Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 лютага 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Суразмоўца нашага карэспандэнта — адвакат Тацьцяна Станкевіч, якая абараняла Шыдлоўскага ў судзе (эфір 20 лютага).

Так супала, што менавіта ў такія лютаўскія дні мінулага года ў Менскім абласным праходзіў працэс над Аляксеям Шыдлоўскім і Вадзімам Лабковічам. Як зараз, маразы зьмяняліся адлігай, і ў вокны суда ўсё часьцей зазірала сонца. Аднак хлопцы, што сядзелі на лаве падсудных, набліжэньне вясны наўрад ці адчувалі. Ва ўсялякім разе, гэтак мяркуе мая суразмоўца адвакатка Тацьцяна Станкевіч. Цытую: "Ужо першыя дні працэсу — АМАПаўцы з сабакамі, жалезная клетка, жорсткі тон суддзі Лаўрова — пераканалі майго абароннага, што на волю з суду ён ня выйдзе", — распавядае Тацьцяна Станкевіч. І далей, паводле ейнага меркаваньня, Аляксей абараняўся "аўтаматычна". Ад сваёй ранейшай пазыцыі ён не адступаў, паказаньняў не мяняў, але бачна было, што ў посьпех ён ня верыць.

А ці верыла ў посьпех абарона? Такому пытаньню адвакатка зьдзівілася.

(Станкевіч:) "Гэта быў узорна-паказальны працэс з мэтаю прадэманстраваць усім, якія наступствы чакаюць за падобныя дзеяньні. Аднак Шыдлоўскі і Лабковіч заяўлялі, што яны выказвалі палітычны пратэст. Між тым, у Крымінальным Кодэксе палітычных артыкулаў няма. Зразумела, што ім інкрымінаваліся крымінальныя артыкулы. Што, аднак, не мяняла палітычнай сутнасьці справы."

Тое, што віна хлопцаў у судзе была даказаная, адвакат дагэтуль ставіць пад сумнеў.

(Станкевіч:) "Я лічу, што віна гэтых хлопцаў даказаная не была. Іх яшчэ можна было прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці, хаця і тут з доказамі былі праблемы. Галоўны сьведка — супрацоўнік Стаўбцоўскай пажарнай аховы — так і ня здолеў пераканаць мяне, што бачыў, што менавіта Шыдлоўскі намалёўваў лёзунг на будынку райвыканкаму. Між тым сьведка заяўляў гэта вельмі пераканана. На маю думку, тут спрацаваў нейкі асабісты фактар. Паводле зьвестак, у гэтага сьведкі і ў Шыдлоўскага раней ня склаліся адносіны. Але ўсё роўна, нават калі і паверыць паказаньням сьведкі, інкрымінаваньне хлопцам 96-га артыкулу Крымінальнага Кодэксу ("Нанясеньне вялікай шкоды дзяржаўнай маёмасьці") — гэта яўнае перабольшваньне). Страты на зафарбаваньне надпісу — гэта грошы непараўнальныя з коштам будынку, а артыкул 96 выкарыстоўваецца, калі нанесеныя менавіта "значныя страты". Я лічу, што суд нават выйшаў за межы абвінавачваньня, што ляжыць цалкам на сумненьні суддзі Лаўрова."

Таксама з асаблівасьцяў таго працэсу яна адзначае манэру паседжаньняў суддзём, які дазваляў сабе такія выразы і заўвагі ў бок абвінавачаных, якія, на яе думку, ня мелі дачыненьня да справы.

(Станкевіч:) "Гэтую манэру я б назвала некарэктнай. І па маіх дадзеных, менавіта за гэта суддзя Лаўроў атрымаў потым заўвагу на пленуме Вышэйшага Суда. Але што з таго — суддзю пажурылі, але канечне ж, вынесены ім прысуд ніхто не адмяніў. Хаця мы і падавалі апэляцыю".

Працэс над Шыдлоўскім і Лабковічам завяршыўся 23 лютага, а ўжо праз некалькі месяцаў Тацьцяна Статкевіч абараняла ў судзе яшчэ аднаго актывіста "Маладога Фронту" — Вадзіма Кабанчука. А потым — студэнта Мухіна, якога ўлады гэтаксама абвінавачвалі ў хуліганстве за напісаньне антыпрэзыдэнцкіх лёзунгаў. Што гэта — сьвядомая спэцыялізацыя на абароне тых, каго перасьледуюць за палітычную дзейнасьць?

(Станкевіч:) "Калі шчыра, я не займаюся палітыкай, а зыходжу толькі з таго, што кожны чалавек мае права на абарону".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG