Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 лютага 1999 г.


Іран-Беларусь: матывы супрацоўніцтва.
Камэнтар дырэктара Іранскай службы Радыё Свабода Стыва Фэрбэнкса, які шмат гадоў працаваў аналітыкам ў іранскіх справах Дзярждэпартамэнта ЗША.

Я думаю, што перш за усё Іран зацікаўлены доступам да тэхналёгіяў савецкіх часоў. У 1998 годзе іранцы пастанавілі перабудаваць сваё войска пасьля ірана-ірацкай вайны, прычым на базе савецкай тэхнікі. Прэзыдэнт, тады яшчэ Рафсанджані, езьдзіў у Мaскву, заключыў шырокія пагадненьні, паводле якіх у Іран пайшла ваенная тэхніка з Расеі, з іншых былых савецкіх рэспублік, напрыклад з Украіны, а таксама з усходнеэўрапейскіх краінаў. Я думаю, гэта безумоўна ёсьць часткаю задачаў і ў сувязях зь Беларусьсю.

-- Спадар Фэрбэнкс, апроч зброі, якую яшчэ мэту, па-Вашаму, мае Іран, завязваючы кантакты ў гэтай частцы сьвету?

-- У цэлым, Іран намагаецца выйсьці з ізаляцыі, палепшыць стасункі з большасьцю іншых краінаў сьвету. І па другое — Іран хоча збалансаваць, нешта супрацьпаставіць цяжкасьцям, якія ён зьведвае ў адносінах са Злучанымі Штатамі. І шукае сяброў па ўсім сьвеце, і я думаю, Беларусь таксам патрапляе ў гэтую катэгорыю.

-- Наколькі істотнаю для іранскіх уладаў ёсьць антызаходняя рэпутацыя беларускага рэжыму?

-- Я рэгулярна сачу за іранскай прэсай, і ня бачу, каб там надавалася нейкая ўвага Беларусі. Сёньняшняе інтэрвью не згадвалася ў іранскіх СМІ, я думаю, яны не зьвяртаюць шмат увагі на гэта. Іранскі ўрад даволі неаднародны. Але напэўна ёсьць цэлая група ў кіраўніцтве, якая лічыць, што трэба падтрымліваць сувязь з краінай, дзе ўлады праводзяць у нейкай ступені антыамэрыканскую палітыку. Дзеля таго, каб такім чынам раздражняць ЗША. Так думаюць некаторыя. Але іншыя, асабліва у міністэрстве замежных справаў, трымаюцца зусім іншых падыходаў. Таму палітыка, якую праводзіць Тэгеран, вельмі супярэчлівая.

XS
SM
MD
LG