешніх сувязяў Беларускага Экзархату Расейскай праваслаўнае царквы.

Нядаўна ў Віцебску міліцыя затрымала два аўтамабілі, гружаныя 60 тонамі цукру. У выніку праверкі выявілася, што камэрсанты з менскай фірмы "Кантрагруп" спрабавалі вывезьці стратэгічныя ў сёняшняй Беларусі прадукты, карыстаючыся ліцэнзіяй, выдадзенай Беларускаму Экзархату. Паводле рашэньня суду, цукар канфіскавалі. Выявілася, што такім жа шляхам, з дапамогаю ліцэнзіі, узятай напракат у праваслаўнае царквы, цукар вывозілі і раней.

Хто з царкоўных іерархаў прыклаў руку да такога бізнэсу, і які прыбытак меў з гэтае камэрцыі Экзархат, засталося нявысьветленым. Натуральна, сама царква гандлюе беларускім харчаваньнем з Расеяй, карыстаючыся сваёй ліцэнзіяй, зусім легальна, на законных падставах.

Гэтая сытуацыя лішні раз сьведчыць пра тое, inj канфэсыйная роўнасьць і аддзеленасьць царквы ад дзяржавы ў сёняшніх беларускіх умовах — паняцьце вельмі ўмоўнае. Пра тое, што праваслаўная царква на Беларусі мае асаблівыя адносіны з уладаю і служыць для гэтай улады істотным апірышчам, — вернікі маглі здагадвацца і раней. Мітрапаліт Філарэт публічна падтрымліваў і падтрымлівае ўсе палітычныя ініцыятывы Лукашэнкі, накіраваныя і на ўсталяваньне ў краіне аўтарытарнага рэжыму, і на скасаваньне самой беларускай незалежнасьці.

Улада разьлічваецца за гэтае царкоўнае благаславеньне сваёй палітыкі ня толькі тым, што прэзыдэнцкая адміністрацыя і ўрад у дні галоўных праваслаўных сьвятаў са сьвечкамі ў руках слухаюць прамовы галоўнага праваслаўнага атэіста Лукашэнкі пад скляпеньнямі Сьвята-Духавага катэдральнага сабору. Кантакты іншага кшталту адбываюцца па-за сьценамі царквы, далёка ад вачэй і вушэй вернікаў. За сваю палітычную прыхільнасьць і ідэялагічнае спрыяньне царкоўныя функцыянэры просяць ад функцыянэраў сьвецкіх спрыяньня ў справах гандлёвых. Прычым найчасьцей размова ідзе пра мытныя альбо падаткавыя ільготы ў найбольш заманлівых, з пункту гледжаньня камэрцыі, сьфэрах бізнесу.

Напрыклад, у імпарце алгаголю і тытуню, альбо, як у апісаным выпадку, у вывазе ў Расею харчаваньня.

Аргуманты, якімі апраўдваюць свае дзеяньні царкоўныя камэрсанты, зьнешне як быццам слушныя. Праваслаўнай царкве няма за што аднаўляць разбураныя і будаваць новыя храмы. Разьлічваць на ахваяраваньні беларускіх вернікаў, большасьць зь якіх даведзеныя да жабрацкага стану, не выпадае.

Гэта, аднак, вельмі павярхоўны погляд на праблему. Шмат хто з тых, хто яшчэ ў 60-70 гады пераўтвараў цэрквы ў танцпляцоўкі і зернесховішчы, і сёньня пры ўладзе. Той самы сьцяг, які вывешвалі замест царкоўных званоў і абразоў, і сёньня вісіць над Домам ураду і над прэзыдэнцкай адvіністрацыяй. У царквы быў і застаецца іншы шлях для аднаўленьня разбураных храмаў — не прыніжальна прасіць ільготаў і ганьбіць сваю высокую місію сумнеўнымі камэрцыйнымі апэрацыямі, а патрабаваць, каб улада, якая адкрыта лічыць сябе пераемніцай савецкіх традыцыяў, сама аднавіла і вярнула культавыя будынкі ў тым выглядзе, у якім у свой час адабрала ў вернікаў.

Гэта, аднак, запатрабавала б ад праваслаўнае царквы зусім іншага погляду і на тое, што рабілася ў Беларусі ўчора, і на тое, што ў ёй творыцца сёньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG