Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 лютага 1999 г.


Галіна Айзенштадт, Менск

Завяршаецца этап вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў.

Усяго па краіне было створана 24 562 выбарчыя акругі. Паводле дадзеных, якія паведамілі мне ў арганізацыйным аддзеле ЦВК Беларусі, кандыдаты ў дэпутаты вылучаныя па 22 296 акругах. Праўда, тут яшчэ не ўлічаныя тыя кандыдаты, якіх вылучылі за выхадныя дні і сёняшні, падкрэсьлілі ў аргаддзеле.

Але наўрад ці рэальна за тры дні набраць больш дзвюх тысячаў кандыдатаў. Дынаміка вылучэньня кандыдатаў сьведчыць пра недастатковую інтэнсыўнасьць выбарчай кампаніі. Да прыкладу, пасьля трох тыдняў вьлучэньня, кандыдаты зьявіліся толькі ў крыху больш чым палове акругаў. Калі нават за наступныя тры дні кандыдаты ў дэпутаты зьявяцца па ўсіх акругах, гэта ня будзе азначаць вырашэньня пытаньня.

Па-першае, шмат хто адсеецца пад час рэгістрацыі кандыдатаў — пэўна ж, парушэньні зноўдуцца. Па-другое, выбары павінны быць альтэрнатыўнымі, інакш — што гэта за выбары, пры наяўнасьці аднаго кандыдата?

Такім чынам, увачавідкі — параза ўладаў, якія надаюць вялікае значаньне выбарам у мясцовыя саветы як пачатку трохгадовага выбарчага цыклу. У наступным годзе — выбары ў заканадаўчы ворган, у 2001 — прэзыдэнта.

Назіраецца яўная пасыўнасьць насельніцтва. Згодна Закона аб выбарах мясцовых Саветаў, грамадзкім арганізацыям забаронена вылучаць сваіх кандыдатаў, а менавіта яны маглі б неяк актывізаваць грамадзянаў. Сёньня, згодна сацыяльнаму зрэзу, зробленаму самой ЦВК, вельмі мала моладзі і мамль няма рабочых і калгасьнікаў, якія пажадалі б стаць дэпутатамі, асабліва сельскіх і пасялковых Саветаў. Затое чыноўнікі, кіраўнікі прадпрыемстваў, дзяржаўных ворганаў вылучаюцца ахвотна, і галоўным чынам — у гарадзкія, раённыя і абласныя Саветы. Што таксама заканамерна, бо дэпутацкі мандат дае магчымасьць завязаць неабходныя дзелавыя сувязі, а пазьней зь лепшымі шанцамі балатавацца ў "нацыянальны сход".

Што датычыцца ўдзелу ў выбарах мясцовых Саветаў палітычных партыяў, дык актыўнасьць праявілі толькі тры зь іх — дзве камуністычныя і ліберальна-дэмакратычная.

А калі па нейкіх акругах кандыдаты ў дэпутаты так і ня вылучацца? Як патлумачыў мне сакратар ЦВК Іван Ліхач, падаўжэньне тэрміну вылучэньня новы закон аб выбарах не прадугледжвае (ранейшы дазваляў працягнуць яго на пяць дзён). Таму калі па шэрагу акругаў абвесьцяць другі тур выбараў, выбары прызначаць і па тых, дзе раней не былі вылучаныя кандыдаты.

XS
SM
MD
LG