Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 лютага 1999 г.


Гутарыў Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня з менскай турмы выйшаў на волю намесьнік старшыні "Маладога Фронту" Аляксей Шыдлоўскі, які правёў за кратамі паўтары гады. Улады зрабілі ўсё магчымае, каб ягонае вызваленьне не суправаджалася публічнай акцаяй. З Аляксеем Шыдлоўскім гутарыць наш карэспандэнт.

(Шыдлоўскі:) "Ну, ператрэслі паперы, матрас нават ператрэсьлі. Калі выходзіў — зноў учынілі ператрэс. Чыталі кожны ліст. Забралі фотакартку маю, дзе я ў турме сфатаграфаваўся, у робе. Вызвалілі мяне гвалтоўна. У 20 гадзінаў аператыўны Гарбацэвіч выклікаў да сабе пад прыдлогам размовы выхаваўчай. Нешта пачаў мямліць, мямліць. Прыйшоў канваір. Усё, кажа, пайшоў на выхад! Я кажу, у мяне ж там рэчы засталіся, тое-сёе, — Ды вынесьлі табе ўсё. Вывелі на КП. Там прышлося хвілін дваццаць пастаяць — пачакалі, пакуль усе разышліся (у пікеце стаяў "Малады Фронт"). І калі засталіся адны бацькі — далі каманду "Выпускай!". І выгналі, выпіхнулі ў сьпіну адтуль. І ўсё — выйшаў!"

(Грузьдзіловіч:) "А як ты сам тлумачыш, чаму цябе вось так раптоўна выпусьцілі?".

(Шыдлоўскі:) "Раптоўна мяне выпусьцілі па дзвюх прычынах. Першая прычына — яны перастрахоўваюцца. Цяпер да мяне амністыя ня можа быць прымнененая на працягу 10 гадоў. Другое — вельмі баяліся масавай акцыі. І ўвесь час пагражалі, каб я напісаў ліст, што ня трэба нічога, бо выклічуць АМАП, будуць біць усіх, заарыштуюць, а я траплю зноў да іх праз пяць хвілінаў...".

(Грузьдзіловіч:) "Ці былі такія выпадкі датэрміновага амніставаньня?"

(Шыдлоўскі:) "Сан Саныч Кашырын, міліцыянт, які там праслужыў дваццаць шэсьць гадоў ужо, працаваў яшчэ пры Брэжневе, кажа: "Ніколі не было ў мяне на памяці такога!".

(Грузьдзіловіч:) "Як навогул твае ўражаньні ад турмы?".

(Шыдлоўскі:) "Ну, розныя былі турмы, былі сьледчыя ізалятары, розныя і адносіны. Дзесьці білі, дзесьці ставіліся па-чалавечы, недзе былі ўмовы санітарныя горш, недзе - лепш... Але тое, што творыцца ў 15/1 — гэта поўны "беспредал" юрыдычны. Нельга там дамагчыся праўды. Ліст да пракурора, калі ты ня здолееш яго выслаць па "зялёнай" — праз бацькоў ці іншых родных — то гэты ліст згубіцца. Гэтак жа, як Кудзінаў колькі разоў адпраўляў лісты — гублялі. Апошнім часам яго там зусім заціснулі. Цяжка яму. Пад час апошняе нашае сустрэчы устроілі там аблаву, вылавілі яго, пазбавілі спатканьняў. Зьдзекваліся.".

(Грузьдзіловіч:) "А на што звычайна скардзяцца вязьні?"

(Шыдлоўскі:) "Скардзяцца на санітарныя ўмовы, на тое, што менш чым па метру даводзіцца на кожнага. Гэтыя трохярусныя нары... Трэці ярус знаходзіцца на ўзроўні трох з паловаю мэтраў. Каля зьвякнешся адтуль — ужо не зьбяруць. Скардзяцца на адносіны, бо як да людзей там не ставяцца. Прыходзіць кантралёр, начальнік — адразу крычыць "Казлы!".

(Грузьдзіловіч:) "Твая мэта цяпер — атрымаць пашпарт, а што далей? Чым зоймешся?".

(Шыдлоўскі:) "Атрымаць пашпарт, забраць дакуманты з БДУ, прапіска... Трэба ўладкавацца на працу ў незалежнай якой газэце... А ўвосень пачынаць вучобу. Ня ведаю, дзе, як — у Беларусі, за мяжой, завочна, у станыянары — гэта яшчэ невядома. Ну але плянаў шмат".

XS
SM
MD
LG